Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУ́РАЧКІН (Павел Аляксеевіч) (19.11.1900, в. Горнева Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 27.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1940). 3 ліп. 1941 камандуючы 20-й арміяй у складзе Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі на тэр. Беларусі; удзельнічаў у Смаленскай бітве 1941, са жн. 1941 камандуючы 43-й арміяй, прадстаўнік Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання, камандуючы, нам. камандуючага Паўн.-Зах., 1-м Укр., 2-м Бел. франтамі. Да 1970 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

П.А.Курачкін.

т. 9, с. 44

КУ́РАЧКІН (Уладзімір Акімавіч) (н. 7.5.1922, г. Астрахань, Расія),

расійскі акцёр, рэжысёр аперэты, педагог. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Уральскі ун-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1962). З 1946 акцёр, з 1963 гал. рэж. Свярдлоўскага т-ра муз. камедыі, у 1986—88 — Маскоўскага т-ра аперэты, у 1990—97 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Пермскага опернага т-ра. У 1964—74 выкладаў ва Уральскай кансерваторыі, з 1988 праф. Маскоўскага ун-та культуры. Сярод пастановак: у Свярдлоўскім т-ры — опера «Арабела» Р.​Штрауса, аперэты «Севастопальскі вальс» К.​Лістова, «Белая ноч» Ц.​Хрэннікава, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.​Мурадэлі, «Гары, гары, мая зорка» С.​Пажлакова, «Цудоўная Алена» Ж.​Афенбаха, «Хэло, Долі!» Дж.​Германа, «Учора скончылася вайна» В.​Ільіна (залаты медаль імя А.​Папова, 1986); у Пермскім т-ры — опера «Скупы рыцар» С.​Рахманінава (1998).

т. 9, с. 44

КУ́РАЧКІН (Юрый Андрэевіч) (н. 13.5.1950, г.п. Свіслач Гродзенскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў новы метад рашэння задач рэлятывісцкай кінематыкі, заснаваны на сувязі алг. кватэрніёнаў і бікватэрніёнаў з геаметрыяй прастораў Лабачэўскага. Разам з інш. даў тлумачэнне прыроды выраджэння спектраў энергій задач Кеплера ў прасторах пастаяннай крывізны.

Тв.:

Кватернионы в релятивистской физике. Мн., 1989 (разам з А.​В.​Бярэзіным, Я.​А.​Талкачовым).

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 44

КУРАЧЫ́ЦКАЯ (Тамара Мікалаеўна) (н. 28.3.1949, г.п. Калінава Папаснянскага р-на Луганскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1975 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. У 1993—96 выкладала ў маст. школе-ліцэі ў Мінску. Працуе ў галіне керамікі. Творы вызначаюцца абагульненасцю і стылізаванасцю пластычных форм, спалучэннем натуральнай фактуры матэрыялу з ангобнай размалёўкай. Аформіла інтэр’еры праф.-тэхн. вучылішча мантажных і спец. работ № 31 у Мінску (1979—80), дзіцячых садкоў № 31 у Барысаве (1981) і № 401 у Мінску (1983), загс у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. (1990—91) і інш. Сярод станковых твораў: дэкар. пластыка «Сны зімовага лесу» (1987), вазы «Нектар» (1980), «Палессе» (1987), дробная пластыка.

Т.Курачыцкая. Керамічнае пано «Юнацтва» ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы мантажных і спецыяльных работ № 31 у Мінску. 1979—80.

т. 9, с. 44

КУРАШКЕ́ВІЧ ((Kuraszkiewicz) Уладзіслаў) (н. 22.2.1905, г. Уладава, Польшча),

польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1948), Польскай АН (1967). Скончыў Львоўскі ун-т (1929). З 1936 праф. Люблінскага, з 1950 — Пазнанскага ун-таў. Навук. працы ў галіне славістыкі, польск. і ўсх.-слав. дыялекталогіі і гісторыі мовы. Даследаваў асаблівасці пераходных укр.-бел. і ўкр.-рус. гаворак: «З даследаванняў паўночна-ўкраінскіх гаворак» (1931), «Да пытання канчатка 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга часу -ті ў беларускіх і паўночна-рускіх гаворках» (1935), «Найважнейшыя моўныя з’явы ў гаворках паміж Бугам і Нарвай» (1939), «Усходнеславянскія мовы» (1954), «Нарыс усходнеславянскай дыялекталогіі» (2-е выд. 1963), «Беларускія і ўкраінскія тэндэнцыі ў гаворках наваколля Белавежскай пушчы» (1964), «Украінскія і беларускія дыфтонгі і іх рэдукцыя ў гаворках ад Сана да Нарвы» (1978), «Ненаціскныя галосныя о—е ў адносінах да дыфтонгаў і іх рэдукцыі ў беларускіх і ўкраінскіх дыялектах ад Нарвы да Сана» (1983).

А.​А.​Кожынава.

т. 9, с. 44

КУРА́-АРА́КСІНСКАЯ НІЗІ́НА У Закаўказзі, у Азербайджане, у ніжнім цячэнні рэк Кура і Аракс. На У абмываецца Каспійскім м. Даўж. 250 км, шыр. 150 км. Выш. каля 200 м, у сярэдняй і ўсх. частках ніжэй узр. акіяна. Алювіяльна-акумулятыўная раўніна. У аснове — Ніжнекурынскі сінклінорый. Радовішчы нафты. Рэльеф ускладнены конусамі вынасу рэк, грывамі, паніжэннямі («чалы»), узгоркамі з гразевымі вулканамі. Клімат сухі субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. 1,3—3,6 °C, ліп. 25—28 °C. Гадавая колькасць ападкаў 200—400 мм. Глебы шэразёмныя і бурыя, шмат саланчакоў і саланцоў. Палыновыя і салянкавыя паўпустыні, выкарыстоўваюцца як зімовыя пашы. На арашальных землях вінаграднікі, сады, вырошчваюць бавоўнік. Асобныя часткі К.-А. н.: Карабахская, Муганская, Шырванская, Мільская раўніны.

т. 9, с. 40

КУ́РА-АРА́КСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

культура плямён Закаўказзя эпохі ранняй бронзы (3-е тыс. да н.э.). Назва ад помнікаў, адкрытых у бас. р. Кура і Аракс. Арэал К.-А.к. ўключае таксама ўсх. Анатолію, Дагестан, Чэчню, Інгушэцію, частку паўн. Асеціі. Характарызуецца аселасцю насельніцтва, паселішчамі са своеасаблівай архітэктурай (круглыя і прамавугольныя дамы), глянцаванай керамікай з рэльефным спіральна-канцэнтрычным і разным арнаментам, глінянымі перасоўнымі агнішчамі. Асн. заняткам насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля, развівалася металургія бронзы і металаапрацоўка. Існавалі сувязі з плямёнамі майкопскай культуры Паўн. Каўказа.

т. 9, с. 40

КУРБАННЕПЕ́САЎ (Керым) (26.10.1929, аул 1-ы Геок-Тэпе Геок-Тэпінскага р-на, Туркменістан — 1.9.1988),

туркменскі паэт. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Туркменскі ун-т (Ашхабад, 1961). Друкаваўся з 1946. Першы зб. вершаў — «Крыніца маёй сілы» (1951). У кнігах паэзіі «Спаборніцтва» (1972), «Жыццё» (1975), «Вясенні вецер» (1977), «Зямля» (1978), «На паўдарозе» (1979) роздум пра сэнс жыцця, месца мастака ў ім, пра грамадзянскі ідэал. Аўтар зб. літ.-крытычных арт. «Літаратура і жыццё» (1981), эсэ «Летнія запісы» (1986) і інш. Шматлікія яго творы сталі нар. песнямі. Пераклаў на туркм. мову вершы Н.​Гілевіча, П.​Панчанкі, М.​Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, М.​Маляўка, Ю.​Свірка, М.​Танк, Л.​Філімонава. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1970.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Мая Туркменія. Мн., 1992;

Рус. пер. — Избр. стихи. М., 1979.

А.​М.​Карлюкевіч.

т. 9, с. 45

КУРБАНСАХА́ТАЎ (Курбандурды) (5.9.1919, в. Караяб Марыйскай вобл., Туркменістан — 25.2.1992),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1990). Скончыў Туркменскі пед. ін-т (Ашхабад, 1941). У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Сурай» (1955), «Сэрца — не камень» (1958), «Сорак манет» (1961), «Родны чалавек» (1965), рамане «Тойлы Мерген» (1970) жыццё і праблемы туркм. вёскі, вясковай інтэлігенцыі. Аўтар зб-каў вершаў «Салдат вярнуўся дадому» (1947), «Сад садоў» (1962), п’ес «Ханг» (1966), «Непралітая кроў» (1968), кінасцэнарыяў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Гіль.

Тв.:

Рус. пер. — Если любишь... М., 1972.

т. 9, с. 45

КУ́РБАС (Лесь) (Аляксандр Сцяпанавіч; 25.2.1887, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 15.10.1942),

украінскі рэжысёр, акцёр; адзін з заснавальнікаў укр. сав. т-ра. Нар. арт. Украіны (1925). Вучыўся ў Венскім і Львоўскім ун-тах. З 1916 арганізатар і кіраўнік тэатр. труп, у т. л. «Беразіль» (1922, з 1934 Укр. т-р імя Т.​Р.​Шаўчэнкі ў Харкаве). Лепшыя акцёрскія работы: Гнат («Абяздоленая» І.​Карпенкі-Карага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «У пушчы» Лесі Украінкі, «Цар Эдып» Сафокла (абодва 1918), «Гайдамакі», «Іван Гус» паводле Т.​Шаўчэнкі, «Нявольнік» М.​Крапіўніцкага (усе 1920), «Джымі Хігінс» паводле Э.​Сінклера (1923), «Дыктатура» І.​Мікітэнкі (1930), «Маклена Граса» М.​Куліша (1933) і інш. Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў «Вендэта», «Макдональд» (абодва 1924), «Арсенальцы» (1925).

т. 9, с. 45