КАНАНО́ВІЧ ((Kononowicz) Мацей Юзаф) (1.2.1912, г. Ласк, Польшча — 31.4.1986),

польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Варшаўскі ун-т (1939). Да 2-й сусв. вайны жыў у Навагрудку (Гродзенская вобл.). Друкаваўся з 1936. Паэт. зб-кі «Лірычныя станцыі» (1951), «Партрэт, які цяжка ўявіць» (1962), «Дубовы гай» (1974), «Перадамо сабе знак спакою» (1983), зб-кі аповесцей і апавяд. «Імёны любові» (1973), «Рамантычнае і зялёнае» (1981), «Венера з малога мястэчка» (1983) прасякнуты патрыятызмам, псіхалагізмам і шчырасцю. Многія вершы тэматычна звязаны з Беларуссю. На польск. мову пераклаў зб. апавяданняў Я.​Брыля «Глядзець на траву» (1971), кнігі А.​Адамовіча «Хатынская аповесць» (1975), Адамовіча, Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі...» (1978, разам з Ю.​Літвінюком), асобныя творы Я.​Купалы, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, Р.​Барадуліна, Г.​Бураўкіна і інш. Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Брыль, М.​Танк, Барадулін, Д.​Бічэль-Загнетава, В.​Вітка, А.​Вярцінскі, Г.​Кляўко, Н.​Мацяш, Р.​Семашкевіч, У.​Мархель.

Тв.:

Бел. пер. — Імёны любові. Мн., 1976;

Мой гай дубовы. Мн., 1986.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)