ПАДЭ́СТА (італьян. podestá ад лац. potestas улада),

кіраўнік выканаўчай і суд. улады ў італьянскіх гарадах-камунах у 12 — пач. 16 ст. Выбіраўся з іншагародніх жыхароў на тэрмін ад 6 мес. да 1 года. У 2-й пал. 12 ст. імператар Фрыдрых І Барбароса прысвоіў сабе права прызначэння П., ператварыўшы яго ў прадстаўніка імператарскай улады. Пасля бітвы каля Леньяна (1176) гарады зноў самі выбіралі П. У сярэдзіне 13 ст. паспяховая барацьба папаланаў з патрыцыятам прывяла ў шэрагу гарадоў (Балоння, Фларэнцыя, Сіена і інш.) да аслаблення ўлады П. на карысць нар. капітанаў. У 14—15 ст. П. мелі толькі юрыд. функцыі, у пач. 16 ст. іх замянілі калегіі суддзяў. У некаторых буйных сярэдневяковых гарадах-дзяржавах Італіі (Фларэнцыя, Венецыя, Генуя) П. называлі прадстаўнікоў падуладных гарадоў, якія прызначаліся цэнтр. уладай. У час фаш. дыктатуры ў Італіі ў гарадах была ўведзена (1926) вышэйшая адм. пасада П., якую займалі па прызначэнні ўрада. У 1946 скасавана.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)