КУПРЫ́Т

(ад лац. cuprum медзь),

чырвоная медная руда, мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см3. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Купрыт.

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)