КУПРЫ́Н Аляксандр Васілевіч
(22.3.1880, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 18.3.1960),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1956). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў прыватных студыях у Пецярбургу і Маскве (1902—06), у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1906—10). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), чл. аб’яднання «Маскоўскія жывапісцы» (з 1925), Т-ва маск. мастакоў (з 1928). У 1918—52 выкладаў у Вышэйшых тэхн.маст. майстэрнях — Вышэйшым тэхн.маст. ін-це і інш. ін-тах. У 1910—20-я г. пад уплывам кубізму пісаў нацюрморты, у якіх дэкар. пачатак спалучаўся з вострааналітычным пранікненнем у натуру: «Нацюрморт з сінім падносам» (1914), «Нацюрморт са статуэткай» (1919), «Восеньскі букет» (1925) і інш. З канца 1920-х г. звярнуўся да пленэрнага жывапісу: «Таполя», «Бахчысарай. Поўдзень» (абодва 1927), «Беасальская даліна» (1937), «Дарога ў Беасалы» (1945—46) і інш.
Т.В.Пешына.
т. 9, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)