ПАДЫ́МНАЕ,
асноўны дзярж. пазямельны падатак у Рэчы Паспалітай, у т.л. на Беларусі, у 17—18 ст. Уведзена ў 1649. Адзінка абкладання — двор ці дым; стаўка 1 П. складала 0,5 злотага (15 грошаў за год). Памер падатку не залежаў ад заможнасці гаспадаркі і вызначаўся сеймам: у 1650—16 П., у 1653—12 П. з дыма. Плацілі П. сяляне, мяшчане і дробная шляхта; феадалы ад яго вызваляліся (да 1775) і збіралі яго з насельніцтва ў сваіх уладаннях. Для налічэння П. перыядычна праводзіліся перапісы дымоў, пры гэтым феадалы нярэдка ўгойвалі частку дымоў, а падатак з іх прысвойвалі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі заменены інш. падаткамі.
т. 11, с. 509
ПАДЭКАЛЕ́ (франц. Pas de Calais),
Дуўрскі праліў, праліў паміж в-вам Вялікабрытанія і ўзбярэжжам Францыі. З’яўляецца ўваходам у праліў Ла-Манш з боку Паўночнага м. Даўж. 37 км, найменшая шыр. (паміж Дуўрам і Кале) 32 км, глыб. 21—64 м. Парты: Дуўр (Вялікабрытанія), Кале і Дзюнкерк (Францыя). Паромная сувязь Дуўр—Кале, Дуўр—Дзюнкерк, Дуўр—Булонь. Пад пралівам чыг. тунэль.
т. 11, с. 510
ПАДЭКА́ТР (франц. pas de quatre),
1) у балеце танец 4 выканаўцаў. Муз.-танц. форма можа мець розную структуру. Найб. пашыраны кампазіцыя, у якой аб’яднаны 2 па-дэ-дэ (у партытуры «Спячай прыгажуні» П.Чайкоўскага), або танец 4 танцоўшчыкаў (танец 4 кавалераў у «Раймондзе» А.Глазунова, балетмайстар М.Петыпа) ці 4 танцоўшчыц (балет «Падэкатр» Ц.Пуні, балетмайстар Ж.Ж.Перо).
2) Бальны танец англ. паходжання. Вядомы з 19 ст. Муз. памер 12/8. Тэмп павольны. Пашыраны ў еўрап. краінах, у т.л. на Беларусі і ў Расіі.
т. 11, с. 510
ПАДЭСПА́НЬ,
бытавы танец рускага паходжання. Муз. памер 3/4. Тэмп умераны. Аўтар яго харэаграфіі і музыкі А.А.Царман (1898) выкарыстаў у ім характэрна-сцэнічныя элементы ісп. танца. П. хутка пашырыўся ў Расіі, у сельскай мясцовасці набыў іншую, найб. простую харэагр. форму. На Беларусі вядомы з пач. 20 ст. Выконваецца парамі па крузе ў суправаджэнні інстр. музыкі і прыпевак. Заснаваны на спалучэнні некалькіх фігур — пераменнага кроку, паваротаў і вярчэння пад рукой.
І.Дз.Назіна.
т. 11, с. 510
ПАДЭ́СТА (італьян. podestá ад лац. potestas улада),
кіраўнік выканаўчай і суд. улады ў італьянскіх гарадах-камунах у 12 — пач. 16 ст. Выбіраўся з іншагародніх жыхароў на тэрмін ад 6 мес. да 1 года. У 2-й пал. 12 ст. імператар Фрыдрых І Барбароса прысвоіў сабе права прызначэння П., ператварыўшы яго ў прадстаўніка імператарскай улады. Пасля бітвы каля Леньяна (1176) гарады зноў самі выбіралі П. У сярэдзіне 13 ст. паспяховая барацьба папаланаў з патрыцыятам прывяла ў шэрагу гарадоў (Балоння, Фларэнцыя, Сіена і інш.) да аслаблення ўлады П. на карысць нар. капітанаў. У 14—15 ст. П. мелі толькі юрыд. функцыі, у пач. 16 ст. іх замянілі калегіі суддзяў. У некаторых буйных сярэдневяковых гарадах-дзяржавах Італіі (Фларэнцыя, Венецыя, Генуя) П. называлі прадстаўнікоў падуладных гарадоў, якія прызначаліся цэнтр. уладай. У час фаш. дыктатуры ў Італіі ў гарадах была ўведзена (1926) вышэйшая адм. пасада П., якую займалі па прызначэнні ўрада. У 1946 скасавана.
т. 11, с. 510
ПАД’Я́ВАРКА, Пад’яворка,
рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 226 км2. Пачынаецца на зах. ускраіне Навагрудскага ўзвышша на У ад в. Явар, упадае ў Шчару вышэй р. Чарняўка на ПнЗ ад в. Вялікая Воля. Даліна трапецападобная, шыр. 500—800 м, месцамі 1,5 км. Пойма забалочаная, чаргуецца па берагах і двухбаковая, шыр. 50—150 м. Рэчышча на працягу 4,5 м вышэй в. Мельнікі каналізаванае. Каля в. Мядзвінавічы сажалка (пл. 0,09 км2).
т. 11, с. 510
ПАД’Я́ЧАЎ (Сямён Паўлавіч) (8.2.1866, с. Пад’ячава Дзмітраўскага р-на Маскоўскай вобл. — 17.2.1934),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1888. Асн. тэмы апавяданняў, зб. нарысаў «Па этапе» (1903), аповесцей «Пакуты» (1902), «Сярод рабочых» (1904), «Забытыя» (1909) і інш. — жыццё вёскі, лёс сялянства. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Маё жыццё» (кн. 1—2, 1929—32). Яго творчасці ўласцівы тонкая назіральнасць, багацце нар. мовы, форма сказа, драм. напружанасць канфліктаў, гумар.
Тв.:
Полн. собр. соч. Т. 1—11. М.; Л., 1927—30;
Избр произв. М., 1966;
Деревенские разговоры. М., 1975.
Літ.:
Макина М.А. Семен Подъячев: Лит. портрет. М., 1981.
т. 11, с. 510
«ПАД СЦЯ́ГАМ КАМУНІ́ЗМУ»,
заходнебеларускі часопіс. Орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся ў 1927—30 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя часопіса знаходзілася ў Мінску). Выходзіў 1 раз у 3 месяцы. Ставіў за мэту ўзброіць камуністаў ленінскім вучэннем, распрацоўваць новыя ідэалаг. і паліт. пытанні для парт. актыву, знаёміць з дзейнасцю Камінтэрна, ВКП(б), КПП, КП(б)Б і КПЗБ Шмат увагі аддаваў сацыяліст. будаўніцтву ў БССР. Асвятляў найб. важныя праблемы пралет. рэвалюцыі, нац. пытання, расстаноўкі і суадносін класавых сіл у Зах. Беларусі. Меў рубрыку «Хроніка міжнароднага жыцця». У 1930 выдаваў серыю брашур, у іх ліку «Вынікі пленумаў ЦК КПЗБ», «Аб УКП(б)», «Аб прафсаюзах», «Аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе», «Аб правым ухіле ў УКП(б)».
П.І.Зялінскі.
т. 11, с. 482
ПА́ЕР ((Рауег) Юліус) (1.9.1842, Шонаў, каля г. Цепліцы, Чэхія — 30.8.1915),
аўстрыйскі палярны даследчык. У 1872—74 узначаліў разам з К.Вайпрэхтам экспедыцыю на судне «Тэгетгоф», у час якой быў адкрыты архіпелаг, названы Зямлёй Франца-Іосіфа.
Тв.:
Рус. пер. — 725 дней во льдах Арктики. Л., 1935.
т. 11, с. 510
ПА́ЕРЛС ((Peierls) Рудольф Эрнст) (5.6.1907, Берлін — 19.9.1995),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі магнетызму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1945). Замежны чл. Рас. АН (1988). Вучыўся ў Берлінскім, Мюнхенскім і Лейпцыгскім ун-тах. З 1933 у Вялікабрытаніі. З 1937 праф. Бірмінгемскага, з 1963 Оксфардскага ун-таў. У 1974—77 у Вашынгтонскім ун-це. Навук. працы па матэм. фізіцы, квантавай механіцы і электрадынаміцы, ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела. Выказаў ідэю дзірачнай праводнасці (1929; незалежна ад Я.І.Фрэнкеля). Распрацаваў квантавую тэорыю цеплаправоднасці ў неметал. асяроддзях (1931), агульную тэорыю дыямагнетызму ў металах, фармалізм тэорыі рассеяння (1959). Даў ацэнку крытычнай масы урану-235 (1940). Кіраваў тэарэт. даследаваннямі па раздзяленні ізатопаў урану (1943—46, ЗША). Прэмія імя Э.Фермі 1980.
Тв.:
Рус. пер. — Квантовая теория твердых тел. М., 1956;
Законы природы 2 изд М., 1962;
Сюрпризы в теоретической физике. М., 1988.
М.М.Касцюковіч.
т. 11, с. 510