БЯРО́ЗКА Анатоль
(сапр. Смаршчок Мацвей; н. 19.2.1915, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт. Засл. д-р медыцыны. Скончыў гімназію і ліцэй у Баранавічах, у 1939 мед. ф-т Віленскага ун-та. У 1929—39 публікаваў свае вершы ў віленскіх перыяд. выданнях (часопісы «Заранка», «Шлях моладзі», «Калоссе», газ. «Крыніца»), Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калоссе», рукапісны гумарыст. час. «З-за плоту» (выйшла 3 нумары). Пасля вер. 1939 пераехаў у Івацэвічы. Працаваў лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы, у Вял. Айч. вайну — у Баранавіцкім шпіталі. У 1944 выехаў у Познань, дзе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Нардгаўзен. Пасля вайны жыў у Германіі, потым — у ЗША. Першая публікацыя Б. за мяжой — верш «Ліст да маці: (Пераклад з забытага)» (1955). Аўтар зб. «Адзінаццаць вершаў» (1989; на бел. і англ. мовах). У вершах Бярозкі матывы і вобразы адраджэнскай бел. паэзіі, імкненне эстэтызаваць, упрыгожыць, ускладніць фактуру верша тонкай лексічнай арнаментыкай.
Літ.:
Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993. С. 301—304.
А.Я.Белы.
т. 3, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)