ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прадпрыемства (дзяржаўнае, грамадскае, кааператыўнае ці прыватнае), што ажыццяўляе падрыхтоўку і выпуск (выданне) кніг, газет, часопісаў, нот, плакатаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі. На Беларусі працуюць (1996) 1273 выдавецтвы, прадпрыемствы і арг-цыі з правам выдавецкай дзейнасці. Сярод іх 13 дзярж. выдавецтваў (бланкавыдавецтва «Белбланкавыд», «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, «Беларускі Дом друку», «Беларусь», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Міжвыдавецкі фотацэнтр», «Навука і тэхніка», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва»), 603 пры прадпрыемствах і арг-цыях з калект. формай уласнасці, 114 пры прыватных прадпрыемствах і арг-цыях, 56 пры грамадскіх арг-цыях, 27 пры НДІ, 26 пры навуч. установах, 20 пры рэліг. арг-цыях і інш. Пра выдавецтвы, якія дзейнічалі на Беларусі, гл. ў арт. Выдавецкая справа.
т. 4, с. 305
ВЫДАВЕ́ЦТВА ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ШКО́ЛЫ.
Існавала ў Вільні з 1921 да сярэдзіны 1930-х г. Засн. Таварыствам беларускай школы для выдання навуч.-пед. л-ры. Яму папярэднічала выд-ва Бел. школьнай рады. На пач. дзейнасці выпусціла падручнікі-чытанкі Л.Гарэцкай «Родны край» для 2—4-га класаў, «Праграмы для паступлення ў беларускія гімназіі», Я.Станкевіча «Паўкулі па-беларуску» і інш. З уздымам вызв. барацьбы працоўных Зах. Беларусі і звязаным з ім культ. рухам выд-ва пачало выпускаць драм. творы для самадзейнай сцэны гурткоў т-ва. У 1927—28 выдадзены вадэвіль «Модны шляхцюк» К.Каганца, п’есы М.Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі», аднаактоўка Маладога Дзядка (С.Новіка-Пеюна) «Ёлка Дзеда Мароза» і інш. Рэпрэсіі ўрада Польшчы супраць легальных формаў нац.-вызв. руху працоўных Зах. Беларусі прымусілі выд-ва спыніць сваю дзейнасць.
А.С.Ліс.
т. 4, с. 305
ВЫДАВЕ́ЦТВА «НА́ШАЙ НІ́ВЫ» Існавала ў Вільні ў 1907—13 пры газ. «Наша ніва». Выдавала маст., навук.-папулярную і с.-г. л-ру, календары. Выпусціла 2 зб-кі маст. твораў, надрукаваных у газ. «Наша ніва», перакладзеныя на бел. мову апавяданні «Гэдалі» Э.Ажэшкі і «Казку аб вадзе» Э.Беламі, брашуры «Як багацеюць чэшскія сяляне» Маліноўскага (пер. Зязюля), «Зямельная справа ў Новай Зеландыі» (пад крыптанімам «А.Б.»), «Цукер» В.Тройцы, 4 «Беларускія календары-кнігі» за 1910, 1911, 1912 і 1913. З 1912 выдавала час. «Саха». Спыніла дзейнасць у сувязі з заснаваннем на яго базе Беларускага выдавецкага таварыства.
А.С.Ліс.
т. 4, с. 305
ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,
сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.
т. 4, с. 305
ВЫДА́ТКІ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сукупныя затраты жывой і арэчаўленай працы на вытворчасць прадукту. Ва ўмовах таварна-грашовых адносін выступаюць у вартаснай (грашовай) форме. Адрозніваюць грамадскія выдаткі вытворчасці (уключаюць перанесеную вартасць выкарыстаных сродкаў вытв-сці і ўсю зноў створаную вартасць, раўняюцца кошту тавару і служаць аб’ектыўнай асновай планавых цэн) і грашовыя затраты прадпрыемстваў на вытворчасць тавараў (яны меншыя за іх вартасць, выступаюць у форме сабекошту прадукцыі, які ўключае выдаткі на спажытыя матэрыяльныя рэсурсы, аплату працы работнікаў, расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі). Велічыня грамадскіх выдаткаў вытворчасці залежыць ад эфектыўнасці сродкаў працы і ад прадукцыйнасці працы. Чым вышэйшая эфектыўнасць сродкаў працы і яе прадукцыйнасць, тым меншыя выдаткі грамадства на выраб прадукту. Зніжэнне выдаткаў прадпрыемства дасягаецца шляхам павышэння прадукцыйнасці працы, лепшага выкарыстання сыравіны, матэрыялаў і асн. вытв. фондаў, паглыблення спецыялізацыі і кааперавання, развіцця камбінавання. Важнейшымі фактарамі зніжэння выдаткаў вытворчасці прадпрыемства з’яўляюцца ўдасканаленне гасп. механізма, пераход да эканам. метадаў кіравання, ліквідацыя безгаспадарчасці.
т. 4, с. 305
ВЫДА́ТКІ ГАНДЛЁВЫЯ,
затраты гандл. прадпрыемстваў на камплектаванне, упакоўку, рэалізацыю тавараў і інш. Гл. таксама Выдаткі абарачэння.
т. 4, с. 306
ВЫДА́ТКІ ПАЗАВЫТВО́РЧЫЯ,
выдаткі, якія не ўваходзяць у вытв. сабекошт прададзеных тавараў. Напр., выдаткі рэалізацыі, агульныя і адм. выдаткі, выдаткі па выплаце працэнтаў і падаткаў, выдаткі гандл., трансп., збыту, захоўвання і інш.
т. 4, с. 306
ВЫ́ДАЧА ЗЛАЧЫ́НЦА,
экстрадыцыя, у міжнародным праве перадача злачынца дзяржавай, дзе ён знаходзіцца, дзяржаве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца або на тэрыторыі якой ён учыніў злачынства, для аддачы пад суд ці для выканання адносна яго суд. прыгавору. Умовы і парадак выдачы злачынца рэгламентуюцца міжнар. дагаворамі і нац. заканадаўствам. Паміж дзяржавамі СНД 22.1.1993 заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па цывільных, сямейных і крымін. справах. Рэспубліка Беларусь мае таксама пагадненне аб выдачы злачынца з Кітаем, Латвіяй, Літвой і Польшчай. Асобы, якія праследуюцца па паліт. матывах, выдачы не падлягаюць.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 306
ВЫДЗІМА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
выветрыванне верхняга слоя глебы разам з пасеяным насеннем, іншы раз і з усходамі. Часцей выдзімаюцца вясной палі, засеяныя яравымі збожжавымі, шматгадовымі і аднагадовымі травамі, радзей — пасевы азімых увосень. На Беларусі адзначаецца часам на тарфяных і пясчаных глебах. Гл. таксама Эрозія глебы.
т. 4, с. 306
ВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,
экскрэцыя, вывядзенне з арганізма канчатковых і прамежкавых прадуктаў метабалізму, чужародных, таксічных і залішніх рэчываў, вады, солей, газаў; частка абмену рэчываў. Забяспечвае аптымальны склад унутр. асяроддзя (гамеастаз) і нармальную жыццядзейнасць арганізма. У працэсе выдзялення ў пазваночных удзельнічаюць ныркі, стрававальна-кішачны тракт, лёгкія, шчэлепы, скура, слізістыя абалонкі, плацэнта (гл. Выдзяляльная сістэма). Асновай механізмаў выдзялення ў розных органах з’яўляюцца працэсы пераходу прадуктаў абмену рэчываў праз клетачныя мембраны з вобласці з больш высокай іх канцэнтрацыяй у вобласць з больш нізкай канцэнтрацыяй. У выдзяленні адрозніваюць 3 групы з’яў: выдзяленне вуглекіслаты ў знешняе асяроддзе ў газападобнай форме (у наземных жывёл); выдзяленне канчатковых прадуктаў азоцістага абмену (аміяк, мачавіна, мачавая кіслата, гуанін) і чужародных рэчываў, якія ўсмоктваюцца; рэгуляцыя асматычнага ціску ўнутр. асяроддзя арганізма праз выдзяленне вады і солей. У норме выдзяленне прадуктаў абмену прапарцыянальнае інтэнсіўнасці іх утварэння. Паміж органамі выдзялення існуюць функцыян. і рэгулятарныя ўзаемасувязі. У раслін адрозніваюць актыўнае выдзяленне — спецыялізаванымі залозамі або ўсёй паверхняй клетак і пасіўнае выдзяленне — змыванне і вышчалочванне ападкамі. Парушэнне выдзялення вядзе да павелічэння канцэнтрацыі рэчываў, якія выдзяляюцца ва ўсіх клетках арганізма, і абумоўлівае парушэнне іх нармальнага функцыянавання.
А.С.Леанцюк.
т. 4, с. 306