МО́РЫС (Morris) Уільям
(24.3.1834, Лондан — 3.10.1896),
англійскі мастак, пісьменнік, тэарэтык мастацтва, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1853·—56). З 1856 працаваў у арх. майстэрні Дж.Э.Стрыта ў Лондане. У 1857—62 займаўся жывапісам. З 1860-х г. пад уплывам ідэй прэрафаэлітаў, Т.Карлейля і Дж..Рэскіна выступаў з рамант. крытыкай бурж. ладу, машыннай вытв-сці проціпастаўляў нар. рамёствы, традыцыі ручной працы і індывідуальную маст. творчасць, у якіх бачыў сродак эстэт. выхавання і пераўвасаблення грамадства. У 1861—62 заснаваў (з П.Маршалам і Ч.Фолкнерам) маст.прамысл. кампанію (саматужныя майстэрні дэкар. размалёўкі, мэблі, тканін, метал. вырабаў, вітражоў, шпалер, вышывак і інш.), у 1890—91 — Келмскоцкае выд-ва. Вырабы яго майстэрняў, афармленне інтэр’ераў і кніг вызначаліся рысамі дэкар. стылізацый у духу сярэдневяковага мастацтва. Творчасць М. папярэднічала ўзнікненню стылю мадэрн і заклала асновы мастацкага канструявання. Імкненне да сярэдневяковых матываў і рамант. стылізацыі вобразаў уласціва і для яго літ. творчасці: паэмы «Абарона Гінеўры» (1858), «Зямны рай» (ч. 1—3, 1868—70), аповесці «Сон пра Джона Бола» (1888). Аўтар. сац.-утапічнага рамана «Звесткі ніадкуль, або Эпоха шчасця» (1891).
Тв.:
Рус. пер. — Искусство и жизнь. М., 1973.
Літ.:
Мортон А.Л. Английская утопия: Пер. с англ. М., 1956;
Гольдзамт Э. Уильям Моррис и социальные истоки современной архитектуры: Пер. с пол. М., 1973.
т. 10, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)