КУПЕ́ЦТВА,
сацыяльны пласт, які займаўся прадпрымальніцтвам пераважна ў галіне гандлю. Атрымлівала прыбытак за кошт перапродажу па больш высокай цане тавараў, што былі куплены ў іх вытворцаў (уладальнікаў). Вядома з глыбокай старажытнасці, у т.л. ў Карфагене, Стараж. Грэцыі, Рыме, эліністычных дзяржавах. У раннім сярэдневякоўі К. найб. інтэнсіўна развівалася ў араб. краінах, Індыі, Кітаі; быў пашыраны тып вандроўнага купца. У сувязі з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і ростам гарадоў у 11—12 ст. пашырылася ў Зах. Еўропе, асабліва ў Венецыі, Генуі, гарадах Ганзы Напачатку К. дзейнічала пераважна ў сферы знешняга, а з 16 ст. і ўнутр. гандлю. Для абароны сваіх інтарэсаў сярэдневяковае К. аб’ядноўвалася ў асобныя карпарацыі — гільдыі, сотні і інш., уваходзіла ў склад гар. патрыцыяту. Разам з гандлем К. займалася ліхвярствам і водкупам. Пасля Вялікіх геагр. адкрыццяў яго гандл. дзейнасць пашырылася на краіны Амерыкі, Азіі, Афрыкі; ствараліся вял. гандл. кампаніі, што імкнуліся ўстанавіць гандл. манаполію і нават ваенна-паліт. панаванне ў цэлых краінах і раёнах свету: брыт. (1600—1858) і нідэрл. (1602—1798) Ост-Індскія, Рас.-Амерыканская (1799—1868). У 16—18 ст. К. спалучала гандл. і крэдытна-пазыковыя аперацыі з прадпрымальніцтвам у прам-сці. У развітым капіталіст. (рыначным) грамадстве купецкі (гандлёвы) капітал паступова страціў самаст. ролю і ператварыўся ў адасобленую частку прамысл. капіталу, a К стала часткай прадпрымальнікаў. Купцы традыц. тыпу, што вядуць самаст. гандаль, захаваліся пераважна ў рознічным гандлі, аднак самі тэрміны «Κ.» і «купец» цяпер у бел. мове амаль не ўжываюцца.
Ва ўсх. славян К. пачало фарміравацца ў 9—10 ст. пераважна з княжацкіх дружыннікаў, якія ўдзельнічалі ў зборы даніны і яе збыце на знешніх рынках. Плаванне купецкіх караванаў са стараж.-рус. цэнтраў, у т.л. Полацка, у Візантыю апісана ў творы Канстанціна VII Багранароднага «Аб кіраванні імперыяй» (сярэдзіна 10 ст.). Гандаль Кіеўскай Русі з Візантыяй рэгуляваўся дагаворамі 911, 944, 971. Фарміраванню К. значна спрыялі міжнар. гандлёвыя камунікацыі: шлях «з варагаў у грэкі», заходнядзвінскі, дняпроўска-бугскі шляхі. З 11 ст. К. папаўнялася з гар. і сельскіх рамеснікаў. Гандлем займаліся таксама манахі, вольныя сяляне, пазней і залежныя ад феадалаў людзі і нават халопы, якія выконвалі даручэнні сваіх уладальнікаў. З бел. гарадоў у пісьмовых крыніцах 12—14 ст. найлепш асветлена дзейнасць К. Полацка і Віцебска. Паводле дагавора 1229 і інш. дагавораў полацкіх князёў К. Полацка і Віцебска магло свабодна гандляваць у Рызе, Любеку, на Готландзе. Дзейнасці К. спрыяла ўвядзенне з канца 14 ст. ў бел. гарадах магдэбургскага права. К. адыгрывала вядучую ролю ў сац. жыцці гарадоў, яго прадстаўнікі ўваходзілі ў органы гар. самакіравання. У 16—17 ст. бел. К. падтрымлівала гандл. сувязі з Рыгай, Краляўцом (Кёнігсбергам), Канстанцінопалем, гарадамі Польшчы, Расіі, Украіны, Венгрыі і інш. На Захад бел. купцы вывозілі пераважна вял. партыі футра, воску, сырых і вырабленых скур, пянькі, хмелю; прывозілі дарагую тканіну, метал. і шкляныя вырабы, паперу, галантарэю, спецыі. Пашыраным заняткам было і ліхвярства. Пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. гандл. дзейнасць купцоў Беларусі заняпала. У Расіі К. як гандл.-прамысл. гар. саслоўе аформлена ў 1775 і 1785. У адпаведнасці з Даравальнай граматай гарадам 1785 К. падзялялася на 3 гільдыі. Большасць бел. купцоў была аднесена да самых бедных — у 3-ю гільдыю. Купцы карысталіся асабістымі і гасп. прывілеямі (асабліва 1-я і 2-я гільдыі), плацілі падаткі ў казну, да 1898 карысталіся пераважным правам на заняткі прадпрымальніцтвам. У 1863 скасавана 3-я гільдыя і доступ у К. стаў адкрытым прадстаўнікам інш. саслоўяў. У 1840 у Беларусі гільдзейскіх купцоў было 1078 чал., у 1860—1650 чал., у 1897—18 282 чал. (у Рас. імперыі — 225,6 тыс. чал.). Як саслоўе К. скасавана 23.11.1917.
Літ.:
Преображенский А.А., Перхавко В.Б. Купечество Руси, IX—XVII вв. Екатеринбург, 1997;
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1975;
Швед В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830—1850-е гг). Гродно, 1995;
Торговля, промышленность и город в России XVII — начала XIX в.: Сб. ст. М., 1987.
т. 9, с. 36