Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НІН (Руслан Яўгенавіч) (н. 16.5.1974, г. Львоў, Украіна),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1991, педагог А.Калядэнка). З 1992 саліст Нац. акад. т-ра балета Рэспублікі Беларусь. Яго творчасці ўласцівы тэхнічнасць, схільнасць да выразнай выяўл. пластыкі. Сярод партый: Князь Уладзімір («Страсці» А.Мдывані), Зігфрыд і Ротбарт, Прынц і Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Конрад і Ланкедэм («Карсар» А.Адана), Актэон («Эсмеральда» Ц.Пуні), Юнак («Балеро» М.Равеля), Кашчэй, Юнак («Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Спартак і Крас («Спартак» А.Хачатурана), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Тэрэніо («Ундзіна» Г.Генцэ), Хазэ і Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Д’ябал («Стварэнне свету» А.Пятрова).

т. 10, с. 386

МІ́НІН (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 10.1.1929, С.-Пецярбург),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Малдовы (1961). Нар. арт. Расіі (1978). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). Вучань У.Сакалова, А.Свешнікава. У 1949—50 і 1954—57 хормайстар Дзярж. хору СССР, у 1958—63 — малд. хар. капэлы «Дойна», у 1965—67 — Ленінградскай акад. капэлы. Арганізатар і кіраўнік Маскоўскага акад. камернага хору, з 1987 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага рускага хору. Выкладаў у Маскоўскай і Новасібірскай кансерваторыях, кішынёўскім Ін-це мастацтваў, з 1967 выкладае ў Рас. акадэміі музыкі (з 1978 праф., у 1971—79 рэктар). Дзярж. прэмія СССР 1982.

т. 10, с. 386

МІ́НІН (Якаў Кірэевіч) (22.4.1922, в. Шарсцін Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 15.6.1985),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Тамбоўскую лётную школу (1942), школу вышэйшай лётнай падрыхтоўкі (1945, 1960). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Калінінскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах. Лётчык-штурмавік лейтэнант М. зрабіў 104 баявыя вылеты, удзельнічаў у 19 паветр. баях, асабіста збіў 3 самалёты, знішчыў шмат баявой тэхнікі і ўмацаванняў ворага. Да 1978 у грамадз. паветр. флоце. У 1960 у складзе экіпажа самалёта ТУ-104Е устанавіў 6 сусв. рэкордаў.

Я.К.Мінін.

т. 10, с. 387

МІ́НІН (Яўхім Сямёнавіч) (8.10.1894 або 21.10.1897, г. Віцебск — 29.12.1937),

бел. графік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Петраградзе (1916—18), Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна (1920—21). Выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы (1920—37). У 1937 рэпрэсіраваны, у 1958 рэабілітаваны. Працаваў пераважна ў тэхніцы дрэварыта. Стварыў шмат краявідаў Віцебска, жанравых сцэн, партрэтаў, экслібрысаў. Творы вызначаюцца дасканаласцю штрыхоўкі, дакладнасцю форм, багатай танальнасцю, эмацыянальнасцю маст. вобразаў. Сярод твораў: серыі дрэварытаў «Стары Віцебск» (1926—28), «Помнікі драўлянага дойлідства Беларусі» (1927—28), «Вайна» (1932), партрэты старога (1928), Гамера (1935), серыя акварэлей «Віцебск» (1932), жывапіснае палатно «Цэх Віцебскай фабрыкі акуляраў» (1935), экслібрысы і інш.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг. Мн., 1975.

П.М.Герасімовіч.

Я.С.Мінін Успенскі сабор у Віцебску. 1927.

т. 10, с. 387

МІ́НІНА (Раўза Хамідаўна) (23.12.1907, в. Мусіна Арэнбургскай вобл., Расія — 15.6.1991),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1950), праф. (1952). Скончыла 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1930). У 1950—72 дырэктар Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі. Навук. працы па арганізацыі артапеда-траўматалагічнай дапамогі, рэгенерацыі касцявой тканкі, прыроджаных вывіхах бядра.

Тв.:

Организация травматологической и ортопедической помощи в Белорусской ССР // Тр. I Всесоюз. съезда травматологов-ортопедов. М., 1965.

т. 10, с. 387

МІНІ́РУЮЧЫЯ МУ́ШКІ (Agromyzidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца М.м. (мінёры): шмат’едная (Phytomyza atricornis, або Ph. horticola), капусная (Ph. ruflpes), заразіхавая (Ph. orobanchia), злакавыя (з роду Agromyza), падкорнікі (з роду Phytobia).

Даўж. 0,9—4 мм. Цела і ногі кароткія, грудзі масіўныя, брушка шырокае. Крылы роўныя з целам або крыху даўжэйшыя. Спінка звычайна светлая, ногі і бакі грудзей жоўтыя. 1—2 генерацыі за год. Зімуюць у фазе кукалкі. Лічынкі расліннаедныя, выгрызаюць шчылінападобныя поласці — міны (адсюль назва) у парэнхіме лісця, радзей у сцёблах; у некат. развіваюцца ў камбіі маладых дрэў, у суквеццях ці насенні складанакветных, утвараюць галы. Большасць манафагі і алігафагі, некат. паліфагі. Каля 150 відаў — шкоднікі с.-г. культур.

Да арт. Мініруючыя мушкі Мінёр шмат’едны (1 — дарослы, 2 — лічынка і кокан, 3 — пашкоджаны ліст); 4 — мінёр рысавы.

т. 10, с. 387

МІНІСТЭ́РСТВА (ад лац. ministro служу, кірую),

родавая назва найб. важных цэнтр. органаў дзярж. кіравання, якія ўваходзяць у структуру ўрада. Упершыню створаны ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. У Расіі ўведзены ў 1802, у СССР — у 1946 (адпаведна і ў Беларусі), да гэтага — наркаматы. Кіраўнік М. (міністр) — звычайна дзеяч, што ўваходзіць у склад урада. У некат. краінах М. ствараюцца на аснове актаў вышэйшых заканад. органаў (напр., ЗША) ці кіраўніка дзяржавы (напр., у Францыі) або на аснове законаў (актаў) урада. Колькасць М., іх структура і размеркаванне кампетэнцыі паміж імі вызначаюцца кіраўніком урада або выканаўчай улады (прэм’ер-міністрам, у Рэспубліцы Беларусь — прэзідэнтам). Для выканання ўскладзеных на іх задач М. надзяляюцца паўнамоцтвамі дзярж.-ўладнага характару і маюць права выдаваць юрыд. акты, абавязковыя для выканання падведамнымі арг-цыямі. Унутраная структура М. разнастайная (нават у межах адной краіны) і залежыць ад памераў М., аб’ёму і характару яго дзейнасці. М. маюць цэнтр. апарат, часам таксама рэгіянальныя і мясц. органы. Пры М. існуюць розныя дапаможныя органы. У М. Рэспублікі Беларусь утвараецца калегія ў складзе міністра (старшыні, які назначаецца Прэзідэнтам), яго намеснікаў, інш. кіраўнікоў. Члены калегіі зацвярджаюцца ўрадам. У 1999 у Рэспубліцы Беларусь існавалі М.: архітэктуры і будаўніцтва; унутраных спраў; жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аховы здароўя; замежных спраў; культуры; лясной гаспадаркі; абароны; адукацыі; па кіраванні дзярж. маёмасцю і прыватызацыі; па надзвычайных сітуацыях; прадпрымальніцтва і інвестыцый; прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прамысловасці; сувязі; сельскай гаспадаркі і харчавання; сац. абароны, спорту і турызму; статыстыкі і аналізу; паліва і энергетыкі; гандлю; транспарту і камунікацый; працы; фінансаў; эканомікі; юстыцыі. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

т. 10, с. 387

МІНІСТЭ́РСТВА БЕЛАРУ́СКІХ СПРАЎ ЛІТВЫ́,

орган выканаўчай улады ў літ. урадзе ў 1918—23. Створаны ў выніку перагавораў паміж Віленскай беларускай радай і Прэзідыумам Літоўскай Тарыбы ад 27.11.1918. Беларусам адводзілася 25% з агульнай колькасці месц у літ. урадзе, дзейнічала на тэр. Гродзеншчыны і Віленшчыны. Мін-ва ўзначальвалі Я.Варонка (1.12.1918—12.3.1919; 12.4.1919—19.6.1920) і Д.Сямашка (19.6.1920—2.2.1922). Сфарміравала 1-ы бел. пешы полк, які дыслацыраваўся ў Гродне. Пры ўдзеле прадстаўнікоў М.б.с.Л. створаны гродзенскія пав. рада, бел. краёвая ўправа і к-т сувязі культ.-нац. адраджэння Беларусі. Мела на мэце папярэдзіць акупацыю бел. зах. зямель Польшчай шляхам стварэння супольнай бел.-літ. дзяржавы. У 1923, пасля канчатковага далучэння Віленшчыны да Польшчы, адносіны з ліг. урадам пагоршыліся і мін-ва спыніла сваю дзейнасць.

У.Ф.Ладысеў.

т. 10, с. 387

МІ́НІЧЫ,

вадасховішча ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Мінічы. Створана на р. Шчара ў 1985. Пл. 5,4 км2, даўж. 7 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 7,5 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння г. Баранавічы, рыбагадоўлі, адпачынку.

т. 10, с. 388

МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),

мастацкі твор малых памераў.

У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.

Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.

На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.

М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.

Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.Кловіо (Італія), Ф.Клуэ (Францыя), Г.Гольбейн Малодшы (Германія), Н.Хіліярд, А.Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж-Петыго (Швейцарыя), С.Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.Кар’еры ў Італіі, Ж.А.Фраганара, Ж.Б.Ізабэ ў Францыі, Г.Ф.Фюгера ў Аўстрыі, У.Баравікоўскага, А Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл. Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.М.Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.Осіпавы, В. і А.Ражковы і інш.

У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш. Гл. Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.

У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага, Б.Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы, А.Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.

У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Глебава, Я.Дзяіцярыка, І.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш. Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон, Ф.Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.Чайкоўскі, А.Лядаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп. А.Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.Кузняцова і інш.).

У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар. т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».

Л.Ф.Салавей (выяўл. мастацтва), А.М.Пяткевіч (літаратура), Т.А.Шчэрба (музыка).

Да арт. Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.
Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.
Да арт. Мініяцюра. Р.Мусікійскі. Партрэт Пятра 1. 1723.
Да арт. Мініяцюра Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.

т. 10, с. 388