Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЛОМАСКЛАДА́ЛЬНІК, капноўшчык, капаклад,

навясное ці прычапное прыстасаванне да збожжаўборачнага камбайна, прызначанае для складання саломы ў копы. Збірае салому і мякіну (масу) з саламатрэса і ачысткі камбайна і перыядычна выкідвае сабраную капу на ржышча ці ў копазбіральнік. У механізаваных С. камера запаўняецца салома- і мякінанабівальнікамі, якія падпрасоўваюць масу ў камеры; у немеханізаваных маса паступае непасрэдна з саламатрэса і ачысткі камбайна.

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 14, с. 112

САЛО́МІНЫ,

расійскія акцёры, браты. Нарадзіліся ў г. Чыта (Расія). Юрый Мяфодзьевіч (н. 18.6.1935). Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1988). Чл.-кар. Рас. акадэміі адукацыі (1992). Праф. Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1986). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1957). З 1957 ў Малым т-ры (з 1988 маст. кіраўнік). У 1990—91 міністр культуры Расіі. Ігра адметная глыбокім драматызмам пры мяккасці, лірычнасці акцёрскай манеры: Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Мікалай II («... і Аз ваздам» С.​Кузняцова) і інш. Займаецца рэжысурай. Зняўся ў фільмах: «Бяссонная ноч» (1960), «Вясна на Одэры» (1968), «Чырвоная палатка» (1970, СССР—Італія), «Дэрсу Узала» (1976), «Блуканне па пакутах» (1977), «Крык цішыні» (1982), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (1970, Дзярж. прэмія Расіі, 1971), «ТАСС упаўнаважаны заявіць», «Тайна вілы «Грэта» (абодва 1984), «Прывал вандроўнікаў» (1991), «У пачатку было слова», «Сны пра Расію» (абодва 1992) і інш. Віталь Мяфодзьевіч (н. 12.12.1941). Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). У 1963—85 і з 1988 у Малым т-ры. Пераважна характарны акцёр, надзелены драм. талентам. Камед. ролям уласцівы вытанчанасць, лёгкасць, імпульсіўнасць: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Фіеска («Змова Фіескі ў Генуі» Ф.​Шылера), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля) і інш. З 1963 здымаецца ў кіно: «Жанчыны» (1966), «Старэйшая сястра» (1967), «Салют, Марыя!» (1971), «Сібірыяда» (1979), «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1979—83), «Сільва» (1981), «Пікавая дама» (1982), «Вяртанне з арбіты» (1984), «Чалавек, які закрыў горад» (1983), «Зімовая вішня-1» (1985), «Ён, яна і дзеці» (1986), «Зімовая вішня-2» (1990), «Чорны квадрат» (1992), «Зімовая вішня-3» (1995) і інш.

Літ.:

Москалева И. Ю.​Соломин. М., 1974;

Закржевская Л. В.​Соломин. М., 1979.

Да арт. Саломіны. Юрый Мяфодзьевіч і Віталь Мяфодзьевіч.

т. 14, с. 112

САЛО́МКА МАСТА́ЦКАЯ,

плеценыя мастацкія вырабы з саломы; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вядома ў многіх земляробчых народаў Еўропы, на Беларусі пашырана з даўніх часоў. З саламяных жгутоў, перавітых лазой, выраблялі разнастайныя ёмістасці для збожжа, мукі, адзення, каштоўных рэчаў, а таксама пчаліныя вуллі (саламянікі). Іх маст. аблічча стваралася выразнымі формамі, своеасаблівым дыяганальным дэкорам, утвораным кантрастным спалучэннем карычневых дубцоў з залацістымі жгутамі саломы. Унікальная з’ява ў сусв. мастацтве — выкарыстанне саломы ў вырашэнні манум.-дэкар. задач, для аздаблення інтэр’ераў палескіх цэркваў, пераважна іканастасаў. Захаваліся іх фрагменты — царскія вароты канца 18 — пач. 19 ст. з вёсак Лемяшэвічы Пінскага р-на і Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., усе арнаментальныя матывы якіх цалкам сплецены з саломы і замацаваны на драўляных каркасах. Аснова іх дэкору — традыц. вітая пляцёнка і чатырохгранныя плоскія і выпуклыя ўстаўкі. У такой жа тэхніцы выраблялі шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы і інш. Са стужак, сплеценых з 4—8 саломінак, сшывалі брылі. Магічную і дэкар. ролю ў сял. хатах выконваў павук, своеасаблівая кінетычная прасторавая канструкцыя з саломінак, якую падвешвалі да столі ў покуці. З саламяных пучкоў, часам з дабаўленнем нітак, стужак, абрэзкаў тканін плялі аграрна-абрадавую атрыбутыку ў выглядзе фігур чалавека, жывёл, птушак, дзіцячыя цацкі, вырабы дэкар. пластыкі (жаваранкі, галубы, лялькі, коні і інш.). Яны вызначаліся абагульненымі, умоўнымі формамі, адсутнасцю дэкору. У сярэдзіне 20 ст. з заняпадам ручнога жніва традыцыі многіх відаў пляцення з саломы сталі забывацца. С.м. адрадзілася ў 1960-я г. для стварэння сувенірных і маст. вырабаў. Вырасла іх дэкаратыўнасць, ускладніліся і ўзбагаціліся спалучэннем разнастайных тэхнік пляцення формы, павялічылася жанравая і тэматычная разнастайнасць. Найб. пашырылася саламяная пластыка ў выглядзе фігур жывёл, птушак, людзей, а таксама кампазіцыі і жанравыя сцэнкі на фальк., літ., быт. тэмы. Утылітарна-бытавыя вырабы з саломкі (шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы, кошыкі, хлебніцы і інш.), сувенірную пластыку, галаўныя ўборы, кветкі, біжутэрыю, ёлачныя цацкі вырабляюць на фабрыках маст. вырабаў; сярод вядучых майстроў Т.​Агафоненка, К.​Арцёменка, К.​Асташэвіч, Л.​Блохава, Л.​Главацкая, Г.​Іванова, Н.​Кузняцова, Л.​Лось, Н.​Панцялеева, Г. і Я.​Саламянкі, Г.​Саланінка, В.​Салдатава, Г.​Сапун, Т.​Хадановіч і інш. У 1997 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс саломапляцення «Саламяны цуд».

Літ.:

Лобачевская О.А., Кузнецова Н.М. Возьми простую соломку. Мн., 1988;

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лобачевская О. Плетение из соломки. [М., 2000].

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Саломка мастацкая. Г. і Я. Саламянкі. Шкатулка і паднос. 1970-я г.
Да арт. Саломка мастацкая. Царскія вароты. Майстар з в. Вавулічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 ст.
Да арт. Саломка мастацкая. Т.​Агафоненка. Конь. 1994.

т. 14, с. 113

САЛО́Н (франц. salon, італьян. salone ад sala зала) у архітэктуры і мастацтве, 1) у 15—17 ст. вялікае параднае памяшканне ў італьян. (пазней і інш. еўрап. краін) палацах, прызначанае для прыёмаў, збораў, канцэртаў і інш. 2) Літ.-маст. гурток, які збіраецца ў прыватным доме. Вядомы ў Францыі з 17 ст. (С. маркізы дэ Рамбуе), у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. (С. княгіні З.​А.​Валконскай у 1-й пал. 19 ст. ў Маскве) і інш. 3) Зала, памяшканне для экспанавання і продажу твораў мастацтва (гл. таксама Мастацкая галерэя).

4) Перыядычная публічная выстаўка твораў сучаснага мастацтва. Першая афіц. выстаўка, дзе экспанаваліся творы жывых мастакоў, адбылася ў 1653 у Парыжы па ініцыятыве Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1673 С. ладзіліся пад адкрытым небам, у палацы Пале-Руаяль, з 1699 у Луўры (да 1736 у Вял. галерэі, у 1737—1848 у т.зв. Квадратным С.; адсюль назва), пазней у Вял. палацы, з 1848 у палацы Гран Пале на Елісейскіх палях. Да 1746 адбываліся штогод, пазней раз у 2 гады. Да сярэдзіны 19 ст. былі найб. прадстаўнічай афіц. выстаўкай у Францыі, дзе экспанаваліся творы пераважна чл. акадэміі і т.зв. прызначаных. Майстры, якія не займалі значнага месца ў маст. іерархіі, выстаўлялі свае творы на пл. Дафіна (т.зв. С. маладых) і інш. Арганізацыя С. паўплывала на фарміраванне выставачнай дзейнасці (з’яўленне першых каталогаў, крытычных артыкулаў, маст. журы і інш.). З пач. 19 ст. арганізатары С. падтрымлівалі руціннае акад. мастацтва, варожа ставіліся да наватарства і парушэння традыцый (гл. Салоннае мастацтва), што выклікала вострую барацьбу маст. кірункаў і іх супрацьпастаўленне С. З 1881 у веданні Т-ва франц. мастакоў, якое ладзіць штогадовыя «Веснавыя С.» (з 1903 таксама «Восеньскія С.»). З канца 19 ст. ўзнікаюць авангардысцкія выстаўкі, якія таксама маюць назву С. (напр., «С. Незалежных», 1884) і С. ў інш. краінах. У шырокім значэнніунутр. памяшканне аўтобуса, самалёта, аўтамабіля і пад. для пасажыраў.

т. 14, с. 113

САЛО́Н (грэч. Solōn; паміж 640 і 635 — каля 559 да н.э.),

афінскі (Стараж. Грэцыя) палітычны дзеяч, рэфарматар. Паходзіў са збяднелага арыстакратычнага роду Кадрыдаў. Пасля абрання ў 594 на пасаду архонта ажыццявіў шэраг рэформ у інтарэсах афінскага дэмасу: скасаваў пазыковае рабства, уніфікаваў меры вагі і грашовую сістэму, увёў закон пра свабоду завяшчання і інш. Ранейшы падзел грамадзян паводле родавага паходжання С. замяніў на 4 маёмасныя разрады (філы), якія вызначалі правы і абавязкі грамадзян паводле памераў прыбытку. Усе грамадзяне атрымалі права браць удзел у эклесіі (нар. сход). Заснаваў новы орган кіравання — Раду 400, куды выбіралася па 100 чал. ад кожнай з 4 разрадных філ, і геліэю (суд прысяжных). Рэформы С. сталі важным этапам на шляху ўсталявання афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. С. — адзін з першых атычных паэтаў. Стараж. грэкі прылічалі яго да «сямі мудрацоў».

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 114

САЛО́НА (Salonae),

ілірыйскае паселішча за 5 км на Пн ад г. Спліт (Харватыя). У канцы 2—1 ст. да н.э. апорны пункт рымлян у Далмацыі; у 27 да н.э. атрымала статус рымскай калоніі. Пры Флавіях буйны гандл.-рамесны пункт правінцыі Далмацыя і яе адм. цэнтр. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. Разбурана аварамі і славянамі ў 6—7 ст. Захаваліся ўмацаванні з шматвугольнымі вежамі, рэшткі форума, амфітэатра 2 ст. н.э., храма 1 ст., тэрмаў і віл з мазаікамі, базілік 4—5 ст., ант. і раннехрысц. некропаляў, епіскапскага палаца, шматлікія творы ант. скульптуры (статуі, саркафагі з рэльефнымі выявамі), помнікі эпіграфікі і інш.

Руіны базілікі ў Салоне.

т. 14, с. 114

САЛО́НГА (Salonga),

нацыянальны парк у Конга (Дэмакр. Рэспубліка Конга), у даліне р. Салонга (бас. р. Рукі, левы прыток р. Конга). Засн. ў 1970. Пл. 3,6 млн. га. Ландшафты з экватарыяльных забалочаных, прырэчных і сухіх лясоў, участкі злакавай расліннасці. У фауне мартышкі, слон (у т. л. карлікавая форма), карлікавыя буйвал (аноа) і шымпанзэ (банабо), антылопы, кракадзілы, вадаплаўныя птушкі.

т. 14, с. 114

САЛО́НЕЦ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 11 км на ПнЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,73 км², даўж 1,2 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 5,9 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км. Пл. вадазбору 18,5 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 5—7 м, на ПдУ і Пд 1,5—4 м, разараныя, на Пн і У параслі лесам. Пойма на Пн і ПнЗ шыр. да 200 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, тарфяністыя, на ПдУ пясчаныя, у залівах сплавінныя. 4 залівы. Востраў пл. 0,5 га. Дно карытападобнае, да глыб. 1,7 м пясчанае, да 2,5 м укрыта апясчаненым ілам, глыбей сапрапелістае. Прыбярэжная ч. возера зарастае. Упадае ручай з воз. Расна, сцёк у р. Ушача.

т. 14, с. 114

САЛО́НІКІ, Саланікі,

Фесалонікі (Thessalonikē),

горад на Пн Грэцыі, на беразе зал. Тэрмаікос Эгейскага м. Каля 1 млн. ж. з прыгарадамі (2000). Марскі порт (выкарыстоўваецца часткова Македоніяй, Югаславіяй, Балгарыяй), вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі, пасля Афін, эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металаапр., маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт; тэкст., харчасмакавая, у т. л. тытунёвая; гарбарна-абутковая, цэлюлозна-папяровая. Ун-т. Археал. музей. Турызм. Штогадовыя міжнар. кірмашы.

Засн. ў 315 да н.э. царом Македоніі Касандрам. У старажытнасці і сярэднія вякі наз. Фесалонікі. З 148 да н.э. пад уладай рымлян, з канца 4 ст. н.э.адм. ц. прэфектуры Ілірык. У 5—6 ст. на С. нападалі готы, у 6—7 ст. — славяне. У візант. эпоху С. — другі па значэнні горад пасля Канстанцінопаля. З пач. 9 ст. цэнтр фемы Фесалонікі. З С. паходзілі слав. асветнікі Кірыла і Мяфодзій. У 904 горад разрабаваны арабамі, у 1185 — нарманамі. З 1204 С. — сталіца лац. Фесалонікскай дзяржавы (з 1209 каралеўства). У 1224 стаў цэнтрам Фесалонікскай імперыі. З 1246 у складзе Нікейскай, у 1261 — Візант. імперый. У 1342—49 у горадзе дзейнічала камуна зілотаў. У 1387 захоплены туркамі, з 1403 зноў у Візант. імперыі. З 1430 у складзе Асманскай імперыі. З 1907 цэнтр руху младатуркаў. Пасля Баяканскіх войнаў 1912—13 адышлі Да Грэцыі. У 1-ю сусв. вайну база войск Антанты, якія ўтварылі каля горада Салонікскі фронт 1915—18. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі (1941—44). Вызвалены грэч. Народна-вызв. арміяй.

Захаваліся рэшткі асобных пабудоў рым. часу, у т. л. арка Галерыя (303 н.э.), руіны палаца. Помнікі сярэдневяковага дойлідства. крэпасць і замак, рэшткі візант. гар. сцен, шматлікія візант. цэрквы, у т. л. св. Георгія (перабудавана ў канцы 4 ст. са стараж.-рым. пабудовы; ратонда, мазаікі канца 4 ст.; цяпер музей раннехрысц. мастацтва), св. Дзімітрыя (перабудавана ў 11 ст., адноўлена ў 1917, мазаікі 5 і 7 ст., фрэскі 10 — пач. 14 ст.), св. Сафіі (пачата ў 5—6 ст., 717—741, мазаікі 9 ст., фрэскі 11 ст.), Маці Божай (1028, фрэскі 14 ст., пры турках перабудавана ў мячэць), Апосталаў (1312—15, фрэскі і мазаікі 14 ст.) і інш. З 20 манастыроў С. захаваўся адзін — Мані Влатадон з царквой 14 ст. У часы тур. панавання выраслі партовая ч. горада і жылыя кварталы са шчыльнай «усходняй» планіроўкай вуліц. З 1920-х г. праводзіцца рэканструкцыя, узведзены новыя сучасныя дамы, комплекс кірмашу (1950-я г.) і ун-та (1960-я г., арх. К.​Карандынас і інш.). Дахрысц. і візант. помнікі С. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Салонікі. Царква Апосталаў. 1312—15.
Салонікі. Царква святога Дзімітрыя.

т. 14, с. 114

САЛО́НІКІ, Саланік,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 6 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Полацк, 106 км ад Віцебска. 784 ж., 297 двароў (2001). Дом культуры, б-ка, медпункт, аддз. сувязі.

т. 14, с. 115