Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІГО́НЬ

(франц. vigogne),

1) рыхлая пушыстая пража з сумесі бавоўны ці яе адходаў i шарсцяных ачоскаў.

2) Тканіна з такой пражы.

т. 4, с. 140

ВІГУ́РСКАЯ Галіна Васілеўна

(28.6.1909, с. Юлінцы Вінніцкай вобл., Украіна — 1.8.1990),

украінская перакладчыца, літ.-знавец. Скончыла ін-т педагогаў для дашкольнікаў пры Кіеўскім ун-це (1936). Даследавала ўкр.-бел. літ. і культ. ўзаемасувязі. Пераклала на ўкр. мову асобныя творы Я.Коласа, П.Броўкі, М.Гарэцкага, У.Карпава, І.Шамякіна, М.Лынькова, В.Быкава, І.Мележа, Я.Брыля, п’есы К.Крапівы, В.Вольскага і інш.

т. 4, с. 140

ВІД,

асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.

Паняцце віда ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віда ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віда і відаўтварэння заклаў Ч.Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.

т. 4, с. 140

ВІДАДЗІ́ Мала Велі

(1709, г. Шамхор, Азербайджан — 1809),

азербайджанскі паэт. Адзін з заснавальнікаў нац. рэалістычнай паэзіі. Служыў у груз. правіцеля Іраклія II. Паслядоўнік Фізулі. Ведаў араб. і перс. мовы. Валодаў усімі формамі класічнай паэзіі, зацвердзіў у нац. л-ры найб. блізкую да фальклору ашугскую форму вершаскладання — гошма. У сваіх творах выказваў незадаволенасць феад. парадкамі, асуджаў міжусобныя войны.

т. 4, с. 140

ВІ́ДАЛ

(Vidal) Гор (н. 3.10.1925, Вест-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі пісьменнік. Аўтар раманаў «Уіліва» (1946), «Юліян Адступнік» (1964), «Стварэнне» (1981), «Галівуд» (1990) і інш.; п’ес «Візіт на малую планету» (1956), «Вечар з Рычардам Ніксанам» (1972). Піша кіна- і тэлесцэнарыі, эсэ і крытычныя артыкулы. Перавагу аддае маст. асэнсаванню гіст. асоб і падзей. Дакументальны пачатак спалучае з сац. аналізам, гіст. стылізацыю — з сатырай, псіхалагізм — з натуралістычнымі тэндэнцыямі.

Тв.:

Рус. пер. — Вице-президент Бэрр. М., 1977;

Юлиан. СПб., 1994.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 140

ВІДА́ЛЬ ДЭ ЛА БЛАШ

(Vidal de la Blache) Поль (22.1.1845, г. Пезнас, Францыя — 5.4.1918),

французскі географ; заснавальнік франц. геагр. школы. Даследаванні ў галіне фіз. геаграфіі і геаграфіі насельніцтва. Аўтар вял. атласа па геаграфіі і гісторыі свету (карты па стараж., сярэдніх вякоў і новай гісторыі, геаграфіі мацерыкоў і краін). Навук. працы абагульнены ў кн. «Прынцыпы геаграфіі чалавека» (1922). Па яго ідэі і пад яго кіраўніцтвам пачата падрыхтоўка шматтомнай працы па сусветнай геаграфіі.

т. 4, с. 140

ВІ́ДАМЛЯ,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Брэст—Камянец і Высокае—Пружаны Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на Пд ад г. Камянец, 30 км ад Брэста, 25 км ад чыг. ст. Жабінка. 1037 ж., 305 двароў (1996). Племсаўгас «Відамля», газаразмеркавальная станцыя, млын. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі.

т. 4, с. 140

ВІ́ДАР

(Vidor) Кінг Уоліс (8.2.1894, г. Галвестан, штат Тэхас, ЗША — 1.11.1982),

амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Пасля вучобы ў Ваен. акадэміі ў Тэхасе пачаў здымаць сюжэты для кінахронікі (1913). З 1917 у Галівудзе. З 1923 у фірме «Метро-Голдвін-Маер», дзе паставіў практычна ўсе свае фільмы. Яны з’явіліся этапам у развіцці рэаліст. кірунку ў амер. кінамастацтве: «Вялікі парад» (1925), «Натоўп» (1928), «Хлеб наш надзённы» (1934), «Цытадэль» (1938, паводле аднайм. рамана А.Кроніна), «Вайна і мір» (1956; паводле Л.Талстога; разам з італьян. кінематаграфістамі). Пасля 1959 ставіў кароткаметражныя эксперым. фільмы. Спец. прэмія «Оскар» 1978.

т. 4, с. 140

ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,

карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.

Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.

Літ.:

Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;

Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр. М., 1964.

В.В.Валяўка.

т. 4, с. 140

ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.

т. 4, с. 141