Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЦЭТЫЛСАЛІЦЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,

аспірын, вытворнае саліцылавай кіслаты, мал. м. 180,2. Бясколерныя крышталі, tпл 141—144 °C, мала раствараецца ў вадзе (1:300), лепш у этылавым спірце (1:7). Атрымліваюць ацыліраваннем саліцылавай кіслаты воцатным ангідрыдам.

Процізапаленчы сродак з анальгетычнымі і гарачкапаніжальнымі ўласцівасцямі, выкарыстоўваецца пры рэўматызме, неўралгіях, ліхаманкавых захворваннях і інш. Хутка ўсмоктваецца са страўніка, звязваецца бялком сывараткі крыві (97%), выводзіцца ў асноўным праз ныркі. Уваходзіць у састаў камбінаваных лекаў (асфен, аскафен, цытрамон).

т. 2, с. 164

АЦЭТЫЛХАЛІ́Н,

воцатнакіслы эфір халіну, CH3COO(CH2)2NOH(CH3)3, арганічнае рэчыва, рэгулятар фізіял. функцый у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, спірце і інш. растваральніках. Ёсць у тканках чалавека, пазваночных і многіх беспазваночных жывёл, знойдзены ў некат. раслінных ядах.

Фізіял. значэнне ацэтылхаліну высветлена аўстр. вучоным О.Лёві (1921). Ацэтылхалін — хім. перадатчык нерв. імпульсаў у месцах кантактаў нерв. валокнаў з нерв. клеткамі (сінапсах) парасімпатычнай нерв. сістэмы і ў гангліях вегетатыўнай нерв. сістэмы. Бесперапынна сінтэзуецца пры ацэтыліраванні халіну з дапамогай ферменту ацэтылхалінтрансферазы, разбураецца з дапамогай ацэтылхалінэстэразы. Уведзены ў арганізм ацэтылхалін паслабляе сардэчную дзейнасць, запавольвае пульс, узмацняе дзейнасць гладкай мускулатуры бронхаў, страўніка, маткі і інш.

т. 2, с. 164

АЦЭТЫЛЦЭЛЮЛО́ЗА,

тое, што ацэтаты цэлюлозы.

т. 2, с. 164

АЦЯПЛЕ́ННЕ,

сістэма для абагравання памяшканняў у халодны перыяд года з мэтай кампенсацыі страт цяпла і падтрымання т-ры на пэўным зададзеным узроўні. Складаецца з крыніцы цяпла, цеплаправодаў і ацяпляльных прылад. Бывае мясцовае (пячное ацяпленне, электрычнае ацяпленне, газавае ацяпленне і інш.) і цэнтральнае (вадзяное ацяпленне, паравое ацяпленне, паветранае ацяпленне, панэльнае ацяпленне, прамянёвае ацяпленне і інш.). Пры мясцовым ауцяпленні крыніцы цяпла знаходзяцца ў памяшканнях, якія ацяпляюць; пры цэнтральным у памяшканні размяшчаюць ацяпляльныя прылады, а цепланосьбіты падаюцца з цэнтр. крыніцы (напр., цеплаэлектрацэнтралі). Цэнтральнае ацяпленне бывае і ў аднакватэрным доме (вадагрэйны кацёл размяшчаюць у дапаможным памяшканні або на кухні). Цеплавая магутнасць установак разлічваецца залежна ад прызначэння памяшкання і сярэдняй вонкавай т-ры самай халоднай пяцідзёнкі ў пэўнай мясцовасці (для Мінска -22 °C). Жылыя памяшканні павінны мець т-ру 18 °C, глядзельныя залы — 16 °C і інш. У вытв. памяшканнях прамысл. прадпрыемстваў пры пастаянным цеплавыдзяленні ад тэхнал. абсталявання магутнасць ацяпляльнай устаноўкі адпаведна зменшана. Гл. таксама Цеплазабеспячэнне.

В.Р.Баштавы.

т. 2, с. 164

АЦЯПЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для абагравання памяшканняў (ацяплення), разнавіднасць награвальных прылад. Найбольш пашыраны ацяпляльныя прылады, да якіх падаецца цепланосьбіт — вада (вадзяное ацяпленне), пара (паравое ацяпленне) або паветра (паветранае ацяпленне). Да іх адносяць радыятары, канвектары, каларыферы, прылады панэльнага або плінтуснага тыпу і інш. Ёсць ацяпляльныя прылады, дзе спальваюць газ (газавае ацяпленне) або эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую (электрычнае ацяпленне; звычайна выкарыстоўваецца як дадатковае). У сістэмах прамянёвага ацяплення функцыі ацяпляльлых прылад выконваюць сцены, столь, падлога або спец. панэлі (паверхні награвання ствараюцца пры размяшчэнні ў гэтых канструкцыях тонкіх трубаў, эл. кабелю, паветраводаў і каналаў).

т. 2, с. 164

АЧА́Г ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ,

вобласць у нетрах Зямлі, дзе адбываецца хуткае перамяшчэнне (удар) масаў уздоўж тэктанічнага разрыву і вызваленне назапашанай энергіі. Памеры ачагоў землетрасення ад дзесяткаў метраў да сотняў кіламетраў (пры магнітудзе 8,5), глыб. да некалькіх сотняў кіламетраў. Вялікія ачагі землетрасення звязаны з зонамі актыўных глыбінных разломаў у тоўшчы зямной кары або верхняй мантыі. Гл. таксама Эпіцэнтр.

т. 2, с. 164

А́ЧАДЗІ

(Acsdy) Ігнац (9.9.1845, г. Надзькарай, Венгрыя — 17.12.1906),

венгерскі гісторык. Чл.-кар. Венгерскай АН (1888). Аўтар прац па сац.-эканам. гісторыі феад. Венгрыі, у тым ліку «Землеўладанне ў Венгрыі 1494—1598» (1894), «Гісторыя венгерскага прыгоннага сялянства» (1906). Працы Ачадзі змяшчаюць вялікі фактычны матэрыял.

т. 2, с. 164

АЧА́КАЎ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс. ж. (1992). Марскі порт. Харч. прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.

У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст. вял князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.А.Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.П.Шмітам.

т. 2, с. 164

«АЧА́КАЎ»,

крэйсер расійскага Чарнаморскага флоту, каманда якога ўдзельнічала ў Севастопальскім паўстанні 1905. Спушчаны на ваду ў 1902, дабудаваны ў 1907. Пасля задушэння паўстання 41 чл. яго экіпажа і камандуючы рэв. флотам лейтэнант П.П.Шміт асуджаны. У 1907—17 крэйсер наз. «Кагул». З 1918 у складзе флоту войскаў белых. У 1920 разам з інш. караблямі Урангеля эвакуіраваны ў порт Бізерта (Туніс). Знаходзіўся ў страі да 1924.

т. 2, с. 164

Ачапоўскі Ян

т. 18, кн. 1, с. 339