Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНАНО́ВІЧ (Канстанцін Юльянавіч) (8.12.1872, в. Грабаўка Гомельскага р-на — 15.3.1954),

бел. вучоны ў галіне санітарыі і эпідэміялогіі, урач-отарыналарынголаг, арганізатар першай у СССР Гомельскай сан.-эпідэміял. станцыі (1922). Скончыў Кіеўскі ун-т (1899). Навук. працы па арганізацыі аховы здароўя, сан.-эпідэміял. справе, оталарынгалагічных хваробах.

Тв.:

Предупреждай болезни носа, горла и уха. Гомель, 1930.

т. 7, с. 569

КАНАНО́ВІЧ ((Kononowicz) Мацей Юзаф) (1.2.1912, г. Ласк, Польшча — 31.4.1986),

польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Варшаўскі ун-т (1939). Да 2-й сусв. вайны жыў у Навагрудку (Гродзенская вобл.). Друкаваўся з 1936. Паэт. зб-кі «Лірычныя станцыі» (1951), «Партрэт, які цяжка ўявіць» (1962), «Дубовы гай» (1974), «Перадамо сабе знак спакою» (1983), зб-кі аповесцей і апавяд. «Імёны любові» (1973), «Рамантычнае і зялёнае» (1981), «Венера з малога мястэчка» (1983) прасякнуты патрыятызмам, псіхалагізмам і шчырасцю. Многія вершы тэматычна звязаны з Беларуссю. На польск. мову пераклаў зб. апавяданняў Я.Брыля «Глядзець на траву» (1971), кнігі А.Адамовіча «Хатынская аповесць» (1975), Адамовіча, Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі...» (1978, разам з Ю.Літвінюком), асобныя творы Я.Купалы, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна і інш. Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Брыль, М.Танк, Барадулін, Д.Бічэль-Загнетава, В.Вітка, А.Вярцінскі, Г.Кляўко, Н.Мацяш, Р.Семашкевіч, У.Мархель.

Тв.:

Бел. пер. — Імёны любові. Мн., 1976;

Мой гай дубовы. Мн., 1986.

М.М.Хмяльніцкі.

т. 7, с. 569

КАНА́ПА (франц. canapé),

шырокае драўлянае сядзенне на ножках, з падлакотнікамі і спінкай; від мэблі. Вядома з часоў сярэдневякоўя ў інтэр’ерах палацаў і сядзіб. У формах і аздабленні (разьба, інкрустацыя, абіўка са скуры ці тканін) праявіўся ўплыў маст. стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, ампіру і інш. З 19 ст. пашырана ў інтэр’еры бел. нар. хаты, замяніла лаву. К. выраблялі мясц. майстры-саматужнікі, аздаблялі прапілоўкай па краях спінкі, такарнымі элементамі, фігурнымі накладкамі. На З Беларусі бытаваў таксама шлябан — К. з сядзеннем у выглядзе скрыні, куды складвалі розныя рэчы. У наш час самаробныя К. саступілі месца прамысл. вырабам, якія звычайна ўваходзяць у гарнітур мэблі для гасціных пакояў.

Я.М.Сахута.

Канапа.

т. 7, с. 569

«КАНАПЕ́ЛЬКА»,

«Канапелькі», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Выконваўся на ігрышчах, парамі і сольна, з характэрнымі падскокамі і вярчэннямі, часта ў суправаджэнні прыпевак. Зафіксаваны М.Нікіфароўскім у канцы 19 ст. ў Віцебскай губ. У 1940-я г. І.Серыкаў у в. Асавец Крычаўскага р-на запісаў варыянт танца, у якім адлюстраваны працэс вырошчвання канапель: сяўба, вырыванне, рассціланне, вязанне снапоў, віццё вяровак і інш. Пад назвай «К.» вядомы таксама гульня і карагод.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. М., 1897. [Т. 5], С. 40.

Л.К.Ллексютовіч.

т. 7, с. 570

КАНАПЕ́ЛЬКА (Ала Іванаўна) (н. 14.2.1960, в. Небытаў Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1983). Працавала ў Доме літаратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, у Бел. фондзе культуры, у газ. «Беларускае тэлебачанне і радыё», з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1977. Асн. тэмы твораў — драматызм жаночага лёсу, чалавек і прырода: зб. вершаў «Цвет алешыны» (1985). Піша для дзяцей. Адшукала і апублікавала вершы рэпрэсіраванай бел. паэтэсы Лесі Беларускі, якая загінула ў лагеры на Калыме. Пераклала на бел. мову араб. казкі «Тысяча і адна ноч» (1998), асобныя творы балг. пісьменнікаў.

Л.М.Гармік.

т. 7, с. 570

КАНАПЕ́ЛЬКА (Валерый Канстанцінавіч) (н. 7.1.1948, пас. Дымаўшчына Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1990 праф. (1992). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1971). З 1974 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1996 у Вышэйшым каледжы сувязі. Навук. працы па тэорыі інфармацыі, тэорыі кадзіравання, лічбавай апрацоўцы інфармацыі, распрацоўцы звышвялікіх інтэгральных схем і сістэм на іх аснове, у т. л. сістэм памяці.

Тв.:

Надежное хранение информации в полупроводниковых запоминающих устройствах М., 1986 (разам з У.В.Лосевым).

т. 7, с. 570

КАНАПЕ́ЛЬКА (Зінаіда Ігнатаўна) (25.12.1918, г.п. Багушэўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 27.5.1997),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1972). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.Коласа (1938), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Творчасць адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатр. формы пры дакладнай псіхал. распрацоўцы характараў. З лепшых роляў у бел. рэпертуары: Насця і Мальвіна, Ганна («Несцерка», «Машэка» В.Вольскага), Галя («Алазанская даліна» І.Дорскага і К.Губарэвіча), Насця Вярбіцкая, Вікця, Ганна Ціханаўна («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы», «Блытаныя сцежкі» К.Крапівы), Аксіння і Вольга («Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К.Чорнага і «Парог» А.Дударава), Паліна («Трыбунал» А.Макаёнка), Лявоніха («Лявоніха» П.Данілава), Яўхіміха («Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча), у класічным рэпертуары: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У.Маякоўскага), Лізавета, лэдзі Мільфард («Марыя Сцюарт», «Каварства і каханне» Ф.Шылера), Генерылья («Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш.

Т.Я.Гаробчанка.

З.І.Канапелька.
З.Канапелька ў ролі Насці.

т. 7, с. 570

КАНАПЕ́ЛЬКА (Пётр Якаўлевіч) (н. 10.2.1922, в. Гнаткі Стараканстанцінаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1968), праф. (1970). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1974). Скончыў Ваенна-вет. акадэмію Сав. Арміі (1946). З 1954 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (у 1971—91 заг. кафедры). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, ранняй дыягностыцы, тэрапіі, прафілактыцы рахітаў і інш. унутр. незаразных хвароб с.-г. жывёл, парушэннях абмену рэчываў, па гісторыі ветэрынарыі. Адзін з аўтараў падручнікаў «Асновы ветэрынарыі» (2-е выд., 1985), «Клінічная дыягностыка ўнутраных незаразных хвароб жывёл» (2-е выд., 1988), «Даведнік па хваробах с.-г. жывёл» (2-е выд., 1990).

Тв.:

Эндемические болезни сельскохозяйственных животных М., 1990 (у сааўт.).

т. 7, с. 570

КАНАПЛЯ́ (Яўген Фёдаравіч) (н. 1.3.1939, в. Межная Слабада Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і радыебіялогіі. Акад. Нац. АН Беларусі (1991, чл.-кар. 1989), д-р мед. н. (1976). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1965 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, з 1981 заг. сектара геранталогіі АН Беларусі, з 1987 дырэктар Ін-та радыебіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па мед. біяхіміі і пытаннях механізма дзеяння гармонаў, нейрагарманальнай рэгуляцыі, уплыву радыяцыі на жыццяздольнасць арганізма, па метадах карэкцыі аддаленых і бліжэйшых вынікаў пры апрамяненні.

Тв.:

Гормоны и старение: Мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991 (разам з А.А.Мілюціным, Г.Р.Гацко).

Я.Ф.Канапля.

т. 7, с. 570

КАНАПЛЯ́НКА (Acanthis cannabina),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, паўн.-зах. Афрыцы. На Беларусі звычайны пералётны від, на Пд і ў цэнтр. ч. часам зімуе. Жыве ў садах, на ўзлесках, лугах. У перыяд гнездавання трымаюцца парамі, у інш. час. чародамі.

Даўж. да 140 мм, маса да 22 г. У самцоў лоб і грудка чырв., спіна карычневая, брушка белае; самкі і маладыя К. шаравата-бурыя. Нясуць 3—7 яец. Кормяцца насеннем травяністых раслін.

Канаплянка: 1 — самец; 2 — самка.

т. 7, с. 570