Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСТА́НКІНА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.Кампарэзі, П.Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.Гардзеева і Г.Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.Бурдзін, Л.Батанаў, В.Мілашэўскі, інж. М.Нікіцін, Б.Злобін).

т. 2, с. 43

АСТАНЦЫ́,

ізаляваныя (астраўныя) узвышаныя элементы рэльефу (асобныя масівы), уцалелыя ад разбурэння. Адрозніваюць астанцы: выветрывання (скалістыя масівы вычварнай формы са стромкімі схіламі, у пустынных і паўпустынных абласцях); абцякання (складзеныя з рыхлага алювіяльнага матэрыялу, у далінах рэк); масівы з больш цвёрдых парод у працэсе эрозіі платопадобных тэрыторый утвараюць своеасаблівыя астанцы — сталовыя горы.

т. 2, с. 44

«А́СТАН МА́РЦІН»

(Aston Martin),

легкавыя аўтамабілі вышэйшага класа аднайм. фірмы (Вялікабрытанія). Выпускаюцца з 1921. У 1994 вырабляліся

мадыфікацыі з магутнасцю рухавіка 137—342 кВт; найб. скорасць руху 260—280 км/гадз.

т. 2, с. 43

Астапаў Валерый Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 337

АСТА́ПЕНКА Алесь

(Аляксандр Кірылавіч; 14.7.1920, в. Сырская Буда Добрушскага р-на Гомельскай вобласці — 20.7.1970),

бел. паэт, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Айч. вайны. Быў цяжка паранены. Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. Друкаваўся з 1940. Услаўляў ваенны подзвіг чалавека, яго стваральную працу (зб-кі «Выпрабаванне», 1974; «Дзень маёй Радзімы», 1952; «Сэрца спявае», 1960). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы М.Ісакоўскага, П.Тычыны, Я.Райніса. Вершы Астапенкі паклалі на музыку бел. кампазітары Г.Вагнер, І.Кузняцоў, Дз.Лукас, С.Палонскі, Р.Пукст, Н.Сакалоўскі.

Тв.:

Выпрабаванне. Мн., 1980.

т. 2, с. 44

АСТА́ПЕНКА Вадзім Рыгоравіч

(17.8.1924, в. Шамава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобласці — 20.12.1989),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1972), праф. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953), дзе і працаваў да 1975 і ў 1978—87. Адначасова гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі (1978—87). У 1975—78 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па хірург. лячэнні шчытападобнай залозы, язвавай хваробы страўніка і 12-перснай кішкі, паталогіі гепатабіліярнай сістэмы, праблемах партальнай гіпертэнзіі і сарбцыйнай дэтаксікацыі ў хірургіі.

Тв.:

Хирургическое лечение тиреотоксикозов. Мн., 1961;

Практическое пособие по частной хирургии. Мн., 1968.

т. 2, с. 44

АСТА́ПЕНКА Змітрок

(Дзмітрый Емяльянавіч; 23.11.1910, в. Калеснікі Хіславіцкага р-на Смаленскай вобласці — кастр. 1944),

бел. паэт. Скончыў Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1929). Працаваў у рэсп. Прэсе. 5.12.1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў. З лагера ўцёк. Жыў у Маскве. Удзельнік Айч. вайны. Загінуў у баі ў Карпатах. Друкаваўся з 1926. Пісаў пераважна апавядальна-сюжэтныя творы (зб-кі «На ўсход сонца», «Краіне», абодва 1931, «Абураныя», 1932; цыкл вершаў «Ноч на станцыі Негарэлае», нап. 1930; паэма «Два таварышы», нап. 1931). У паэме «Эдэм» (нап. 1944) уславіў мужнасць і самаахвярнасць народа ў змаганні з ворагам. Аўтар вершаванай кн. для дзяцей «Трактар» (1933). Стаяў ля вытокаў бел. навук.-фантаст. л-ры (раман «Вызваленне сіл», 1932). Пераклаў на бел. мову раманы «Маці» М.Горкага (1932), «Ваколіцы» Л.Первамайскага (1931), аповесць «Ударны атрад» А.Дончанкі (1932), «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» К.Ванака (1932) і інш.

Тв.:

Вершы і паэмы. Мн., 1968.

Літ.:

Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн., 1978. Т. 2;

Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;

Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990.

т. 2, с. 44

АСТАПЕ́НЯ Аляксандр Паўлавіч

(н. 29.1.1939, Мінск),

бел. гідрабіёлаг. Д-р біял. н. (1989). Скончыў БДУ (1961), працуе ў ім. Навук. працы па прадукцыйнай гідрабіялогіі, фарміраванні якасці водаў, самаачышчэнні водных сістэм і паводзінах радыенуклідаў у вадаёмах, біятычным кругавароце пры функцыянаванні водных экасістэм.

Тв.:

Общие основы изучения водных экосистем. Л., 1979 (у сааўт.);

Экологическая система Нарочанских озер. Мн., 1985 (у сааўт.);

Химический состав и энергетическая ценность перифитона в мезотрофном озере (разам з Т.А.Макарэвіч, Т.В.Жукавай) // Гидробнологический журнал. 1992. Т. 28. № 1.

т. 2, с. 44

АСТАПЕ́НЯ Павел Васілевіч

(27.12.1901, в. Маглысоўшчына Слуцкага р-на Мінскай вобласці — 13.11.1981),

бел. гігіеніст. Д-р мед. н. (1958), праф. (1967). Засл. дз. навукі Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1927). З 1937 дырэктар Бел. санітарнага ін-та. У 1946—63 дырэктар Бел. сан.-гігіенічнага НДІ; у 1968—73 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні гідрахім. асаблівасцяў крыніц водазабеспячэння для складання воднага кадастру, ген. схемы рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў Беларусі.

Тв.:

Биологические пруды в практике очистки сточных вод. Мн., 1966 (у сааўт.).

т. 2, с. 45

АСТАПКО́ВІЧ Ігар Вячаслававіч

(н. 4.1.1963, г. Наваполацк),

бел. спартсмен (лёгкая атлетыка — кіданне молата), засл. майстар спорту СССР (1991), Беларусі (1995). Скончыў Наваполацкі політэхн. ін-т (1986). Чэмпіён Еўропы (1990), пераможца гульняў Добрай волі (1990), сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1992), чэмпіянатаў свету (1991, 1993, 1995), Кубка Еўропы (1994).

т. 2, с. 45