АТАРА́КСІЯ
(ад грэч. ataraxia спакойнасць),
паняцце стараж.-грэч. этыкі пра ціхамірнасць і душэўны спакой як мэту і форму паводзін. Ант. мысліцелі лічылі, што атараксія садзейнічае непрадузятаму роздуму. Калі матэрыялісты (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый) бачылі гэты шлях у пазнанні свету, пераадоленні страху і трывог, у дасягненні душэўнага спакою і ўнутранай гармоніі, то ў этыцы прыхільнікаў скептыцызму (Пірон) атараксія дасягаецца ўстрыманнем ад суджэнняў пра дабро і зло, ісціннае і памылковае, прымірэннем з рэальнасцю (гл. таксама Апатыя). Атараксія, узведзеная ў этычны прынцып, супярэчыць актыўнай, сацыяльна-дзейснай жыццёвай пазіцыі.
т. 2, с. 69
АТАРГА́ТЫС,
Дэркато, Атара Атаратэ, у заходнесеміцкай міфалогіі багіня ўрадлівасці і дабрабыту, адца з найб. шанаваных у арамейскім пантэоне, апякунка г. Пальміра. Атаясамлівалася з Афрадытай. Грэч. пісьменнік-сатырык Лукіян прысвяціў Атаргатыс трактат «Аб Сірыйскай багіні».
т. 2, с. 69
АТАРЭ́Я
[ад грэч. us (otos) вуха + rhoia цячэнне, выцяканне],
гноецячэнне з вуха, сімптом сярэдняга і вонкавага атытаў.
т. 2, с. 69
АТАСЕ́ЛЬСКІ Канстанты
(каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),
бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у тым ліку ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.Враніцкага, «Ладаіска» Л.Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані).
Г.І.Барышаў.
т. 2, с. 69
АТАЦЮ́РК
(Ataturk) Мустафа Кемаль (12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),
дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял. нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац. алфавіт і інш.
т. 2, с. 70
АТАШЭ́
(франц. attache літар. прымацаваны),
1) дыпламатычны ранг, які прысвойваецца супрацоўнікам міністэрстваў замежных спраў.
2) Штатная пасада ў пасольствах і місіях. У міжнар. дыпламат. практыцы існуюць спец. аташэ: гандлёвы, фін., ваенны, па пытаннях культуры, друку (прэс-аташэ) і інш. Усе аташэ ўключаюцца ў склад дыпламат. прадстаўніцтва і карыстаюцца дыпламат. прывілеямі.
т. 2, с. 70
АТА́ САЛІ́Х
(1.6.1908, с. Шардэн, каля г. Мары, Туркменістан — 26.12.1964),
туркменскі паэт. Народны паэт Туркменістана (1939). Заснавальнік жанру байкі ў туркм. л-ры («Леў і лісіца», 1945; «Смех гарбуза», «Шакал і певень», абедзве 1955). Аўтар зб-каў вершаў «Натхненне» (1947), «Лірыка і сатыра» (1957). Асн. тэмы творчасці — калгаснае будаўніцтва, абарона краіны, дружба народаў і інш.
т. 2, с. 69