род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашырана ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі, у Паўн. Амерыцы і Паўд. Афрыцы. На Беларусі 2 віды: К. зборная (D. glomerata, нар. назва псіўлюй) і К шматшлюбная (D. polygama). Трапляецца на лугах, лясных палянах, уздоўж дарог.
К. зборная — шматгадовая травяністая рыхлакустовая расліна выш. да 125 см з кароткапаўзучым карэнішчам, шматлікімі сцёбламі і прыкаранёвым лісцем, утварае дзярніну. Лісце шырокалінейнае, вострашурпатае. Суквецце — густая аднабокая мяцёлка. Каласкі цесна скучаныя з 3—6 кветкамі. Плод — падоўжана-яйцападобная зярняўка. Сенажатная і кармавая расліна, уведзена ў культуру ў 19 ст.