Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МО́ДУС ПРАСЕДЭ́НДЗІ (лац. modus procedendi спосаб дзеяння),

тэрмін, што выкарыстоўваецца ў дыпламат. практыцы і азначае, якім чынам і ў якім парадку павінна быць выканана тое або інш. абавязацельства або дзеянне.

т. 10, с. 511

МО́ДФА, мадфа,

адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі, выкарыстоўвалася арабамі ў 12—13 ст. Складалася з кароткага метал. ствала (трубкі) з дном, які прымацоўваўся да доўгага дрэўка (для зручнасці ўтрымання зброі ў руках). Страляла з сошкі круглым метал. снарадам (мех. сумесь салетры, серы і вугалю). Запальванне зарада адбывалася з дула або праз запальную адтуліну з дапамогай распаленага жал. прута ці тлеючага кнота. Паводле прынцыпу М. пазней зроблены першыя артыл. гарматы — бамбарды.

Модфа.

т. 10, с. 512

МО́ДЭЛЬ ((Model) Вальтэр) (24.1.1891, г. Гентын, Германія —21.4.1945),

германскі ваенны дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1944). З 1909 у кайзераўскай арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1940 камандзір 3-й танк. дывізіі, з кастр. 1941—41-га танк. корпуса. У студз. 1942 — ліст. 1943 (з перапынкамі) камандуючы 9-й арміяй на Усх. фронце. У лют.сак. 1944 узначальваў групу армій «Поўнач», у крас.чэрв. 1944 — «Паўночная Украіна». Праводзіў тактыку «выпаленай зямлі», вызначаўся асаблівай жорсткасцю. 28.6.1944 як «майстар абароны і адступлення» прызначаны камандуючым групай армій «Цэнтр», каб спыніць наступленне сав. войск у ходзе Беларускай аперацыі 1944. Аднак герм. войскі на чале з М. панеслі вял. страты і найб. цяжкія паражэнні. 15.8.1944 адхілены ад пасады. З вер. 1944 камандуючы групай армій «Б» (у Францыі), якая была разгромлена ў ходзе Рурскай аперацыі 1945 і 18 крас. капітулявала, пасля чаго М. скончыў самагубствам.

т. 10, с. 512

МО́ДЭЛЬ (Міхась) (Мендэль Моўшавіч; 13.4.1904, в. Камень Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 26.10.1980),

бел. крытык, тэатразнавец. Вучыўся ў БДУ (1921—26). Быў на парт. і журналісцкай рабоце, працаваў у навук. і тэатр. установах Беларусі. У Вял. Айч. вайну ў т-рах і ўстановах культуры Тамбова, Ташкента, Андыжана. З 1944 заг. літ. часткі т-ра оперы і балета ў Мінску, з 1945 у рэдакцыях час. «Полымя», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1925. У 1930-я г. прытрымліваўся вульгарна-сацыялагізатарскіх поглядаў, у пасляваен. час імкнуўся іх пазбягаць. Аўтар зб. артыкулаў «Тэатр і драматургія» (1935), брашуры «Л.​П.​Александроўская» (1945), кнігі нарысаў «Народныя артысты БССР» (1948).

т. 10, с. 512

МО́ДЭНА (Modena),

горад на Пн Італіі, на Паданскай раўніне. Адм. ц. правінцыі Модэна. Каля 200 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: агульнае і трансп. машынабудаванне, у т. л. вытв-сць спарт. аўтамабіляў, трыкат., швейная, харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Ун-т (з 1171), ваен. акадэмія. Акадэмія л-ры і мастацтва. Музеі. Арх. помнікі 11—17 ст.

У старажытнасці горад этрускаў. З 183 да н.э. рым. калонія Муціна. Заняпала ў выніку нашэсця варвараў. Уздым пачаўся ў 8 ст., калі М. стала рэзідэнцыяй епіскапаў і графаў. У 1167 увайшла ў Ламбардскую лігу, у 12 ст. атрымала правы камуны. У 1288—1860 пад уладай роду д’ Эстэ (з перапынкамі: у 1306—36 камуна, у 1510—27 пад уладай пап). У 1598—1860 цэнтр аднайм. герцагства. У 2-ю сусв. вайну (пасля акупацыі Італіі ням. войскамі) адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.

т. 10, с. 512

МО́ДЭНА ((Modena) Густава) (13.2.1803, г. Венецыя, Італія — 20.2.1861),

італьянскі акцёр, адзін з заснавальнікаў рэаліст. школы акцёрскага мастацтва. З 1824 выступаў у трупах розных антрэпрэнёраў, у 1843 стварыў уласную трупу. Садзейнічаў рэфармаванню італьян. т-ра, станаўлення нац. драматургіі. Творчасць склалася пад уплывам ідэй адраджэння незалежнасці і ўсталявання рэсп. ладу ў Італіі. Ролі вызначаліся гераічна-рамантычнай прыўзнятасцю, выкрывальным пафасам: Паала («Франчэска да Рыміні» С.​Пеліка), Адэльгіз («Адэльгіз» А.​Мандзоні), Брут, Саул, Філіп, («Брут», «Саул», «Філіп» В.​Альф’еры), Магамет («Магамет» Вальтэра) і інш.

т. 10, с. 512

МО́ЖА,

рака ў Крупскім р-не Мінскай вобл. і Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бобр (бас. р. Дняпро). Даўж. 77 км. Пл. вадазбору 530 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Шынкі Крупскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, у сярэднім цячэнні (часткова) і ў нізоўі — праз лясныя масівы. Асн. прытокі: Бярозка, Казлянка і Мясрэда (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у ніжнім цячэнні невыразная. Схілы пераважна спадзістыя, слаба парэзаныя далінамі прытокаў і каналаў. Пойма двухбаковая часам чаргуецца па берагах, шыр. 200—400 м. Рэчышча сярэднязвілістае, на некаторых участках выпрастана. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі да 8 м, у ніжнім цячэнні 10—20 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м³/с.

т. 10, с. 512

МО́ЖЫ ((Morzy) Юзаф) (н. 10.8.1921, в. Лопуш Падляскага ваяв., Польшча),

польскі гісторык. Д-р гіст. н. (1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). Да 1991 працаваў ва Ун-це імя А.​Міцкевіча ў Познані, дацэнт (1968). Вывучае гісторыю ВКЛ і Расіі. Аўтар манаграфіі «Дэмаграфічны крызіс у Літве і Беларусі ў II палове XVII ст.» (1965; бел. пераклад фрагментаў у час. «Спадчына», 1992, №5), дзе на падставе шматлікіх крыніц зроблена выснова пра значнае (да 50%) скарачэнне насельніцтва ВКЛ у час войнаў 1648—67.

т. 10, с. 512

МО́ЗГ,

цэнтральны аддзел нерв. сістэмы жывёл і чалавека, які забяспечвае рэгуляцыю жыццёвых функцый арганізма, у т. л. вышэйшую нерв. дзейнасць; у чалавека — псіхічныя функцыі, мысленне. Падзяляецца на галаўны мозг і спінны мозг. Гл. таксама Цэнтральная нервовая сістэма.

т. 10, с. 512

МО́ЗЕЛЬ (франц. Moselle, ням. Mosel),

рака ў Францыі, Люксембургу, Германіі, левы прыток р. Рэйн. Даўж. 545 км, пл. бас. 28,2 тыс. км². Пачынаецца на паўд.-зах. схілах Вагезаў, б.ч. цячэння — у Рэйнскіх Сланцавых гарах. Асн. прыток — р. Саар (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 290 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў. Злучана каналамі з рэкамі Марна, Сона. На М. — гарады Нансі, Мец (Францыя), Трыр, Кобленц (Германія).

т. 10, с. 512