Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ СПАДАРО́ЖНІКАВАЙ СУ́ВЯЗІ (ІНТЭЛСАТ). Створана ў 1973. Яе членамі з’яўляюцца больш за 150 дзяржаў. Умова для ўдзелу ў яе рабоце — членства ў Міжнародным саюзе электрасувязі. Асн. мэта арг-цыі: прадастаўленне на камерцыйнай аснове карыстання спадарожнікамі сувязі і звязаным з імі абсталяваннем, неабходным для забеспячэння высокай якасці і надзейнасці паслуг міжнар. грамадскай карэспандэнцыі ва ўсіх раёнах свету. Кіруючыя органы ІНТЭЛСАТ — Асамблея бакоў, Нарада ўдзельнікаў, Савет кіраўнікоў і Выканаўчы орган. Штаб-кватэра ў Вашынгтоне.

т. 10, с. 338

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУСІ́СТАЎ (МАБ). Створана 21.5.1991 у Мінску. Вышэйшы орган — Міжнар. кангрэс беларусістаў

(раз у 4 гады). Выканаўчы орган — Міжнар. к-т беларусістаў, які працуе на базе Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.Скарыны. Аб’ядноўвае каля 600 беларусістаў, у т.л. амаль 200 з 23 замежных краін. Прэзідэнт МАБ А.В.Мальдзіс. Падтрымлівае кантакты і сувязі з беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, л-рай. Праводзіць міжнар. канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, «круглыя сталы». Выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 1996, адсылаецца ў 19 краін свету) і штогоднік «Беларусіка = Albaruthenika» (з 1993). Выдадзены кнігі: «Матэрыялы I Міжнароднага кангрэса беларусістаў і Юбілейнай сесіі АН Беларусі, прысвечанай 500-годдзю з часу нараджэння Ф.Скарыны» (кн. 1, 1993),

«Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў» (кн. 2, 1993), «Культура беларускага замежжа. Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні» (кн. 5, 1995), «Беларусь паміж Усходам і Захадам» (кн. 6, ч. 1—2, 1997) і інш.

З.В.Шыбека.

т. 10, с. 338

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ ЕЎРО́ПЫ, Міжнародная асацыяцыя па сучаснай гісторыі Еўропы,

міжнароднае аб’яднанне гісторыкаў, створанае для развіцця выкладання і даследаванняў у галіне сучаснай гісторыі Еўропы (пасля 1789) і супрацоўніцтва з гэтай мэтай з нац. і міжнар. навук. арг-цыямі. Засн. 30.11.1968 у г. Страсбур (Францыя) як Еўрап. асацыяцыя па сучаснай гісторыі (сучасная назва з 1980). Аб’ядноўвае (1999) вучоных больш як 30 краін. Членства ў Асацыяцыі індывід. і калектыўнае. Асн. форма дзейнасці — правядзенне канферэнцый (адбываюцца кожныя 2 гады), калёквіумаў і круглых сталоў. Штаб-кватэра асацыяцыі ў г. Жэнева (Швейцарыя). Друкаваныя органы — час. «Bulletin de liaison et d’information» («Бюлетэнь сувязі і інфармацыі») i «Guide de la recherche en histoire contemporaine» («Гід у вывучэнні сучаснай гісторыі»).

У.С.Кошалеў.

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАЗВІЦЦЯ́ (МАР; International Development Association),

філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Створана ў 1960 для прадастаўлення крэдытаў і пазык на льготных умовах краінам, якія сталі на шлях развіцця. МАР мае свой статут, але фактычна кіруецца банкам. Структура МАР: савет кіраўнікоў, выканаўчы дырэктарат, прэзідэнт. Склад савета кіраўнікоў і выканаўчага дырэктарата той жа, што і ў банка. Адм. дзейнасць ажыццяўляе па сумяшчальніцтве персаналам банка. Месцазнаходжанне — Вашынгтон.

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),

міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.

МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т.л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).

Г.А.Маслыка.

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАГРА́МА (МБП; International Biological Program),

комплекс даследаванняў біял. прадукцыйнасці экалагічных сістэм, праблем аховы прыроды, адаптацыі чалавека да розных умоў жыцця і інш. Праведзена ў 1964—72 паводле зацверджаных Ген. асамблеяй МБП асн. кірункаў даследаванняў: прадукцыйнасць наземных, прэснаводных і марскіх згуртаванняў, прадукц. працэсы, выкарыстанне і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, адаптацыя чалавека, ахова ўнутр. вадаёмаў, ахова і вывучэнне балот і тарфянікаў. У МБП удзельнічалі вучоныя больш як 100 краін, у т.л. Беларусі (ін-ты Аддзялення біял. навук Нац. АН Беларусі, БДУ і інш.), якія правялі даследаванні па біяцэналогіі, экалагічнай энергетыцы, ахове прыроды і інш. Пераемніца МБП — праграма «Чалавек і біясфера».

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА (МГП; International Chamber of Commerce),

няўрадавая міжнар. арг-цыя. Засн. ў 1919. Аб’ядноўвае гандл. палаты каля 100 краін. Месцазнаходжанне — Парыж. Садзейнічае паляпшэнню эканам. адносін паміж краінамі, устанаўленню дзелавых кантактаў і ўзаемаразумення, забяспечвае аднастайнае тлумачэнне асн. правіл міжнар. гандлю. Пры МГП дзейнічаюць Міжнар. арбітражны суд і Бюро сувязі з ААН і яе спецыялізаванымі ўстановамі. Рашэнні МГП носяць рэкамендацыйны характар.

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ ГРАМА́ДСКАЯ СЛАВЯ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ навукі, адукацыі, мастацтваў і культуры (МГСА). Створана ў 1992 у Маскве па ініцыятыве прадстаўнікоў краін СНД. Прэзідэнт Б.Іскакаў. Штаб-кватэра і кіруючыя органы МГСА у Маскве. Складаецца з 7 аддзяленняў прыродазнаўча-навук. і 13 гуманітарна-сац. профілю. Мае рэгіянальныя прадстаўніцтвы і бел. аддзяленне, якое ўтворана ў 1993 (перарэгістравана ў 2000). Яго членамі з’яўляюцца дзеячы навукі і культуры: мастакі, пісьменнікі, кампазітары, акцёры, балетмайстры, дырыжоры, кінарэжысёры. Прэзідэнт Бел. аддзялення МГСА акад. Нац. АН Беларусі В.М.Гурын. Асн. кірункі дзейнасці МГСА — вывучэнне міжслав. культ. сувязей, этнагенезу слав. народаў, арганізацыя і правядзенне сумесных навук. даследаванняў, канферэнцый і інш.

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖАНЧЫ́Н (МДФЖ),

масавая дэмакратычная арг-цыя, якая аб’ядноўвае жанчын свету «для сумеснай барацьбы ў імя заваявання і абароны сваіх правоў грамадзян, маці, працоўных, у імя шчасця дзяцей, забеспячэння міру, дэмакратыі і нац. незалежнасці» (Статут МДФЖ). Створана 1.12.1945 у Парыжы на Міжнар. жаночым кангрэсе. У 1999 у МДФЖ уваходзілі больш за 130 нац. арг-цый больш як 100 дзяржаў. Актыўна ўдзельнічае ў руху прыхільнікаў міру. Вышэйшы орган — з’езд (у ліст. 1998 у Парыжы адбыўся XII з’езд МДФЖ). З’езд выбірае прэзідэнта МДФЖ (з 1998 С.Жан, Францыя) і Кіруючы к-т, які кіруе арг-цыяй паміж з’ездамі. Штаб-кватэра МДФЖ (Кіруючы к-т і Сакратарыят) знаходзіцца ў Парыжы (да 1989 — у Берліне).

т. 10, с. 339

МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаны Бел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.

У.Я.Рошчын.

т. 10, с. 339