Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯРО́ЗАЎСКІ МЯСАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1972—78 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. У 1975 пабудаваны халадзільнік, у 1976 — мясатлушчавы, у 1977 — мясаперапрацоўчы цэхі, у 1978 — кансервавы з-д і літаграфскі цэх. У 1972—77 мясакамбінат, з 1978 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы і паўфабрыкаты, кансервы стэрылізаваныя і вяндліна пастэрызаваная, тлушчы харч., сухія кармы для жывёлы, скураная сыравіна.

т. 3, с. 411

БЯРО́ЗАЎСКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 75,4 тыс. чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Бяроза, г. Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.

Раён займае паўд.-ўсх. ч. Прыбугскай раўніны і паўн.-зах. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс. га, з іх асушана 36,3 тыс. га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сць спарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в. Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».

Літ.:

Память: Ист.-док. хроника Березовского р-на. Мн., 1987.

С.І.Сідор.

т. 3, с. 411

БЯРО́ЗАЎСКІ СЫРАРО́БНЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1944 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. як малочны з-д. З 1986 камбінат, з 1994 адкрытае акц. т-ва. Дзейнічаюць маслацэх, цэхі плаўленых сыроў, па вырабе натуральна-малочнай і нятлустай прадукцыі, сухой малочнай прадукцыі, вырабаў з немалочнай сыравіны. Асн. прадукцыя (1996): масла сметанковае, сыры тлустыя, натуральна-малочная прадукцыя.

т. 3, с. 412

БЯРО́ЗА-КАРТУ́ЗСКАЯ,

назва г. Бяроза да 1940 і сучасная чыг. станцыя на лініі Брэст—Баранавічы.

т. 3, с. 410

БЯРО́ЗА-КАРТУ́ЗСКІ КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР , месца зняволення паліт. вязняў у Польшчы ў 1934—39. Створаны паводле распараджэння прэзідэнта Польскай рэспублікі ад 17.6.1934 для ізаляцыі «левых элементаў» (камуністаў, рэвалюцыянераў і інш.). Размяшчаўся ў колішніх вайск. казармах мяст. Бяроза-Картузская Палескага ваяв. (г. Бяроза Брэсцкай вобл.). Людзей найчасцей знявольвалі без суда, на падставе даносаў мясц. адміністрацыі, часта на неабмежаваны тэрмін. Вызначаўся жорсткім рэжымам. У канцлагеры былі зняволены актыўныя дзеячы КПЗБ, КПЗУ і КПП, сярод іх А.І.Кароль, Ф.Р.Маркаў, укр. паэт А.Гаўрылюк. Тут закатаваны камуністы А.А.Мазырка, А.В.Германіскі, Ю.Нядзельскі і інш. У канцлагеры дзейнічала заканспіраваная камуніст. арг-цыя. Канцлагер ліквідаваны ў вер. 1939 з прыходам Чырв. Арміі на тэр. Зах. Беларусі. Паводле няпоўных звестак, за гады існавання праз лагер прайшло больш за 10 тыс. вязняў. Помнік вязням Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагеру.

т. 3, с. 410

БЯРО́ЗА-1,

вадасховішча ў Беларусі, у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., за 13 км на ПнУ ад г. Бяроза. На р. Жыгулянка (левы прыток Яселвды, у бас. Прыпяці), за 14 км уверх па цячэнні ад упадзення ў воз. Чорнае. Створана ў 1986. Пл. 17,74 км², даўж. 6,4 км, найб. шырыня 3,6 км, найб. глыб. 6,6 м. Аб’ём вады 31,9 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 3, с. 409

БЯРО́ЗКА

(Convolvulus),

род кветкавых раслін сям. бярозкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца дзікарослая бярозка палявая (С. arvensis). Расце як пустазелле, а таксама ўздоўж дарог, на пустках і травяных схілах. Як дэкар. вырошчваецца бярозка трохкаляровая, або дзённая прыгажуня (С. tricolor).

Шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны з павойным галінастым або сцелістым ці прамастойным сцяблом, радзей паўкусты і кусты. Лісце суцэльнае, доўгачаранковае. Кветкі званочкавыя ці лейкападобныя, белыя або ружовыя, часам з палосамі і рознакаляровыя (у садовых форм), па 1—3 у пазухах лісця або сабраныя ў суквецці. Плод — каробачка. Лек., дэкар., меданосныя, некаторыя — кармавыя і ядавітыя расліны.

т. 3, с. 412

БЯРО́ЗКА,

Верхняя Крывіна, рака ў Беларусі, у Віцебскай вобл., правы прыток Крывінкі (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 330 км². Пачынаецца з воз. Бярозаўскае, цячэ па Чашніцкай раўніне ў Сенненскім і Полацкай нізіне ў Бешанковіцкім р-нах. Асн. прытокі — 2 ручаі без назваў (злева даўж. 14 км, справа — 15 км). Даліна і пойма невыразныя. Рэчышча на працягу 21 км каналізаванае, шыр. 8—20 м.

т. 3, с. 412

«БЯРО́ЗКА»,

штомесячны ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей і падлеткаў. Выдаецца са снеж. 1924 у Мінску на бел. мове. Да вер. 1929 называўся «Беларускі піянер» (першы рэдактар — У.Дубоўка), у кастр. 1929 — крас. 1941 — «Іскры Ільіча», з чэрв. 1945 сучасная назва. У 1927—29 выходзіў 2 разы на месяц. Друкуе творы бел. і замежных пісьменнікаў, матэрыялы маральна-этычнага, культ. і гіст. характару, якія рознабакова развіваюць асобу чытача, выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да іншых народаў і нацый, адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць дзіцячых арг-цый і рухаў. Змяшчае літ. і выяўл. творы дзяцей і падлеткаў. Пастаянныя рубрыкі: «Спадчына», «Энцыклапедыя часопіса «Бярозка», «Вянок», «Упершыню ў «Бярозцы», «Музычны экспрэс», «Гаспадынька» і інш.

А.М.Бадак.

т. 3, с. 412

БЯРО́ЗКА Анатоль

(сапр. Смаршчок Мацвей; н. 19.2.1915, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Засл. д-р медыцыны. Скончыў гімназію і ліцэй у Баранавічах, у 1939 мед. ф-т Віленскага ун-та. У 1929—39 публікаваў свае вершы ў віленскіх перыяд. выданнях (часопісы «Заранка», «Шлях моладзі», «Калоссе», газ. «Крыніца»), Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калоссе», рукапісны гумарыст. час. «З-за плоту» (выйшла 3 нумары). Пасля вер. 1939 пераехаў у Івацэвічы. Працаваў лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы, у Вял. Айч. вайну — у Баранавіцкім шпіталі. У 1944 выехаў у Познань, дзе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Нардгаўзен. Пасля вайны жыў у Германіі, потым — у ЗША. Першая публікацыя Б. за мяжой — верш «Ліст да маці: (Пераклад з забытага)» (1955). Аўтар зб. «Адзінаццаць вершаў» (1989; на бел. і англ. мовах). У вершах Бярозкі матывы і вобразы адраджэнскай бел. паэзіі, імкненне эстэтызаваць, упрыгожыць, ускладніць фактуру верша тонкай лексічнай арнаментыкай.

Літ.:

Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993. С. 301—304.

А.Я.Белы.

т. 3, с. 412