САПРАФА́ГІ [ад грэч. sapros гнілы + фаг(і)],

жывёлы, якія кормяцца гнілымі і адмерлымі рэшткамі жывёл і раслін. Вылучаюць дэтрытафагаў (кормяцца сумессю гніючых рэчываў — дэтрытам), капрафагаў (кормяцца экскрэментамі), некрафагаў (кормяцца трупамі жывёл), ксілафагаў (кормяцца драўнінай) і інш. Большасць С. належыць да беспазваночных жывёл. На Беларусі тыповыя С. — крумкач, жукі-магільшчыкі, мерцвяеды, караеды, лічынкі мух, дажджавыя чэрві і інш; частковымі С. з’яўляюцца воўк, янотападобны сабака, ліс, мядзведзь, сом, рачны рак, плывунцы і інш. С. адыгрываюць у прыродзе ролю санітараў, паскараюць кругаварот рэчываў у біягеацэнозах, удзельнічаюць у глебаўтварэнні, павышаюць урадлівасць глеб, з’яўляюцца звяном кармавых сувязей, некат. скураеды, молі прычыняюць значную шкоду.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)