САЛО́Н (грэч. Solōn; паміж 640 і 635 — каля 559 да н.э.),

афінскі (Стараж. Грэцыя) палітычны дзеяч, рэфарматар. Паходзіў са збяднелага арыстакратычнага роду Кадрыдаў. Пасля абрання ў 594 на пасаду архонта ажыццявіў шэраг рэформ у інтарэсах афінскага дэмасу: скасаваў пазыковае рабства, уніфікаваў меры вагі і грашовую сістэму, увёў закон пра свабоду завяшчання і інш. Ранейшы падзел грамадзян паводле родавага паходжання С. замяніў на 4 маёмасныя разрады (філы), якія вызначалі правы і абавязкі грамадзян паводле памераў прыбытку. Усе грамадзяне атрымалі права браць удзел у эклесіі (нар. сход). Заснаваў новы орган кіравання — Раду 400, куды выбіралася па 100 чал. ад кожнай з 4 разрадных філ, і геліэю (суд прысяжных). Рэформы С. сталі важным этапам на шляху ўсталявання афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. С. — адзін з першых атычных паэтаў. Стараж. грэкі прылічалі яго да «сямі мудрацоў».

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)