Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІНІЯЦЮРЫЗА́ЦЫЯ (франц. miniaturisation ад miniature нешта вельмі маленькае),

сукупнасць метадаў значнага змяншэння габарытаў, масы і энергаспажывання радыёэлектронных апаратаў з адначасовым павелічэннем іх надзейнасці; кірунак у канструяванні прылад, механізмаў, машын і інш. (пераважна ў электроніцы, электратэхніцы і прыладабудаванні).

Абумоўлена пашырэннем функцый і галін выкарыстання электронных сродкаў аўтаматызацыі вытв-сці, выліч. і вымяральнай тэхнікі, радыётэхнікі і інш., што звязана з ускладненнем электроннай апаратуры і павелічэннем колькасці яе элементаў. Грунтуецца на рацыянальным канструяванні і вырабе вузлоў і элементаў апаратуры з выкарыстаннем пячатных плат, мікрамодуляў, інтэгральных схем і інш. Ажыццяўляецца змяншэннем памераў вузлоў і элементаў прылад, павелічэннем шчыльнасці іх упакоўкі, скарачэннем колькасці і памераў міжэлементных злучэнняў, выкарыстаннем новых канструкцыйна-тэхнал. рашэнняў з мэтай змяншэння колькасці асобных дэталей і іх габарытных памераў.

Л.І.Гурскі.

т. 10, с. 389

МІ́НІ-ФУТБО́Л,

спартыўная камандная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек, у т.л. варатар. Мэта камандаў — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Працягласць гульні — 2 таймы па 20 мін «чыстага часу». Гульня ідзе на пляцоўцы даўж. 24—42 м і шыр. 14—22 м. Пакрыццё пляцоўкі пад адкрытым небам — земляны грунт, дзёран, сінт. дыван, у памяшканні — сінт. ці драўлянае. Памеры варот 3 × 2 м.

У Еўропе пачаў развівацца ў Аўстрыі (1958). З 1980-х г. пашырыўся ў Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Нідэрландах, Расіі і інш. Першы чэмпіён Еўропы — каманда Іспаніі (1996, г. Кордава, Іспанія), першы чэмпіён свету — каманда Бразіліі (1996, Нідэрланды).

На Беларусі папулярны з канца 1980-х г. Створаны 2 лігі. Першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся ў 1990, гульні на Кубак Беларусі праводзяцца з 1991.

т. 10, с. 388

МІНКЕ́ВІЧ (Альберт Вітольдавіч) (н. 13.3.1941, Мінск),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1988). Скончыў БДУ (1963), дзе і працуе. Навук. працы па гравітацыі і касмалогіі. Развіў калібровачны падыход пры даследаванні праблем рэлятывісцкай астрафізікі і касмалогіі, прапанаваў рашэнне праблемы гравітацыйных сінгулярнасцей агульнай тэорыі адноснасці, атрымаў вывад пра магчымае існаванне ў прыродзе гранічнай шчыльнасці масы. эфекту вакуумнага гравітацыйнага адштурхоўвання, звышшчыльных гравітавальных аб’ектаў.

Тв.:

Generalized cosmological Friedmann equations without gravitational singularity // Physics Letters. 1980. Vol. 80A, № 4;

Гравитирующие системы в экстремальных условиях и калибровочные теории тяготения // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1995. № 4.

т. 10, с. 389

МІНКЕ́ВІЧ (Франц Адольфавіч) (1.8.1904, г. Мінск — 17.1.1988),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Маскоўскую артыл. школу (1930), Харкаўскую школу марскіх лётчыкаў-назіральнікаў (1933). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Штурман далёкабамбардзіровачнага авіяпалка маёр М. зрабіў 97 баявых вылетаў, у т.л. са студз. 1942 удзельнічаў у налётах на Берлін, у маі 1942 група бамбардзіроўшчыкаў на чале з ім бамбіла ваен. аб’екты і чыг. станцыі ў акупіраваным Мінску. Да 1947 у Сав. Арміі, да 1962 на гасп. рабоце.

Ф.А.Мінкевіч.

т. 10, с. 389

МІ́НКІН (Алег Гаўрылавіч) (н. 31.3.1952, в. Чарняўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1975). Працаваў электрамантажнікам, майстрам па буд-ве электрападстанцый, інжынерам у сістэме «Галоўтранснафта». З 1981 у Брэсце. З 1991 у Вільнюсе. З 1998 рэдактар газ. беларусаў Літвы «Рунь». Друкуецца з 1980. Аўтар зб-каў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна» (1991), «Пенаты» (1999), кніжкі для дзяцей «За месяцам месяц» (1994), кн. прозы (антыутопіі) «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994). Паводле бел. нар. казкі напісаў п’есу «Як Лыска ваўком быў» (1985). З польскай пераклаў на бел. мову кнігі паэзіі «Ідзі за мною» Ц.Норвіда (1993), «Пан Блішчынскі» Б.Лесьмяна, «Высокія дрэвы» Л.Стафа (абедзве 1994).

І.У.Саламевіч.

т. 10, с. 389

МІ́НКІН (Яфім Львовіч) (н. 22.1.1922, г. Магілёў),

поўны кавалер ордэна Славы. Д-р геолага-мінералагічных н. (1968). Скончыў Маскоўскі геолагаразведачны ін-т (1950). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Сталінградскім, Зах., 1-м, 2-м Укр. франтах. Разведчык яфрэйтар М. вызначыўся ў 1944 у баях на тэр. Румыніі і Венгрыі, у 1945 — Аўстрыі. Да 1987 у ін-це водных праблем Расійскай АН.

т. 10, с. 389

МІ́НКІНА (Валянціна Рыгораўна) (н. 29.5.1952, Мінск),

бел. вучоны ў галіне цепламасаабмену. Д-р тэхн. н. (1994). Скончыла БДУ (1974). З 1974 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі сумесна працякаючых працэсаў цепла- і масапераносу і хім. кінетыцы газафазнага асаджэння. Распрацавала новы метад вызначэння эфектыўнай скорасці тэрмічнага раскладання элементаарган. злучэнняў.

Тв.:

Макрокинетика процесса химического осаждения из газовой фазы, сопровождающегося гомогенными реакциями // Теоретич. основы хим. технологии. 1999. Т. 33, № 1.

т. 10, с. 389

МІНКО́ (Васіль Пятровіч) (14.1.1902, с. Мінкаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 30.1.1989),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це нар. адукацыі (1929—31). Дэбютаваў у 1924. Пісаў апавяданні, нарысы (зб-кі «Улада на месцах», 1928; «Поўная чаша», 1950), аповесці («Ярына Чаркас», 1936; «Над Харол-ракой», 1949) і інш. Актуальнасцю тэматыкі вызначаліся сатыр. камедыі «Не называючы прозвішчаў» (1953), «Маўчаць забаронена» (1955), «На хутары ля Дзіканькі» (1958), «Жаніх з Аргенціны» (1960), «Камедыя з двума інфарктамі» (1967), «Яго вялікасць — каравай» (1979) і інш. Аўтар драм, аўтабіягр. аповесці «Мая Мінкаўка» (ч. 1—2, 1962—70), мемуараў «З пяром, як з ружжом» (1981).

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1981;

Рус. пер. — Драма и комедии. М., 1963.

В.А.Чабаненка.

т. 10, с. 390

МІНКО́ЎСКАГА ПРАСТО́РА-ЧАС, прастора Мінкоўскага,

чатырохмерная прастора, што аб’ядноўвае фіз. 3-мерную прастору і час. Уведзены Г.Мінкоўскім (1908).

Пункты М.п.-ч. адпавядаюць падзеям спец. адноснасці тэорыі і вызначаюцца 4 каардынатамі: x1 = x, x2 = y, x3 = z, x0 = ct, дзе x, y, z — прамавугольныя дэкартавы каардынаты падзеі ў некаторай інерцыяльнай сістэме адліку (ІСА), c — скорасць святла ў вакууме, t — час падзеі. Геам. ўласцівасці М.п.-ч. вызначаюцца выразам квадрата інтэрвалу (адлегласці паміж 2 падзеямі): ds2 = c2dt2dx2dy2dz2, дзе dx, dy, dz — элементарны зрух каардынат x, y, z, dt = dx0/c — элементарны зрух паміж падзеямі ў часе. Інтэрвал з’яўляецца інварыянтам пры пераходзе ад адной ІСА да другой. Траекторыя руху часціцы (матэрыяльнага пункта) у М.п.-ч. наз. сусветнай лініяй (СЛ). Участкі траекторыі, дзе ds2 > 0, наз. часападобнымі дзе ds2 < 0 — прасторавападобнымі, дзе ds2 = 0 — нулявымі. Рэальныя часціцы рухаюцца ўздоўж часападобных СЛ, светлавы прамень — уздоўж нулявой СЛ. Геаметрыя М.п.-ч. ляжыць у аснове матэм. апарата спец. тэорыі адноснасці і дазваляе даць наглядную інтэрпрэтацыю яе кінематычных эфектаў.

А.І.Балсун.

т. 10, с. 390

МІНКО́ЎСКІ ((Minkowski) Герман) (22.6.1864, в. Алексоты Каўнаскага пав., Літва — 12.1.1909),

нямецкі матэматык і фізік, адзін з заснавальнікаў спец. адноснасці тэорыі. Праф. ун-таў у Боне (з 1892), Кёнігсбергу (з 1895), Цюрыху (з 1896), Гётынгене (з 1902); прадстаўнік гётынгенскай матэм. школы. Навук. працы па геаметрыі, геам. метадах у тэорыі лікаў, матэм. фізіцы, гідрадынаміцы. Даў геам. інтэрпрэтацыю кінематыкі спец. тэорыі адноснасці (гл. Мінкоўскага прастора-час).

Тв.:

Рус. пер. — Пространство и время // Принцип относительности: Г.А.Лоренц. А.Пуанкаре. А.Эйнштейн. Г.Минковский. Л., 1935.

Літ.:

Делоне Б.Н. Герман Минковский // Успехи мат. наук. 1936. Вып. 2.

Г.Мінкоўскі.

т. 10, с. 390