САЛО́Н (франц. salon, італьян. salone ад sala зала) у архітэктуры і мастацтве, 1) у 15—17 ст. вялікае параднае памяшканне ў італьян. (пазней і інш. еўрап. краін) палацах, прызначанае для прыёмаў, збораў, канцэртаў і інш. 2) Літ.-маст. гурток, які збіраецца ў прыватным доме. Вядомы ў Францыі з 17 ст. (С. маркізы дэ Рамбуе), у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. (С. княгіні З.​А.​Валконскай у 1-й пал. 19 ст. ў Маскве) і інш. 3) Зала, памяшканне для экспанавання і продажу твораў мастацтва (гл. таксама Мастацкая галерэя).

4) Перыядычная публічная выстаўка твораў сучаснага мастацтва. Першая афіц. выстаўка, дзе экспанаваліся творы жывых мастакоў, адбылася ў 1653 у Парыжы па ініцыятыве Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1673 С. ладзіліся пад адкрытым небам, у палацы Пале-Руаяль, з 1699 у Луўры (да 1736 у Вял. галерэі, у 1737—1848 у т.зв. Квадратным С.; адсюль назва), пазней у Вял. палацы, з 1848 у палацы Гран Пале на Елісейскіх палях. Да 1746 адбываліся штогод, пазней раз у 2 гады. Да сярэдзіны 19 ст. былі найб. прадстаўнічай афіц. выстаўкай у Францыі, дзе экспанаваліся творы пераважна чл. акадэміі і т.зв. прызначаных. Майстры, якія не займалі значнага месца ў маст. іерархіі, выстаўлялі свае творы на пл. Дафіна (т.зв. С. маладых) і інш. Арганізацыя С. паўплывала на фарміраванне выставачнай дзейнасці (з’яўленне першых каталогаў, крытычных артыкулаў, маст. журы і інш.). З пач. 19 ст. арганізатары С. падтрымлівалі руціннае акад. мастацтва, варожа ставіліся да наватарства і парушэння традыцый (гл. Салоннае мастацтва), што выклікала вострую барацьбу маст. кірункаў і іх супрацьпастаўленне С. З 1881 у веданні Т-ва франц. мастакоў, якое ладзіць штогадовыя «Веснавыя С.» (з 1903 таксама «Восеньскія С.»). З канца 19 ст. ўзнікаюць авангардысцкія выстаўкі, якія таксама маюць назву С. (напр., «С. Незалежных», 1884) і С. ў інш. краінах. У шырокім значэнніунутр. памяшканне аўтобуса, самалёта, аўтамабіля і пад. для пасажыраў.

т. 14, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)