Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МОРФАТРАПІ́Я (ад морфа... + грэч. tropos паварот),

змена крышт. структуры, якая адбываецца ў шэрагу аднатыпных хім. злучэнняў пры замене ў малекуле аднаго з атамаў на суседні па групе ў перыяд. сістэме элементаў; з’ява процілеглая ізамарфізму (гл. Ізамарфізм у геалогіі). Назіраецца ў шэрагу карбанатаў металу II групы: MgCO3, CaCO3, SrCO3, BaCO3, у якім крышт. структура мяняецца ад структуры араганіту, уласцівай карбанату магнію MgCO3, да структуры кальцыту, характэрнай для карбанатаў стронцыю SrCO3 і барыю BaCO3. Для карбанатаў кальцыю вядомы 2 паліморфныя мадыфікацыі — араганіт і кальцыт.

т. 10, с. 523

МО́РХАТ (Іосіф Вацлававіч) (н. 27.9.1928, в. Залясінкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1979). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952), працуе ў ім (з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па перасадцы рагавіцы, лячэнні і прадухіленні траўмаў органаў зроку, выяўленні і лячэнні глаўкомы і катаракты. Распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку метад інтэрламелярнай кератапластыкі.

Тв.:

К методике иссечения плотных вторичных катаракт // Офтальмол. журн. 1978. № 6;

Интерламеллярная кератопластика. Мн., 1980.

т. 10, с. 523

МО́РШТЫН ((Morsztyn) Збігнеў) (каля 1628, Польшча — 13.12.1689),

польскі паэт і перакладчык. З 1646 служыў у Радзівілаў на Беларусі і Літве. За ўдзел у ваен. паходах атрымаў пасаду мазырскага мечніка (1657). Сябраваў з жыхарамі Слуцка — мемуарыстам С.Незабітоўскім і выдаўцом К.Клакоцкім. У паэме «Слаўная перамога над туркамі...» (1674), якая была двойчы выдадзена ў Слуцку, ушанаваў памяць удзельнікаў бітвы пры Хаціне (1674). Там жа надрукаваны яго верш на смерць Клакоцкага (1675). Аўтар вершаванага цыкла «Эмблемы» (1678—80), прысвечанага князёўне К.Радзівіл, паэт. зб. «Хатняя Муза» (увайшлі вершы 1675—83), паэмы «Песня ў прыгнёце» (1671), элегій «Жалобныя плачы Апалона з музамі» (1682). У яго паэзіі адбіліся рысы барока, у ёй гучыць заклік да рэліг. цярпімасці, асуджэнне амаральнасці магнатаў.

Тв.:

Muza domowa. Т. 1—2. Warszawa, 1954;

Wybór wierszy. Wrocław, 1975.

Літ.:

Pelc J. Zbigniew Morsztyn, arianin i poeta. Wrocław, 1966;

Яго ж Zbigniew Morsztyn na tle poezji polskiej XVII w. Warszawa, 1973.

А.В.Мальдзіс.

т. 10, с. 523

МО́РШЫН,

бальнеатэрапеўтычны курорт на Украіне, у перадгор’ях Укр. Карпат, за 80 км на Пд ад г. Львоў, на р. Беражніца (бас. р. Днестр). Мінер. крыніцы вядомыя з 16 ст. Курорт заснаваны ў 1876. Асн. лек. фактары — мінер. воды рознай мінералізацыі, горкая жаўцягонная соль «Моршынка», мясц. мінералізаваныя тарфяныя гразі з вял. колькасцю воцатнай, мурашынай і маслянай к-т. Лечаць парушэнні функцый печані, страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, нерв. расстройствы, гінекалагічныя, сустаўныя захворванні. Бальнеатэрапія дапаўняецца клімата-, фізія- і гразелячэннем.

т. 10, с. 523

МО́РЫНА,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПдЗ ад г.п. Іўе, 148 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 524 ж., 253 двары (1999). Цагельны з-д, сумеснае прадпрыемства «Рыалпо». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.).

т. 10, с. 523

МО́РЫС ((Morris) Уільям) (24.3.1834, Лондан — 3.10.1896),

англійскі мастак, пісьменнік, тэарэтык мастацтва, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1853·—56). З 1856 працаваў у арх. майстэрні Дж.Э.Стрыта ў Лондане. У 1857—62 займаўся жывапісам. З 1860-х г. пад уплывам ідэй прэрафаэлітаў, Т.Карлейля і Дж..Рэскіна выступаў з рамант. крытыкай бурж. ладу, машыннай вытв-сці проціпастаўляў нар. рамёствы, традыцыі ручной працы і індывідуальную маст. творчасць, у якіх бачыў сродак эстэт. выхавання і пераўвасаблення грамадства. У 1861—62 заснаваў (з П.Маршалам і Ч.Фолкнерам) маст. прамысл. кампанію (саматужныя майстэрні дэкар. размалёўкі, мэблі, тканін, метал. вырабаў, вітражоў, шпалер, вышывак і інш.), у 1890—91 — Келмскоцкае выд-ва. Вырабы яго майстэрняў, афармленне інтэр’ераў і кніг вызначаліся рысамі дэкар. стылізацый у духу сярэдневяковага мастацтва. Творчасць М. папярэднічала ўзнікненню стылю мадэрн і заклала асновы мастацкага канструявання. Імкненне да сярэдневяковых матываў і рамант. стылізацыі вобразаў уласціва і для яго літ. творчасці: паэмы «Абарона Гінеўры» (1858), «Зямны рай» (ч. 1—3, 1868—70), аповесці «Сон пра Джона Бола» (1888). Аўтар. сац.-утапічнага рамана «Звесткі ніадкуль, або Эпоха шчасця» (1891).

Тв.:

Рус. пер. — Искусство и жизнь. М., 1973.

Літ.:

Мортон А.Л. Английская утопия: Пер. с англ. М., 1956;

Гольдзамт Э. Уильям Моррис и социальные истоки современной архитектуры: Пер. с пол. М., 1973.

т. 10, с. 523

МО́РЫСАН (Morrison) Тоні [сапр. Уофард

(Wofford) Хлоя Антонія; н. 18.2.1931, г. Ларэйн, штат Агайо, ЗША], амерыканская пісьменніца. Вучылася ў Говардскім і Корнелскім ун-тах. У творчасці М. выразна выяўляецца цікавасць да этн. каранёў амер. неграў, да вытокаў нар. традыцый, міфалогіі, фальклору. Сац.-побытавыя і міфалагічныя матывы спалучаюцца ў раманах «Самыя блакітныя вочы» (1970) і «Сула» (1974). Для рамана «Саламонава песня» (1978) характэрна ўзаемапранікненне элементаў хронікі, эпасу і легенды, у раманах «Смаляная лялька» (1981),

«Любімая дачка» (1987) і «Джаз» (1992) — узмацненне міфапаэт. матываў. Аўтар зб. эсэ «Гульня ў поцемках» (1992) і інш. Нобелеўская прэмія 1993.

Тв.:

Рус. пер. — Песнь Соломона. М., 1982.

Літ.:

Писатели США. М., 1990;

Стулов Ю.В. 100 писателей США Мн., 1998.

Л.П.Баршчэўскі.

Т.Морысан.

т. 10, с. 523

МО́РЫЦ ((Moricz) Жыгманд) (2.7.1879, Тысачэчэ, Венгрыя — 4.9.1942),

венгерскі пісьменнік. Вучыўся ў Дэбрэцэнскім ун-це. Вядомасць прынесла апавяд. «Сем крэйцэраў» (1908). У раманах «Самародак», «Глухі куток» (абодва 1911), «Добрай удачы» (1914) рэалістычна адлюстравана жыццё венг. працоўных. Найб. значныя творы М. — гіст. трылогія «Эрдэй» (1922—33) і сац. раман «Сваякі» (1930). Аўтар раманаў «Шчаслівы чалавек» (1935), «Бецяр» (1937), «Шандар Рожа» (1941—42), апавяданняў, п’ес, рэпартажаў. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклалі Л.Арабей, Я.Васілёнак, Т.Мартыненка, М.Татур.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1958;

Избранное. М., 1980;

Пьесы. М., 1962;

Жужанна в Клагенфурте: Рассказы. М., 1970.

Літ.:

Умнякова Е.В. Жигмонд Мориц и современная венгерская литература. М., 1985;

Сувиженко Л.И. Жигмонд Мориц и его время. Л., 1988.

Ж.Морыц.

т. 10, с. 523

МО́РЫЦ (Юна Пятроўна) (н. 2.6.1937, Кіеў),

расійская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя М.Горкага (1961). Друкуецца з 1954. У паэт. зб-ках «Размова пра шчасце» (1957), «Мыс Жадання» (1961), «Лаза» (1970), «Пры святле жыцця» (1977), «Трэцяе вока» (1980) «Сіні агонь» (1985), «На гэтым беразе высокім» (1987), «Учора я спявала ў пераходзе» (1997), «Дзіўны які я звер» (1998) і інш. роздум пра чалавечыя адносіны, любоў, мацярынства. Паэма «Зорка Сербасці» (нап. 1999) прысвечана Сербіі. Аўтар «Апавяданняў пра дзівоснае» (1998), літ.-крытычных эсэ, вершаў для дзяцей. Творчасці М. уласцівы глыбіня пачуццяў, багацце фарбаў, гумар, літ., музычныя і жывапісныя рэмінісцэнцыі. Многія яе вершы пакладзены на музыку («Добра — быць маладым!», «Калі мы былі маладыя...», «Вялікі сакрэт для маленькай кампаніі» і інш.). Займаецца графікай і жывапісам. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Я.Сіпакоў.

Тв.:

Избранное. М., 1982;

В логове голоса. М., 1990.

т. 10, с. 524

МО́РЫЦ АРА́НСКІ (Maurits van Oranje; 14.11.1567, г. Дыленбург, Германія — 23.4.1625),

нідэрландскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Прынц, граф Насаўскі. Сын Вільгельма I Аранскага. Пасля забойства бацькі старшыня Дзярж. савета Генеральных штатаў і ген.-адмірал ВМС (з 1584), статхаўдэр (правіцель) Галандыі і Зеландыі (з 1585), потым таксама Утрэхта і Аверэйсела (з 1590), Гелдэрна (з 1591) і Гронінгена (з 1621). З 1590 галоўнакамандуючы. Рэфармаваў армію (увёў новую тэхніку аблогі, выкарыстанне малых баявых падраздзяленняў, строгую дысцыпліну), на чале яе вызваліў ад ісп. панавання паўн. правінцыі Нідэрландаў (1591—94). Перагаворы пра заключэнне перамір’я з Іспаніяй (1609) і інш. падзеі ў Нідэрландах выклікалі канфлікт М. з вял. пенсіянарыем (фактычным правіцелем) Галандыі Я. ван Олдэнбарневелтам, якога М. загадаў пакараць смерцю (1619).

т. 10, с. 524