КАРО́ЗІЯ ў тэхніцы,

1) К. металаў — разбурэнне металаў у выніку хім., эл.-хім. і біяхім. ўзаемадзеяння са знешнім асяроддзем (паветрам, вадой і інш.). К. жалеза і яго сплаваў наз. таксама ржаўленнем.

Хім. К. абумоўлена адначасовым працяканнем акісляльных і аднаўляльных рэакцый (гл. Акісленне-аднаўленне). Назіраецца пры высокай т-ры, у паветры, расплаўленых металах, нафце, бензіне і інш. Найб. пашыраным электрахім. К. ўзнікае пры ўзаемадзеянні металаў з вадкімі электралітамі. Біяхім. К. выклікаюць бактэрыі і інш. мікраарганізмы. Адрозніваюць таксама К.: пад напружаннем, блукальнымі токамі, радыехімічную, кантактную (пры кантакце двух разнародных металаў), пры кавітацыі, фрэтынг-карозію (крохкае разбурэнне пры адначасовым уздзеянні знешняга асяроддзя, трэння і цыклічных нагрузак); суцэльную (раўнамерную, нераўнамерную) і мясцовую (плямамі, язвамі, кропкамі, міжкрышталітную і інш.). Страты ад К. ў развітых краінах складаюць 5—10% ад нац. даходу. Змяншаюць К. ўвядзеннем у металы інгібітараў, легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў, выкарыстаннем каразійнаўстойлівых матэрыялаў, у т. л. нержавеючых сталей.

2) К. бетону і жалезабетону — разбурэнне іх у выніку хім., фізіка-хім. і біял. ўзаемадзеяння з агрэсіўным знешнім асяроддзем (пры фільтрацыі водных раствораў праз бетон). Яе змяншаюць выбарам устойлівых цэментаў і запаўняльнікаў, выкарыстаннем бетонаў павышанай шчыльнасці, воданепранікальнасці і ўстойлівасці, унясеннем спец. дабавак, нанясеннем лакафарбавых пакрыццяў, абмазкай арматуры ахоўнымі саставамі і інш.

А.​І.​Гараст.

т. 8, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)