МО́ДЭЛЬ ((Model) Вальтэр) (24.1.1891, г. Гентын, Германія —21.4.1945),
германскі ваенны дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1944). З 1909 у кайзераўскай арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1940 камандзір 3-й танк. дывізіі, з кастр. 1941—41-га танк. корпуса. У студз. 1942 — ліст. 1943 (з перапынкамі) камандуючы 9-й арміяй на Усх. фронце. У лют.—сак. 1944 узначальваў групу армій «Поўнач», у крас.—чэрв. 1944 — «Паўночная Украіна». Праводзіў тактыку «выпаленай зямлі», вызначаўся асаблівай жорсткасцю. 28.6.1944 як «майстар абароны і адступлення» прызначаны камандуючым групай армій «Цэнтр», каб спыніць наступленне сав. войск у ходзе Беларускай аперацыі 1944. Аднак герм. войскі на чале з М. панеслі вял. страты і найб. цяжкія паражэнні. 15.8.1944 адхілены ад пасады. З вер. 1944 камандуючы групай армій «Б» (у Францыі), якая была разгромлена ў ходзе Рурскай аперацыі 1945 і 18 крас. капітулявала, пасля чаго М. скончыў самагубствам.
т. 10, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)