КАРО́ВІН (Канстанцін Аляксеевіч) (5.12.1861, Масква — 11.9.1939),
рускі жывапісец. Прадстаўнік рус. імпрэсіянізму. Брат С.А.Каровіна. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1886), вучыўся ў А.Саўрасава і В.Паленава, у Пецярбургскай АМ (1882). Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901—18) і Дзярж. вольных маст. майстэрнях (1918—19). Член аб’яднанняў «Мир искусства» і Саюз рус. мастакоў. Творы вылучаюцца свежасцю пленэрнага выканання, пастознасцю фарбавай масы, яркасцю каларыту і святлонасычанасцю, аптымістычнасцю светаўспрымання: «Паўночная ідылія» (1886), «Каля балкона» (1888—89), «Зімой» (1894), «Парыжская кавярня» (1899—1900), партрэты Т.С.Любатовіч (1886—87), Ф.І.Шаляпіна (1911) і інш. Як тэатр. мастак стварыў арыгінальны, сінтэтычны маст. вобраз муз. спектакляў («Садко», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава, «Канёк-гарбунок» Ц.Пуні і інш.). З 1923 працаваў у Францыі.
В.Я.Буйвал.
К.Каровін. Каля балкона. Іспанкі Леанора і Ампара. 1886.