МІЖНАРО́ДНАЕ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ БЮРО́ (МСБ),
пастаянны выканаўча-інфармацыйны орган Інтэрнацыянала 2-га ў 1900—22. Створана ў вер. 1900 паводле рашэння Парыжскага кангрэса (1900). Знаходзілася ў Бруселі. Уваходзілі па 2 дэлегаты ад кожнай сацыяліст. партыі. Склікалася некалькі разоў на год, паміж пасяджэннямі яго бягучай дзейнасцю кіраваў Выканком Бельг. сацыяліст. партыі. Старшыня МСБ — Э.Вандэрвельдэ, сакратар (з 1905) — К.Гюісманс. МСБ выконвала пераважна тэхн. функцыі: збор інфармацыі, рассылка дакументаў 2-га Інтэрнацыянала і інш. З пачаткам 1-й сусв. вайны фактычна спыніла дзейнасць.
т. 10, с. 337
МІЖНАРО́ДНАЕ ТАВАРЫ́СТВА МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА (франц. Société Internationale de musicologie; CIM),
міжнародная арг-цыя музыказнаўцаў. Створана ў 1927 у Базелі (Швейцарыя), з 1949 у сістэме Міжнароднага музычнага савета пры ЮНЕСКА. Мае на мэце стымуляванне даследчай працы ў розных галінах муз. навукі, падтрымку буйных міжнар. музыказнаўчых мерапрыемстваў, устанаўленне кантактаў паміж вучонымі розных краін свету. Праводзіць кангрэсы (з 1930, з 1967 праз кожныя 5 гадоў), выдае час. «Acta musicologica», з Міжнар. асацыяцыяй Муз. б-к выпускае бібліягр. выданні («Міжнародны каталог музычных крыніц», «Міжнародны каталог музычнай літаратуры» і «Міжнародны каталог музычнай іканаграфіі»), Дырэкторыя т-ва выбіраецца на кангрэсах ад краін, якія маюць не менш як 30 членаў т-ва. Рас. музыказнаўцы і вучоныя інш. краін СНД і Балтыі ўдзельнічаюць у рабоце т-ва з 1961.
т. 10, с. 337
МІЖНАРО́ДНАЕ ТАВАРЫ́СТВА РАБО́ЧЫХ,
гл. Інтэрнацыянал 1-ы.
т. 10, с. 338
МІЖНАРО́ДНАЯ АМНІ́СТЫЯ (Amnesty International),
міжнародная няўрадавая праваабарончая арг-цыя; гл. Амністыя міжнародная.
т. 10, с. 338
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ГРАМАДЗЯ́НСКАЙ АВІЯ́ЦЫІ (International Civil Aviation Organization; ІКАО),
спецыялізаваная ўстанова AAH, якая займаецца арганізацыяй і каардынацыяй міжнар. супрацоўніцтва дзяржаў па ўсіх аспектах дзейнасці грамадзянскай авіяцыі. Створана паводле Канвенцыі аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі 1944, пачала дзейнічаць з 1947. На 1.1.1997 членамі ІКАО з’яўляліся 183 дзяржавы (у т.л. Рэспубліка Беларусь; з 1993). Мэты ІКАО: распрацоўка прынцы́паў і метадаў міжнар. аэранавігацыі, садзейнічанне планаванню і развіццю міжнар. паветранага транспарту, удасканаленне лётна-тэхн. правіл, забеспячэнне бяспекі палётаў. Сакратарыят ІКАО на чале з гал. сакратаром з’яўляецца пастаянным органам, які забяспечвае работу вышэйшага органа — Асамблеі і яе Савета. Месцазнаходжанне штаб-кватэры ІКАО — г. Манрэаль (Канада).
т. 10, с. 338
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ БАРАЦЬБІТА́М РЭВАЛЮ́ЦЫІ (МОПР),
Міжнародная Чырвоная дапамога. Створана ў канцы 1922 паводле рашэння 4-га кангрэса Камуністычнага інтэрнацыянала. Аказвала матэрыяльную, юрыд., маральную падтрымку палітзняволеным, палітэмігрантам і іх сем’ям, сем’ям загінуўшых рэвалюцыянераў, незалежна ад іх парт. прыналежнасці, праводзіла масавыя кампаніі ў абарону ахвяр паліт. рэпрэсій у Польшчы (у т.л. ў Зах. Беларусі), на Балканах, у Кітаі і інш. краінах, супраць фашызму і вайны. Секцыі МОПРа ў 74 краінах налічвалі (1937) 15 млн. членаў, у т.л. ў СССР — 9 млн. Кіруючыя органы — Выканком (да сак. 1923 — Цэнтр. бюро, у сак. 1923 — ліп. 1924 — ЦК), Прэзідыум і Сакратарыят (выбіраліся Выканкомам) — знаходзіліся ў Маскве, у 1937—39 — у Парыжы. Орган Выканкома — час. «МОПР» (1923—38). У БССР секцыя МОПРа была адной з найбуйнейшых грамадскіх арг-цый. У Мінску быў створаны дом паліт. эмігрантаў, у Станькаве — дзіцячы дом. Секцыя МОПРа ў Зах. Беларусі наз. Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі, выдавала газету «Чырвоная дапамога». З пачаткам 2-й сусв. вайны дзейнасць МОПРа як міжнар. арг-цыі спынілася, яго секцыя ў СССР існавала да 1947.
т. 10, с. 338
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАМ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, МОПР Заходняй Беларусі, Чырвоная дапамога Заходняй Беларусі,
масавая грамадская арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1924—39, якая праводзіла шырокія кампаніі ў абарону дэмакр. правоў і свабод, аказвала маральную, матэрыяльную і юрыд. дапамогу палітвязням рознай паліт. прыналежнасці, змагалася за іх вызваленне. Створана ў выніку аб’яднання гурткоў Чырв. Крыжа, якія займаліся дапамогай палітзняволеным. Уваходзіла на правах аўтаномнай арг-цыі ў склад МОПРа Польшчы. Працавала пераважна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. На 15.1.1925 налічвала 878 чл. Да канца 1928 дзейнічала 6 акр., у студз. 1932—9 акр. і 48 раённых мопраўскіх к-таў, пры якіх працавалі мопраўскія тройкі, што ствараліся на прадпрыемствах, у прафсаюзах, Т-ве бел. школы, спарт. і інш. легальных арг-цыях. На чале МОПРа Зах. Беларусі стаяў ЦК (знаходзіўся ў Вільні), які выдаваў газ. «Чырвоная дапамога», «Палітычны вязень», «Турмы клічуць да барацьбы». У 1927—28 сакратаром ЦК быў І.Жыўлюк, з 1937 Р.Пірышка. Члены МОПРа Зах. Беларусі ўдзельнічалі ў кампаніях у абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў час працэсу 56-і, у падтрымку рэсп. Іспаніі, супраць смяротнага прыгавору С.Прытыцкаму, за ліквідацыю Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера і інш. Пад іх націскам польскі ўрад у 1928 і 1936 быў вымушаны аб’явіць амністыю і вызваліць частку палітзняволеных. Пасля неабгрунтаванага роспуску ў 1938 Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ дзейнасць МОПРа Зах. Беларусі значна аслабла.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Т.А.Лугачова.
т. 10, с. 338
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МАЖ; International Organization of Journalists). Існавала ў 1946—92. Засн. на кангрэсе ў Капенгагене (Данія). Правапераемніца Міжнар. федэрацыі журналістаў саюзных і свабодных краін (засн. ў 1941). Аб’ядноўвала журналісцкія арг-цыі 34 краін, а таксама індывід. членаў з 30 краін. Штаб-кватэра знаходзілася ў Празе. Мела друкаваны орган «Le Journaliste démocratique» («Дэмакратычны журналіст») на рус., англ., франц., ісп. мовах. Саюз журналістаў СССР уваходзіў у МАЖ з 1959. У 1946 група журналістаў зах. краін выйшла з МАЖ і стварыла Міжнародную федэрацыю журналістаў.
т. 10, с. 338
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА СТАНДАРТЫЗА́ЦЫІ (MAC),
міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая ажыццяўляе распрацоўку міжнар. стандартаў і супрацоўніцтва ў галіне стандартызацыі. Засн. ў 1946. Аб’ядноўвае нац. арг-цыі па стандартызацыі. Чл. MAC — больш за 90 краін. Месцазнаходжанне — Лондан.
т. 10, с. 338
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (МАП; International Labour Organization),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1919 паводле рашэння Парыжскай мірнай канферэнцыі як аўт. арг-цыя Лігі нацый. У 1946 стала першай спецыялізаванай установай ААН. У 1999 у МАП больш за 170 дзяржаў, у т.л. Рэспубліка Беларусь. МАП аб’ядноўвае на роўных правах урады, прадпрымальнікаў і працоўных з мэтай выпрацоўкі мер па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, забеспячэнні поўнай занятасці і росту ўзроўню жыцця, заахвочванні супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Органы МАП: Адм. савет і Міжнар. бюро працы. Месцазнаходжанне — г. Жэнева (Швейцарыя). Нобелеўская прэмія міру 1969.
т. 10, с. 338