«БЯРО́ЗКА»,

штомесячны ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей і падлеткаў. Выдаецца са снеж. 1924 у Мінску на бел. мове. Да вер. 1929 называўся «Беларускі піянер» (першы рэдактар — У.Дубоўка), у кастр. 1929 — крас. 1941 — «Іскры Ільіча», з чэрв. 1945 сучасная назва. У 1927—29 выходзіў 2 разы на месяц. Друкуе творы бел. і замежных пісьменнікаў, матэрыялы маральна-этычнага, культ. і гіст. характару, якія рознабакова развіваюць асобу чытача, выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да іншых народаў і нацый, адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць дзіцячых арг-цый і рухаў. Змяшчае літ. і выяўл. творы дзяцей і падлеткаў. Пастаянныя рубрыкі: «Спадчына», «Энцыклапедыя часопіса «Бярозка», «Вянок», «Упершыню ў «Бярозцы», «Музычны экспрэс», «Гаспадынька» і інш.

А.М.Бадак.

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)