КАРО́ЗІЯ ў тэхніцы,
1) К. металаў — разбурэнне металаў у выніку хім., эл.-хім. і біяхім. ўзаемадзеяння са знешнім асяроддзем (паветрам, вадой і інш.). К. жалеза і яго сплаваў наз. таксама ржаўленнем.
Хім. К. абумоўлена адначасовым працяканнем акісляльных і аднаўляльных рэакцый (гл. Акісленне-аднаўленне). Назіраецца пры высокай т-ры, у паветры, расплаўленых металах, нафце, бензіне і інш. Найб. пашыраным электрахім. К. ўзнікае пры ўзаемадзеянні металаў з вадкімі электралітамі. Біяхім. К. выклікаюць бактэрыі і інш. мікраарганізмы. Адрозніваюць таксама К.: пад напружаннем, блукальнымі токамі, радыехімічную, кантактную (пры кантакце двух разнародных металаў), пры кавітацыі, фрэтынг-карозію (крохкае разбурэнне пры адначасовым уздзеянні знешняга асяроддзя, трэння і цыклічных нагрузак); суцэльную (раўнамерную, нераўнамерную) і мясцовую (плямамі, язвамі, кропкамі, міжкрышталітную і інш.). Страты ад К. ў развітых краінах складаюць 5—10% ад нац. даходу. Змяншаюць К. ўвядзеннем у металы інгібітараў, легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў, выкарыстаннем каразійнаўстойлівых матэрыялаў, у т. л. нержавеючых сталей.
2) К. бетону і жалезабетону — разбурэнне іх у выніку хім., фізіка-хім. і біял. ўзаемадзеяння з агрэсіўным знешнім асяроддзем (пры фільтрацыі водных раствораў праз бетон). Яе змяншаюць выбарам устойлівых цэментаў і запаўняльнікаў, выкарыстаннем бетонаў павышанай шчыльнасці, воданепранікальнасці і ўстойлівасці, унясеннем спец. дабавак, нанясеннем лакафарбавых пакрыццяў, абмазкай арматуры ахоўнымі саставамі і інш.
А.І.Гараст.
т. 8, с. 88
КАРО́ЛІК (Альбіна Сямёнаўна) (н. 16.7.1947, с. Малы Істок Сысерцкага р-на Екацярынбургскай вобл., Расія),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1997). Скончыла БДУ (1971). З 1971 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі цвёрдага цела, уласцівасцях электрапераносу, электроннай структуры металаў і сплаваў. Распрацавала тэорыю і мадэлі для разліку ўкладу структурных дэфектаў рознай размернасці ў электрасупраціўленне і тэрмаэлектрарухальную сілу металаў, тэорыю тэрмаэл. і п’езатэрмаэл. эфектаў у сплавах.
Тв.:
Структурная зависимость термоэлектрических свойств и неразрушающий контроль. Мн., 1990 (разам з А.А.Лухвічам, У.І.Шарандам).
т. 8, с. 88
КАРО́ЛЬ,
манархічны тытул. Этымалогію назвы К. выводзяць з лац. формы імя Карла Вялікага — Carolus (8—9 ст.); паводле інш. версіі, паходзіць з прагерманскага Karla (стары, старэйшына). Скандынаўскія крыніцы і хроніка Пятра Дусбургскага ўпершыню на землях Беларусі называюць К. (Konung, rex) полацкіх князёў, якія рэальна былі вярх. ўладарамі і ўспрымаліся адпаведна вярх. сюзерэнамі. К. ў Польшчы, пазней і ў Рэчы Паспалітай выбіраліся сеймам. У час каранацыі К. атрымліваў знакі ўлады — залатую карону, скіпетр, яблык (залаты шар з крыжам), каралеўскі меч і пярсцёнак. З’яўляўся найвышэйшым суддзёй, узначальваў войска ў час паходаў, быў кіраўніком знешняй палітыкі. Гл. таксама Каралеўства.
т. 8, с. 89
КАРО́ЛЬ (Ігар Міхайлавіч) (н. 4.7.1938, ст. Чырвоны Сцяг Смалявіцкага р-на, Мінскай вобл),
бел. вучоны-отарыналарынголаг. Д-р мед. н. (1991), праф. (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1961). З 1981 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па даследаванні вестыбулярнай і слыхавой функцый пры ўздзеянні фіз. фактараў навакольнага асяроддзя, хірург. лячэнні хвароб вуха, горла, носа.
Тв.:
Патология сердечно-сосудистой системы: (Сб. науч. тр.). Мн., 1984 (у сааўт.);
Сам себе доктор: Семейная энцикл. 2 изд. Мв., 1994 (у сааўт.).
т. 8, с. 89
КАРО́ЛЬ (Рыгор Якаўлевіч) (20.10.1922, в. Турок Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 7.5.1985),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Курскай дузе, у Прыбалтыцы, Польшчы, Германіі; камандзір гарматы, потым агнявога ўзвода. Ст. сяржант К. вызначыўся: 191.1944 пры вызваленні Калінінскай вобл. разлік яго гарматы знішчыў 2 станковыя кулямёты і процітанк. гармату; 17—23.7.1944 у баях за вызваление Пскоўскай вобл. знішчыў 4 кулямёты і 6 гармат; у крас.—маі 1945 у баях на вуліцах Берліна ўзвод пад яго камандаваннем падавіў агонь 2 мінамётных батарэй, знішчыў бронетранспарцёр, 11 кулямётаў, 2 мінамётныя батарэі, больш за 50 гітлераўцаў. Да 1974 у Сав. арміі, маёр.
т. 8, с. 89
КАРО́ЛЬ (Сцяпан Георгіевіч) (2.12.1894, в. Дварэц Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.1.1975),
генерал-лейтэнант авіяцыі (1944). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1940). У 1933—37 камандзір і камісар авіябрыгады ў Бел. і Кіеўскай ваен. акругах. У Вял. Айч. вайну на Цэнтр., Варонежскім, Сцяпным і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра, камандзір авіядывізіі знішчальнага авіякорпуса. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Кіева, Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі. У 1947—51 нач. ф-та Ваен. акадэміі.
т. 8, с. 89
КАРО́ЛЬ (Уладзімір Адамавіч) (14.12.1912, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 26.5.1980),
бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1962). Нар. архітэктар СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1979). Скончыў Усерас. АМ у Ленінградзе (1941). У 1955—79 старшыня Дзярж. к-та БССР па справах буд-ва, адначасова з 1959 выкладаў у БПІ. Сярод работ у Мінску: праекты планіроўкі і забудовы праспекта Скарыны (б. Ленінскі праспект) і Кастрычніцкай пл. (б. Цэнтральная; у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), будынак Гал. тэлеграфа, Мінскі галоўны паштамт (абодва ў сааўт.), манумент Перамогі і інш. Адзін з аўтараў мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
Тв.:
Архитектурный облик будущего Минска. Мн., 1953;
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
т. 8, с. 89
КАРО́МКА,
стаянка ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс. г. назад) ва ўрочышчы Каромка каля в. Залаззе Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Пры даследаванні знойдзены скрабкі, разцы, тронкавыя і асіметрычныя наканечнікі стрэл, сякеркі з перахватам, пласцінкі з прытупленым краем і інш. Трапляюцца дробныя, старанна апрацаваныя вастрыі, невял. праколкі, разнастайныя камбінаваныя прылады для апрацоўкі косці, рогу, дрэва, скуры і інш.
т. 8, с. 89
КАРО́НА (ад лац. corona вянец, вянок),
1) галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха; адбітак, малюнак падобнага прадмета на гербах, ордэнах і інш. Урачыстая цырымонія ўскладання К. на манарха, які ўступае на прастол, наз. каранацыя.
2) Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Утвараецца гарачай (1—2 млн. К) разрэджанай высокаіанізаванай плазмай. Выяўляецца на адлегласцях да некалькіх дзесяткаў радыусаў Сонца і паступова рассейваецца ў міжпланетнай прасторы.
т. 8, с. 89