Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІНЬЕ́ ((Mignet) Франсуа Апост Мары) (8.5.1796, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 24.3.1884),

французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1833), чл. Франц. акадэміі (1836). Атрымаў юрыд. адукацыю, адвакат (з 1818). Прыхільнік канстытуцыйнай бурж. манархіі, выступаў супраць панавання Бурбонаў. Удзельнік Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 дырэктар Архіва Мін-ва замежных спраў. Разам з А.Цьеры, А.Цьерам і Ф.​Гізо заснаваў тэорыю класавай барацьбы. Разглядаў барацьбу класаў як гал. рухавік гіст. падзей, лічыў, што яе завяршэннем павінна быць перамога буржуазіі. У гал. працы «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—2, 1824) абгрунтоўваў гіст. непазбежнасць і плённасць рэвалюцыі. Аўтар кніг па гісторыі 16 ст. «Гісторыя Марыі Сцюарт» (1851), «Барацьба Францыска I з Карлам V» (т. 1—2, 1875).

т. 10, с. 459

МІНЬКО́ (Анатоль Антонавіч) (н. 27.6. 1949, г. Омск, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1993). Засл. дз. нав. Беларусі 1999. Скончыў БДУ (1971). З 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1979 нам. дырэктара). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі, фізіцы і хіміі вадкакрышт. асяроддзяў. Распрацаваў метады і сродкі аналізу складаных шматкампанентных вадкакрышт. асяроддзяў, а таксама новыя перспектыўныя вадкакрышт. матэрыялы і сістэмы адлюстравання інфармацыі на іх аснове.

Тв.:

Текстурообразование и структурная упорядоченность в жидких кристаллах. Мн., 1987 (у сааўт.);

Разработка ЖК устройств, основанных на различных жидкокристаллических материалах (у сааўт.) // Современные вопросы оптики, радиационного материаловедения, информатики, радиофизики и электроники. Мн., 1996. Ч. 1.

т. 10, с. 459

МІНЬКО́ (Вацлаў Юльянавіч) (н. 14.11. 1933, в. Ніўкі Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне геадэзіі. Д-р тэхн. н. (1993). Скончыў Маскоўскі ун-т геадэзіі і картаграфіі (1956). З 1998 гал. навук. супрацоўнік Навук.-ўкараняльнага цэнтра па землеўпарадкаванні. Навук. працы па геадэзіі і фотатапаграфіі.

Тв.:

Технологическое проектирование аэрофотосъемки. М., 1991.

т. 10, с. 459

МІНЬКО́ (Леанід Іосіфавіч) (н. 15.10.1926, в. Скорабагатаўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У 1955—59 працаваў у школе, у 1963—92 — у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе побыт і духоўную культуру беларусаў. Аўтар кніг «Народная медыцына Беларусі» (1969), «Знахарства» (1971), «Забабоны і прыкметы» (1975), сааўтар кніг «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Пытанні этнаграфіі і фалькларыстыкі» і «Помнікі народнай архітэктуры і побыту Беларусі» (1979), «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Беларусы» (М., 1998).

В.​С.​Семенякоў.

т. 10, с. 460

МІНЬКО́ (Леанід Якаўлевіч) (н. 21.7.1934, в. Горкі Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік, адзін са стваральнікаў бел. навук. школы лазернай плазмадынамікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1983), праф. (1991). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі (з 1979 заг. лабараторыі). Навук. працы па фізіцы імпульсных плазменных патокаў (ПП), радыяцыйнай плазмадынаміцы, узаемадзеянні лазернага выпрамянення з рэчывам. Прапанаваў лазерныя спосабы генерацыі эразійных ПП і ўдарных хваль. Дзярж. прэміі Беларусі 1974, 1992.

Тв.:

Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;

Радиационная плазмодинамика — новое научное направление в физике плазмы // Publ. Astron. Obs. Belgrade. 1998. № 61.

Літ.:

Л.​Я.​Минько // Журн. прикладной спектроскопии. 1994. Т. 61, № 1/2.

Л.Я.Мінько.

т. 10, с. 460

МІНЬКО́ЎСКІ (Аляксандр Захаравіч) (25.12.1900, с. Снежная Вінніцкай вобл., Украіна — 12.4.1979),

украінскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў кіеўскі Муз.-драм. ін-т імя М.​Лысенкі (1930). У 1934—41 маст. кіраўнік і гал. дырыжор хар. капэлы Укр. радыё, з 1943 дырэктар і дырыжор Укр. дзярж. нар. хору, у 1946—73 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. капэлы бандурыстаў Украіны. З 1951 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі (з 1965 праф.). Складальнік зборнікаў для хар. калектываў, ансамбляў і капэл бандурыстаў, аўтар музыказнаўчых артыкулаў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1969.

Літ.:

Лаба Б.М. О.​Міньківський. Київ, 1980.

т. 10, с. 460

МІНЬЦЗЯ́Н,

назва 2 рэк у Кітаі: рака ў цэнтр. ч. краіны, левы прыток Янцзы. Даўж. 793 км, пл. бас. 134 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Міньшань, цячэ па глыбокай звілістай цясніне, перасякае Сычуаньскую катлавіну, упадае ў р. Янцзы каля г. Ібінь. Сярэдні расход вады больш за 3 тыс. м³/с, летнія паводкі. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Пачатак суднаходства ад г. Чэнду; рака на ПдУ Кітая. Даўж. 577 км, пл. бас. 60,8 тыс. км². Цячэ ў адгор’ях гор Уішань, упадае ў Тайваньскі праліў, утварае эстуарый. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2 тыс. м³/с, макс. (летам) — да 30 тыс. м³/с. Густая сетка арашальных сістэм. ГЭС. У ніжнім цячэнні суднаходная. На М. — г. Наньпін, у эстуарыі — марскі порт Фучжоў.

т. 10, с. 460

МІНЮ́К (Сцяпан Андрэевіч) (Н. 25.2.1948, в. Крывіца Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1969). З 1978 у Гродзенскім дзярж. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі дынамічных сістэм, якаснай тэорыі аптымальнага кіравання. Распрацаваў крытэрыі кіравальнасці, назіральнасці і паўнаты лінейных сістэм розных тыпаў; алгарытмы аптымізацыі, фільтрацыі і рашэння некаторых класаў задач.

Тв.:

О решении некоторых задач оптимального управления для линейных систем функционально-дифференциальных уравнений (разам з В.​К.​Бойкам) // Изв. РАН. Теория и системы управления. 1998. № 4.

т. 10, с. 460