Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЛЕ́Т (Milētos),

старажытнагрэчаскі горад у Іоніі, каля вусця р. Меандр у М. Азіі. Першыя тут паселішчы грэкаў вядомы з 16 ст. да н.э. У 14 ст. да н.э. буйны ахейскі горад-крэпасць. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў М. перасялілася новая хваля грэкаў — іанійцы (жыхары Атыкі, паводле інш. звестак — выхадцы з Піласа пасля ўварвання на Пелапанес дарыйцаў). У 8—6 ст. да н.э. буйны горад-дзяржава, гандл. (пасрэднік паміж еўрап. Грэцыяй і дзяржавамі Усходу), рамесніцкі (апрацоўка воўны, чаканка манет) і культ. цэнтр; адыгрываў вядучую ролю ў грэч. каланізацыі (засн. больш за 80 калоній, у т.л. Абідас, Кардыя, Сінопа, Ольвія, Пантыкапей і інш.). Росквіту дасягнуў у час тыраніі Фрасібула (каля 610—600 да н.э.). Тут была засн. Мілецкая школа. У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад уладай персаў, у 500 да н.э. ўзначаліў антыперс. паўстанне іанійскіх гарадоў, пасля задушэння якога (494 да н.э.) разбураны персамі, з 479 адбудоўваўся. У 478 увайшоў у Дэлоскі саюз. Пасля Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. зноў залежаў ад персаў, у 334 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 129 да н.э. пад уладай Рыма.

У канцы 5 ст. да н.э. М. набыў рэгулярную планіроўку паводле т. зв. сістэмы Гіпадама, якая ўяўляла сабой адзін з лепшых узораў ант. горадабудаўніцтва. Археал. раскопкі выявілі, што ў эліністычна-рым. час цэнтр горада складалі 3 плошчы-агоры (рынкі): паўночная (забудоўвалася з канца 4 ст. да н.э.; каля яе дом для сходаў — булеўтэрый, свяцілішча Апалона Дэльфінія, будынак гімнасіі, тэрмы Фаўсціны і інш.), паўднёвая (забудоўвалася з 3 ст. да н.э.; манум. вароты), заходняя (позні элінізм; каля яе храм Афіны, тэатр на 45 тыс. чал.). У М. — візант. сабор 5—6 ст. н.Э., гал. помнік мусульм. перыяду — мячэць Ільясбея (1403).

Літ.:

Кобылина М.М. Милет. М., 1965.

Руіны тэатра ў Мілеце. 2 ст.

т. 10, с. 371

МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),

старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).

В.І.Боўш.

т. 10, с. 372

МІЛІ... (ад лац. mille тысяча), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10​−3 зыходным адзінкам. Пазначаецца м. Напр., 1 мВт (міліват) = 10​−3 Вт, 1 мКл (мілікулон) = 10​−3 Кл.

т. 10, с. 372

МІЛІГРА́М (ад мілі... + грам),

дольная адзінка масы. Пазначаецца мг. 1 мг = 10​−3 г, = 10​−6 кг.

т. 10, с. 372

МІЛІГУ́ЛА (Мікалай Паўлавіч) (н. 7.11.1936, Мінск),

бел. спартсмен і трэнер (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1968). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). У 1954—86 спартсмен-інструктар ЦСКА, выкладчык Вышэйшага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча (Мінск); у 1986—91 трэнер нац. каманды Беларусі па спарт. гімнастыцы. У 1977—80 старшыня Федэрацыі гімнастыкі Беларусі. Сярэбраны прызёр XVII Алімл. гульняў (1960, Рым) у камандным першынстве. Чэмпіён СССР (1960) у практыкаваннях на брусах. Шматразовы чэмпіён Беларусі (1955—67). Сярод выхаванцаў — Н.Кім, А.Малееў (сярэбраны прызёр XX Алімп. гульняў, 1972). З 1991 у ЗША, трэнер па гімнастыцы.

т. 10, с. 372

МІЛІ́ДАЎСКАЯ ГАРА́.

На паўн. ускраіне в. Мілідаўшчына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.; найвышэйшы пункт Ашмянскага ўзвышша. Выш. 320 м. Складзена з марэннага суглінку, валуннага галечніку і пяскоў, у ніжняй і сярэдняй ч. покрыва з пылаватых суглінкаў. Вяршыня з выпуклымі схіламі, стромкасць якіх на ПнЗ да 35°, на Пд — да 10°. Глебы дзярнова-падзолістыя. Прывяршынная ч. ўкрыта лесам, сярэдняя і ніжняя пад ворывам.

т. 10, с. 372

МІ́ЛІКЕН ((Millikan) Роберт Эндрус) (22.3.1868, г. Морысан, штат Ілінойс, ЗША — 19.12.1953),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Нац. АН ЗША (1915). Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Вучыўся ў Калумбійскім і Чыкагскім ун-тах (д-р філасофіі, 1895). З 1896 у Чыкагскім ун-це (з 1910 праф.), у 1921—45 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па атамнай фізіцы, спектраскапіі і фізіцы касм. прамянёў. З вял. дакладнасцю вызначыў зарад электрона (1910—13), эксперыментальна праверыў квантавую тэорыю фотаэфекту і ўпершыню вызначыў пастаянную Планка (1914). Выканаў грунтоўныя даследаванні па высвятленні прыроды касм. прамянёў (1921—22). Адкрыў незалежна ад С.М.Вярнова шыротны эфект касм. прамянёў у стратасферы. Нобелеўская прэмія 1923.

Тв.:

Рус. пер. — Электроны (+ и -), протоны, фотоны, нейтроны и космические лучи. М.; Л., 1939.

Літ.:

Кудрявцев П.С. История физики. 2 изд. М., 1971. Т. 3. С. 121—126.

А.І.Болсун.

Р.Мілікен.

т. 10, с. 372

МІЛІМЕ́ТР (ад мілі... + метр),

дольная адзінка даўжыні. Пазначаецца мм. 1 мм = 10​−3 м.

т. 10, с. 372

МІЛІМЕ́ТР ВАДЗЯНО́ГА СЛУПА́ устарэлая пазасістэмная адзінка ціску, роўная гідрастатычнаму ціску слупа вады вышынёй 1 мм на плоскую аснову пры т-ры 0 °C. Пазначаецца мм вадз. сл. 1 мм вадз. сл. = 9,80665 Па = 7,3556 10​−2 мм рт. сл. Выкарыстоўвалася пры вымярэнні ціску вадзянымі манометрамі.

т. 10, с. 372

МІЛІМЕ́ТР РТУ́ТНАГА СЛУПА́,

устарэлая пазасістэмная адзінка ціску, роўная гідрастатычнаму ціску слупа ртуці вышынёй 1 мм на плоскую аснову пры т-ры 0 °C. Пазначаецца мм рт. сл. 1 мм рт. сл. = 133,322 Па = 13,5951 мм вадз. сл. Выкарыстоўвалася для вымярэння атм. ціску.

т. 10, с. 372