ВІ́ННІЦА,

горад на Украіне, цэнтр Вінніцкай вобл., на р. Паўд. Буг. 380 тыс. ж. (1995). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (трактарныя агрэгаты, электратэхн. і радыётэхн. апаратура, падшыпнікі, інструменты і інш.), харч. (алейна-тлушчавая, плодакансервавая, мясная, спіртавая і інш.), лёгкая (абутковая, швейная, галантарэйная і інш.), дрэваапр. (лесаматэрыялы, дзелавая драўніна, паркет; вытв-сць мэблі) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, керамзіт, жалезабетонныя канструкцыі). Картаграфічная фабрыка. 3 ВНУ. 2 т-ры. 3 музеі (у т. л. краязнаўчы). Шматлікія аб’екты турызму.

Засн. ў 2-й пал. 14 ст. князямі ВКЛ Карыятавічамі. У 1395 уключана ў ВКЛ, пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Кароны. У 15—16 ст. неаднаразова спусташалася татарамі. У 1640 атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Расіі, цэнтр павета Брацлаўскага намесніцтва, з 1798 — Падольскай губ. Была значным гандл. цэнтрам Падоліі. З 1917 у складзе Украіны. У 1918—20 акупіравана ням.-аўстр. войскамі, белагвардзейцамі. З 1932 цэнтр вобласці. У Вял. Айч. вайну ў 1941—44 акупіравана ням. фашыстамі.

С.І.Сідор (гаспадарка).

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)