Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУПРЫ́Н Аляксандр Васілевіч

(22.3.1880, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 18.3.1960),

расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1956). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў прыватных студыях у Пецярбургу і Маскве (1902—06), у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1906—10). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), чл. аб’яднання «Маскоўскія жывапісцы» (з 1925), Т-ва маск. мастакоў (з 1928). У 1918—52 выкладаў у Вышэйшых тэхн.маст. майстэрнях — Вышэйшым тэхн.маст. ін-це і інш. ін-тах. У 1910—20-я г. пад уплывам кубізму пісаў нацюрморты, у якіх дэкар. пачатак спалучаўся з вострааналітычным пранікненнем у натуру: «Нацюрморт з сінім падносам» (1914), «Нацюрморт са статуэткай» (1919), «Восеньскі букет» (1925) і інш. З канца 1920-х г. звярнуўся да пленэрнага жывапісу: «Таполя», «Бахчысарай. Поўдзень» (абодва 1927), «Беасальская даліна» (1937), «Дарога ў Беасалы» (1945—46) і інш.

Т.В.Пешына.

т. 9, с. 37

КУПРЫ́Н Аляксандр Іванавіч

(7.9.1870, с. Нараўчат Пензенскай вобл., Расія — 25.8.1938),

рускі пісьменнік. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (Масква, 1890). Быў на ваен. службе, з 1894 у адстаўцы, жыў у Кіеве, шмат ездзіў па Расіі. У 1903 зблізіўся з М.Горкім, супрацоўнічаў у яго выд-ве «Знание». У 1919 эмігрыраваў у Францыю, з 1937 на радзіме. Друкаваўся з 1889. Раннія апавяданні (зб. «Мініяцюры», 1897) — псіхал. эцюды, прысвечаныя даследаванню розных станаў чалавечай душы. У апавяданнях «Дазнанне», «У паходзе», аповесцях «Прапаршчык армейскі» (1897), «На пераломе (Кадэты)» (1900), «Паядынак» (1905) і інш. рэаліст. паказ жахлівага ваен. побыту, пратэст супраць жорсткасці і падаўлення асобы. Аповесць «Малох» (1896) — спроба з дапамогай іншасказання і сімвалаў паказаць бесчалавечнасць вытворчага прагрэсу. Пасля паездкі на Палессе (1897) напісаў цыкл апавяданняў («У лясной глушы», «На глушцоў» і інш.), аповесць «Алеся» (1898), у якіх упершыню моцна загучала тэма вял. кахання, характэрная для наступных яго твораў («Суламіф», 1908; «Гранатавы бранзалет», 1911; і інш.). Аўтар аповесцей навукова-фантаст. «Вадкае сонца» (1913), напаўфантаст. «Зорка Саламона» (1917), цыкла нарысаў «Кіеўскія тыпы» (1895—98), «Лістрыгоны» (1907—11) і інш. Аповесць «Яма» (ч. 1—2, 1909—15) пра амаральнасць грамадства, якое апраўдвае прастытуцыю. У эміграцыі стварыў нарысы аб Францыі, аповесці «Купал св. Ісакія Далмацкага» (1928), «Кола часу» (1929), «Жанета» (1932—33), казачныя («Кісмет») і гіст. («Аднарукі камедыянт», «Цень імператара») апавяданні, успаміны пра цыркавых артыстаў, рус. прыроду і інш. Асн. эмігранцкі твор — аўтабіягр. раман «Юнкеры» (1928—32). Многія творы К. экранізаваны («Паядынак», «Алеся» і інш.). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі І.Шамякін, Л.Салавей.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1970—73;

Собр. соч. Т. 1—3. Мн., 1994;

Река жизни: Рассказы, повести;

Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;

Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;

Рассказы и повести. Мн., 1997;

Бел. пер. — Выбранае Мн., 1985;

Выбр. проза. Мн., 1992. Собр. соч. Т. 1—9. М., 1970—73;

Собр. соч. Т. 1—3. Мн., 1994;

Река жизни: Рассказы, повести;

Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;

Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;

Рассказы и повести. Мн., 1997; Бел. пер. — Выбранае Мн., 1985; Выбр. проза. Мн., 1992.

Літ.:

Куприна К.А. Куприн — мой отец. 2 изд. М., 1979;

Михайлов О. Куприн. М., 1981;

Кулешов Ф.И. Творческий путь Куприна, 1883—1907. 2 изд. Мн., 1983;

Яго ж. Творческий путь Куприна, 1907—1938. 2 изд. Мн., 1987.

С.Ф.Кузьміна.

А.І.Купрын.
А.Купрын. Нацюрморт з сінім падносам. 1914.

т. 9, с. 38

КУПРЫ́Т

(ад лац. cuprum медзь),

чырвоная медная руда, мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см3. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Купрыт.

т. 9, с. 38

КУПРЫЯ́НАВА Настасся Фамінічна

(10.4.1872, в. Мяхеды Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.1979),

маці-патрыётка, 5 сыноў якой загінулі ў барацьбе з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну; малодшаму з іх П.І. Купрыянаву прысвоена званне Героя Сав Саюза. У вайну яе сыны Валянцін і Сцяпан ваявалі на фронце ў Сав. Арміі; калі сыны Міхаіл, Уладзімір (памёр ад ран у 1949) і Пётр пайшлі ў партыз. атрад «Радзіма», знаходзілася ў партыз. зоне, дапамагала партызанам. Адна са старэйшых жанчын Беларусі (пражыла 107 гадоў). Стала правобразам гераіні Манумента ў гонар Маці-патрыёткі, пастаўленага ў г. Жодзіна (1975). Ганаровая грамадзянка Жодзіна (1972). У доме, дзе яна жыла, адкрыты музей.

Н.Ф.Купрыянава. Малюнак І.Пратасені. 1974.

т. 9, с. 38

КУПРЫЯ́НАЎ Ігар Львовіч

(н. 26.6.1938, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Маскоўскі авіяц. тэхнал. ін-т (1963). З 1982 у Бел. НВА парашковай металургіі, з 1996 у Міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі пры БПА. Навук. працы па тэхнал. асновах і распрацоўцы абсталявання для нанясення ахоўных газатэрмічных пакрыццяў з павышанай трываласцю счаплення.

Тв.:

Газотермические покрытия с повышенной прочностью сцепления. Мн., 1990 (разам з М.А.Гелерам);

Электротермическая технология нанесения защитных покрытий. Мн., 1996 (разам з В.С.Івашкам, А.І.Шаўцовым).

т. 9, с. 38

КУПРЫЯ́НАЎ Міхаіл Васілевіч, гл. ў арт. Кукрыніксы.

т. 9, с. 38

КУПРЫЯ́НАЎ Павел Емяльянавіч

(1908, в. Старынцы Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.11.1936),

Герой Сав. Саюза (1936). У Чырв. Арміі з 1929. 3 кастр. 1936 удзельнік баёў у Іспаніі на баку рэспубліканцаў — камандзір танка асобай механізаванай брыгады. Вызначыўся пад Мадрыдам. Танк К. знішчыў 2 варожыя танкі, 8 гармат і некалькі ўзводаў пяхоты. Загінуў у баі.

т. 9, с. 38

КУПРЫЯ́НАЎ Пётр Іванавіч

(1926, г. Жодзіна Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Сын Н.Ф.Купрыянавай. У Вял. Айч. вайну ў партыз. атрадзе «Радзіма» брыгады «Разгром». У Чырв. Арміі з 1944. Вызначыўся ў ліст. 1944 у баі за вышыню ў Кулдыгскім р-не (Латвія): закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На радзіме К. пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Вілейцы, Жодзіне, Мінску, Полацку, Слуцку, Смалявічах.

П.І.Купрыянаў.

т. 9, с. 39

КУПРЫЯ́НАЎ Фёдар Паўлавіч

(5.2.1922, в. Марчанкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.5.1998),

генерал-лейтэнант (1969). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948), Генштаба (1965). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Данскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра роты, нач. разведкі, нач. штаба палка. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, Кіраваградскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Яска-Кішынёўскай, Львоўска-Сандамірскай, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацый. Да 1982 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

т. 9, с. 39

КУПРЫЯ́НЕНКА Васіль Аляксеевіч

(н. 29.6.1950, Магілёў),

бел. музыкант, кампазітар; збіральнік і выканаўца бел. муз. фальклору. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975). З 1974 канцэртмайстар, з 1978 муз. кіраўнік фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». З 1984 арганізатар і маст. кіраўнік Бел. дзярж. ансамбля нар. музыкі «Свята» Аўтар апрацовак нар. музыкі, у т.л. песень «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песня-балада», арыгінальных песень на вершы Я.Чачота, Я.Купалы і інш.

т. 9, с. 39