КУРАШКЕ́ВІЧ (Kuraszkiewicz) Уладзіслаў

(н. 22.2.1905, г. Уладава, Польшча),

польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1948), Польскай АН (1967). Скончыў Львоўскі ун-т (1929). З 1936 праф. Люблінскага, з 1950 — Пазнанскага ун-таў. Навук. працы ў галіне славістыкі, польск. і ўсх.-слав. дыялекталогіі і гісторыі мовы. Даследаваў асаблівасці пераходных укр.-бел. і ўкр.-рус. гаворак: «3 даследаванняў паўночна-ўкраінскіх гаворак» (1931), «Да пытання канчатка 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга часу -ті ў беларускіх і паўночна-рускіх гаворках» (1935), «Найважнейшыя моўныя з’явы ў гаворках паміж Бугам і Нарвай» (1939), «Усходнеславянскія мовы» (1954), «Нарыс усходнеславянскай дыялекталогіі» (2-е выд. 1963), «Беларускія і ўкраінскія тэндэнцыі ў гаворках наваколля Белавежскай пушчы» (1964), «Украінскія і беларускія дыфтонгі і іх рэдукцыя ў гаворках ад Сана да Нарвы» (1978), «Ненаціскныя галосныя о—е ў адносінах да дыфтонгаў і іх рэдукцыі ў беларускіх і ўкраінскіх дыялектах ад Нарвы да Сана» (1983).

А.А.Кожынава.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)