Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АВАТА́РА

[санскр. літар. сыходжанне, сашэсце (Бога)],

у індуізме ўвасабленне бога Вішну ў вобразах інш. багоў, людзей або жывёл. Звязана з верай у перасяленне душы, пашырана з 4—6 ст. н.э. У міфах найб. вядомы 10 аватараў Вішну (у т. л. ў выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка), якія здзяйсняюць подзвігі на зямлі. У будызме аватара — наогул увасабленне бажаства.

т. 1, с. 60

АВА́ЦЫЯ

(ад лац. ovatio радасць, весялосць),

бурныя, працяглыя апладысменты, якія суправаджаюцца радаснымі воклічамі з выпадку адабрэння чаго-н. або прывітання каго-н.

т. 1, с. 60

АВА́ЧЫНСКАЯ СО́ПКА,

Авача, дзеючы вулкан на ПдУ Камчаткі, каля г. Петрапаўлаўск-Камчацкі. Выш. 2741 м (новы кратэр узвышаецца ў старым). Складзены з андэзітавых і базальтавых лаваў, туфаў, шлакаў і попелу. З 1730-х г. было 15 вывяржэнняў, апошняе ў 1945. На схілах лес з каменнай бярозы, кедравы сланік. Вулканалагічная станцыя.

т. 1, с. 60

А́ВАШ,

нацыянальны парк у цэнтр. частцы Эфіопіі. Засн. ў 1969 у цясніне р. Аваш. Пл. каля 9 тыс. га. Стэпавая і лугастэпавая расліннасць з перавагай злакаў, зараснікі калючага хмызняку; у фауне — антылопы (орыкс-бейза, газель Сёмерынга, вадзяны казёл і малы куду), зебра Грэві, леапард.

т. 1, с. 60

АВЕ́ЙДЭ Аскар

(1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.

Г.В.Кісялёў.

т. 1, с. 60

АВЕ́КАЎ Іван Аўдзеевіч

(19.5.1919, ст. Асінаўка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Харкаўскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў-назіральнікаў (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1940). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Цэнтр. франтах. Камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, капітан. Зрабіў 178 баявых вылетаў, збіў асабіста 15 самалётаў праціўніка, разам з вядзёным — 6, адзін самалёт тараніў, 23 знішчыў на аэрадромах. Загінуў у паветр. баі.

т. 1, с. 60

А́ВЕЛЬ,

паводле біблейскай міфалогіі сын Адама і Евы, пастух авечак, забіты з зайздрасці старэйшым братам Каінам за тое, што бог Яхве аддаў перавагу дарам Авеля. У пераносным значэнні — бязвінная ахвяра жорсткасці, правобраз усіх праведнікаў, якія церпяць ганенні.

т. 1, с. 60

АВЕЛЬЯНЕ́ДА

(Avellaneda),

горад у Аргенціне, у складзе Вял. Буэнас-Айрэса. Засн. ў 1852. 334 тыс. ж. (1980). Порт у зал. Ла-Плата, чыг. вузел. Металургічная, мясахаладабойная, гарбарная, абутковая, тэкст. прам-сць. Нафтаперапрацоўка, суднарамонт.

т. 1, с. 60

АВЕ́Н

(лац. Aries, старабел. Овенъ баран),

адно з 13 сузор’яў задыяка ў паўн. паўшар’і неба. Астр. знак ϒ (выкарыстоўваецца для абазначэння пункта веснавога раўнадзенства). Найб. яркія зоркі 2 і 2,2 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета, увосень і зімой. Гл. Зорнае неба.

т. 1, с. 61

АВЕНА́РЫУС Мікалай Пятровіч

(12.9.1834, г. Пушкін Ленінградскай вобл. — 17.7.1903),

педагог, археолаг, краязнавец. Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу. У 1864—85 інспектар Александрынска-Марыінскага ін-та ў Варшаве, Беластоцкага наст. ін-та. Адзін з заснавальнікаў Маладзечанскай наст. семінарыі (1864). У 1885—90 раскопваў курганы ў Барысаўскім і Навагрудскім пав., каменныя магілы ў Бельскім і Беластоцкім пав. Аўтар артыкулаў па археалогіі, нумізматыцы, педагогіцы, пытаннях асветы, твораў для дзяцей.

Тв.:

Руководство к воспитанию и элементарному обучению. Варшава, 1874;

Дрогичин Надбужский и его древности // Древности Северо-Западного края. Спб., 1890. Т. 1. Вып. 1.

т. 1, с. 61