КАНАПЕ́ЛЬКА (Зінаіда Ігнатаўна) (25.12.1918, г.п. Багушэўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 27.5.1997),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1972). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1938), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Творчасць адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатр. формы пры дакладнай псіхал. распрацоўцы характараў. З лепшых роляў у бел. рэпертуары: Насця і Мальвіна, Ганна («Несцерка», «Машэка» В.​Вольскага), Галя («Алазанская даліна» І.​Дорскага і К.​Губарэвіча), Насця Вярбіцкая, Вікця, Ганна Ціханаўна («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы», «Блытаныя сцежкі» К.​Крапівы), Аксіння і Вольга («Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К.​Чорнага і «Парог» А.​Дударава), Паліна («Трыбунал» А.​Макаёнка), Лявоніха («Лявоніха» П.​Данілава), Яўхіміха («Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча), у класічным рэпертуары: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Наташа («Тры сястры» А.​Чэхава), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У.​Маякоўскага), Лізавета, лэдзі Мільфард («Марыя Сцюарт», «Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Генерылья («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

З.І.Канапелька.
З.Канапелька ў ролі Насці.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)