Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САПРА́ЎДНЫЯ ІМХІ́,

тое, што лістасцябловыя імхі.

т. 14, с. 173

САПРА́ЎДНЫЯ ШАЎКАПРА́ДЫ (Bombycidae),

сямейства матылёў. У сусв. фауне 20 відаў, пашыраных пераважна ў тропіках. Найб. значны прадстаўнік сям. — аб’ект штучнага развядзення тутавы шаўкапрад, у прыродзе не адзначаецца.

Цела пасіўнае, ротавыя органы рудыментарныя (дарослыя матылі не кормяцца), вусікі грабеньчатыя. Пярэднія крылы маюць выразку па знешнім краі, серпападобную вяршыню. Вусень з кароткім шыпападобным вырастам на 8-ым сегменце брушка, пярэдняя ч. цела звужана. Кукалка развіваецца ў шаўкавістым кокане.

т. 14, с. 173

САПРА́ЎДНЫ ВІДАРЫ́С,

відарыс утвораны збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння; гл. Відарыс аптычны.

т. 14, с. 173

САПРА́ЎДНЫ ЛІК, рэчаісны лік,

любы дадатны, адмоўны лік ці нуль. Адрозніваюць рацыянальны лік і ірацыянальны лік. З дапамогай С.л. выражаюцца вынікі вымярэння ўсіх фіз. велічынь.

т. 14, с. 173

САПРАФА́ГІ [ад грэч. sapros гнілы + фаг(і)],

жывёлы, якія кормяцца гнілымі і адмерлымі рэшткамі жывёл і раслін. Вылучаюць дэтрытафагаў (кормяцца сумессю гніючых рэчываў — дэтрытам), капрафагаў (кормяцца экскрэментамі), некрафагаў (кормяцца трупамі жывёл), ксілафагаў (кормяцца драўнінай) і інш. Большасць С. належыць да беспазваночных жывёл. На Беларусі тыповыя С. — крумкач, жукі-магільшчыкі, мерцвяеды, караеды, лічынкі мух, дажджавыя чэрві і інш; частковымі С. з’яўляюцца воўк, янотападобны сабака, ліс, мядзведзь, сом, рачны рак, плывунцы і інш. С. адыгрываюць у прыродзе ролю санітараў, паскараюць кругаварот рэчываў у біягеацэнозах, удзельнічаюць у глебаўтварэнні, павышаюць урадлівасць глеб, з’яўляюцца звяном кармавых сувязей, некат. скураеды, молі прычыняюць значную шкоду.

т. 14, с. 173

САПРО́БНАСЦЬ,

здольнасць арганізмаў (сапрабіёнтаў) жыць у забруджаных арган. рэчывамі водах. Паняцце «С.» сфармулявана заснавальнікамі сан. гідрабіялогіі ў Расіі Я.​Я.​Нікіцінскім, Г.​І.​Далговым. Вылучаюць воды полісапробныя (воды, якімі запаўняюць сажалкі біял. ачысткі і палі фільтрацыі), мезасапробныя (воды большасці рэк, у якія скідваюцца сцёкі гарадоў і прамысл. аб’ектаў) і алігасапробныя (воды незабруджаных вадаёмаў). Размеркаванне пэўных відаў раслін і жывёл у залежнасці ад ступені С. вады дазваляе выкарыстоўваць іх як біялагічны індыкатар ступені забруджвання вады арган. рэчывамі. У сувязі з інтэнсіўным забруджваннем вод ужываюць больш шырокае паняцце — таксафобнасць. Павелічэнне С. спрыяе эўтрафікацыі вадаёмаў (інтэнсіўнаму развіццю воднай расліннасці).

т. 14, с. 173

САПРЫ́КА (Ганна Іосіфаўна) (16.6.1911, в. Куркаўшчына Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 14.5.1962),

бел. пісьменніца. Скончыла Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1930), Бел. вышэйшы пед. ін-т (1933). Працавала ў Бел. дзярж. выд-ве. Друкавалася з 1926. Аўтар кнігі прозы «Калі ў сэрцы вясна» (1959). На бел. мову пераклала творы М.​Вірты «Мой памочнік Карсыбек», В.​Авечкіна «Раённыя будні» (з М.​Герасімовіч), Я.​Галана «З крыжом ці з нажом», А.​Макаранкі «Педагагічная паэма» і інш.

т. 14, с. 173

САПРЫ́КІН (Уладзімір Аляксеевіч) (24.8.1916, в. Сухадол Ліпецкай вобл., Расія — 24.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Грозненскае ваен. вучылішча (1941). Політэхн. ін-т у Таронта (Канада, 1950-я г.). У Вял. Айч. вайну з 1941 на 1-м Бел. фронце. Батальён на чале з капітанам С. 1—3.12.1943 у баях за в. Чырвоная Слабада Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. штодзень адбіваў па 10—12 контратак ворага; апынуўшыся ў шчыльнай аблозе ворага, С. выклікаў агонь сав. артылерыі на сябе; палічаны загінуўшым. Цяжка паранены трапіў у палон, з 1946 у Канадзе, за што з 1977 да 1992 сав. ўладамі быў пазбаўлены звання Герой Сав. Саюза. Перапахаваны на месца апошняга бою.

т. 14, с. 173

САПРЫ́НАВІЧЫ,

вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Мсціслаў—Хіславічы (Расія). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на У ад г. Мсціслаў, 100 км ад Магілёва, 24 км ад чыг. ст. Ходасы. 373 ж., 135 двароў (2001). Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 174

САПСА́Н, сокал-сапсан (Falco peregrinus),

птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі вельмі рэдкі гнездавальны і вандроўны від. Жыве ў разрэджаных барах паблізу рачных поймаў і вял. балот, на ўчастках старых хваёвых лясоў з адкрытымі прасторамі. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 49 см, маса да 1 кг. Крылы доўгія, вострыя, хвост клінападобны. Апярэнне цёмна-бурае, ніз цела светлы з тонкім папярочным малюнкам на баках і падхвосці (больш яркі ў самак). На грудзях кроплепадобныя стракаціны. Пад вачыма цёмныя плямы («вусы»). Гнёзды на дрэвах, селяцца ў гнёздах варон, крумкачоў, інш. буйных птушак. У кладцы 2—4 чырванавата-карычневыя яйцы. Асн. корм. — птушкі, якіх ловіць у палёце.

Сапсан.

т. 14, с. 174