АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр аварота; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось аварота. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам аварота вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).
т. 1, с. 60
АВА́РСКАЕ ХА́НСТВА,
феад. дзяржава ў цэнтр. ч. Дагестана ў канцы 12—19 ст. са сталіцай Хунзах. Утварылася на месцы сярэдневяковага «царства» Серыр. Пры Ума-хане (п. 1634) буйное самаст. ўладанне. Найб. магутнасці дасягнула ў 18 ст. З 16 ст. неаднаразова было пад пратэктаратам Расіі, у 1803 увайшло ў яе склад. У 1820—50-я г. ўваходзіла ў імамат. У 1864 Аварскае ханства ліквідавана рас. урадам і пераўтворана ў Аварскую акругу.
т. 1, с. 60
АВА́РСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (авара-андацэзская падгрупа). Пашырана на З Дагестана. Мае 2 групы дыялектаў: паўночную — зах. (салатаўскі), усх. і хунзахскі (цэнтр.) дыялекты; паўднёвую — андалальскі, гідскі, анцухскі, карахскі, батлухскі, закатальскі дыялекты. Аснова літ. мовы — т.зв. болмац («нар. мова»), сродак вусных зносін паміж носьбітамі розных дыялектаў.
Асаблівасць грамат. ладу — складаная сістэма скланення (да 20 склонаў), адсутнасць катэгорыі асобы ў дзеясловах, эргатыўныя канструкцыі. Пісьменства на аснове араб., з 1928 лац., з 1938 рус. графікі.
Літ.:
Чикобава А., Церцвадзе И. Аварский язык. Тбилиси, 1962.
т. 1, с. 60
АВА́РЦЫ
(саманазва маарулал),
народ у Дагестане. 496 тыс. чал.; у іншых рэгіёнах Рас. Федэрацыі і краінах СНД 601 тыс. чал. (1989). Гавораць на аварскай мове. Паводле веравызнання мусульмане-суніты.
т. 1, с. 60
АВА́РЫ,
саюз качавых мангола- і цюркамоўных плямёнаў. Паходжанне дакладна не вядома. У сярэдзіне 6 ст. авары ўварваліся з Азіі ў стэпы Зах. Прыкаспія, Паўн. Прычарнамор’е, на землі па Дунаі і на Балканы. Пасля разгрому гепідаў і міграцыі лангабардаў у Італію занялі тэр. Паноніі, дзе да 568 утварылі сваё дзярж. аб’яднанне — Аварскі каганат. На чале яго стаяў каган, якому падначальваліся ў ваен. адносінах плямёны. Авары чынілі навегі на Візантыю (581), франкаў (571 і 596), Ламбардыю (610) і інш. Найб. магутнасці каганат дасягнуў у час праўлення хана Баяна (п. 630). У 2-й пал. 8 ст. ў авараў шукалі дапамогі і саюзу саксонцы і баварцы супраць Карла Вялікага. У войнах з франкамі (791—803) Аварскі каганат быў знішчаны, пасля 822 звесткі пра авараў знікаюць з гісторыі. У рус. летапісах авараў называлі обрамі.
т. 1, с. 60
АВАРЫ́ЙНАГА ВЫРАТАВА́ННЯ СІСТЭ́МА ў касманаўтыцы, бартавая сістэма для выратавання экіпажа касм. карабля ў выпадку аварыі ракеты-носьбіта. Пры аварыі на старце і на пачатковым участку палёту забяспечвае катапультаванне касманаўтаў з касм. карабля з наступным спускам іх на парашутах або аварыйнае аддзяленне спускальнага апарата і адвод яго ад ракеты-носьбіта на бяспечную адлегласць (з дапамогай спец. ракетнага цвердапаліўнага рухавіка) з далейшым прызямленнем апарата з экіпажам на парашуце. Пры аварыі ракеты-носьбіта на вял. вышынях выратаванне экіпажа ажыццяўляецца аддзяленнем спускальнага апарата (ці ўсяго касм. карабля) ад ракеты-носьбіта з наступным палётам яго па траекторыі спуску і тармажэннем у атмасферы і пасадкай. Для памяншэння перагрузак выкарыстоўваецца кіроўны спуск з аэрадынамічнай якасцю.
т. 1, с. 60
АВАРЫ́ЙНЫ ВЫ́КІД у экалогіі, ненаўмысны выкід забруджвальных рэчываў у прыроднае асяроддзе пры аварыях на прамысл. прадпрыемствах, ачышчальных збудаваннях і інш. тэхн. сістэмах. Па характары блізкі да залпавага выкіду. Можа ствараць небяспечныя рэгіянальныя экалагічныя сітуацыі (катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, аварыі трубаправодаў, буйных нафтаналіўных танкераў), часцей выклікае лакальнае забруджванне. Вынікам аврыйнага выкіду з Чарнобыльскай АЭС было суцэльнае і плямістае забруджванне земляў Беларусі, Украіны і далёкіх тэрыторый.
т. 1, с. 60
АВА́РЫЯ
(італьян. avaria),
1) нечаканы выхад са строю тэхн. сістэмы, машыны, судна, самалёта і інш., іх пашкоджанне. Найб. частыя прычыны аварыі — адступленні ад нормаў тэхнікі бяспекі або парушэнні правілаў эксплуатацыі абсталявання, будынкаў, машын, тэхн. сістэм, памылкі ў іх праектаванні і тэхн. рэалізацыі. Буйныя аварыі на прадпрыемствах хім. і ядзернай прам-сці, транспарце (марскім, трубаправодным) могуць суправаджацца экалагічна небяспечнымі аварыйнымі выкідамі і чалавечымі ахвярамі.
2) Перан. — непрадбачанае парушэнне ў ходзе якой-н. справы; няўдача, няшчасце.
т. 1, с. 60
АВАСКО́П
(ад лац. ovum яйцо + ...скоп),
прылада для вызначэння якасці яец прасвечваннем, а таксама для кантролю за развіццём зародка ў час інкубацыі.
т. 1, с. 60