КУПЛЕ́Т
(франц. couplet),
частка песні, якая адпавядае адной страфе паэт. тэксту. З інш. строфамі тэксту муз. пабудова паўтараецца дакладна або з рознымі зменамі і ўтварае т.зв. куплетную форму — структурную аснову большасці нар. песень і прафес. твораў песеннага жанру. Пры наяўнасці паэт. рэфрэна К. падзяляецца на запеў і прыпеў (2-часткавая муз. форма). Уласцівае песеннаму фальклору бел. і інш. народаў вар’іраванне К. вядзе да ўтварэння куплетна-варыяцыйнай формы. У множным ліку куплеты — песенны жанр, адметны лёгкім, жартаўлівым, часам сатыр. зместам і даступнасцю, запамінальнасцю мелодыкі. Найб. пашыраны ў эстр. мастацтве, аперэце, часам і ў оперы, напр., куплеты Трыке з «Яўгена Анегіна» П.Чайкоўскага, Мефістофеля з «Фауста» Ш.Гуно. У бел. музыцы рысы К. маюць песня Дзяніса Давыдава з 3-й дзеі оперы «Надзея Дурава» А.Багатырова, шэраг зонгаў з оперы «Матухна Кураж» С.Картэса.
т. 9, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)