Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АВАТА́РА

[санскр. літар. сыходжанне, сашэсце (Бога)],

у індуізме ўвасабленне бога Вішну ў вобразах інш. багоў, людзей або жывёл. Звязана з верай у перасяленне душы, пашырана з 4—6 ст. н.э. У міфах найб. вядомы 10 аватараў Вішну (у т. л. ў выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка), якія здзяйсняюць подзвігі на зямлі. У будызме аватара — наогул увасабленне бажаства.

т. 1, с. 60

АВА́ЦЫЯ

(ад лац. ovatio радасць, весялосць),

бурныя, працяглыя апладысменты, якія суправаджаюцца радаснымі воклічамі з выпадку адабрэння чаго-н. або прывітання каго-н.

т. 1, с. 60

АВА́ЧЫНСКАЯ СО́ПКА,

Авача, дзеючы вулкан на ПдУ Камчаткі, каля г. Петрапаўлаўск-Камчацкі. Выш. 2741 м (новы кратэр узвышаецца ў старым). Складзены з андэзітавых і базальтавых лаваў, туфаў, шлакаў і попелу. З 1730-х г. было 15 вывяржэнняў, апошняе ў 1945. На схілах лес з каменнай бярозы, кедравы сланік. Вулканалагічная станцыя.

т. 1, с. 60

А́ВАШ,

нацыянальны парк у цэнтр. частцы Эфіопіі. Засн. ў 1969 у цясніне р. Аваш. Пл. каля 9 тыс. га. Стэпавая і лугастэпавая расліннасць з перавагай злакаў, зараснікі калючага хмызняку; у фауне — антылопы (орыкс-бейза, газель Сёмерынга, вадзяны казёл і малы куду), зебра Грэві, леапард.

т. 1, с. 60