САПРО́БНАСЦЬ,

здольнасць арганізмаў (сапрабіёнтаў) жыць у забруджаных арган. рэчывамі водах. Паняцце «С.» сфармулявана заснавальнікамі сан. гідрабіялогіі ў Расіі Я.​Я.​Нікіцінскім, Г.​І.​Далговым. Вылучаюць воды полісапробныя (воды, якімі запаўняюць сажалкі біял. ачысткі і палі фільтрацыі), мезасапробныя (воды большасці рэк, у якія скідваюцца сцёкі гарадоў і прамысл. аб’ектаў) і алігасапробныя (воды незабруджаных вадаёмаў). Размеркаванне пэўных відаў раслін і жывёл у залежнасці ад ступені С. вады дазваляе выкарыстоўваць іх як біялагічны індыкатар ступені забруджвання вады арган. рэчывамі. У сувязі з інтэнсіўным забруджваннем вод ужываюць больш шырокае паняцце — таксафобнасць. Павелічэнне С. спрыяе эўтрафікацыі вадаёмаў (інтэнсіўнаму развіццю воднай расліннасці).

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)