Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІРГА́ЦЫЯ

(ад лац. virga галінка),

1) у геамарфалогіі разгалінаванне горных хрыбтоў у адным напрамку. Звычайна паўтараецца некалькі разоў (напр., віргацыя Алайскага хр. ў зах. напрамку).

2) У тэктоніцы веерападобнае разыходжанне складак горных парод пры апусканні складкавай зоны і затуханні складкавасці. Назіраецца звычайна на перыферыі складкавых гор, напр. на З Цянь-Шаня. Пры віргацыі складкі разыходзяцца ў адным або процілеглых напрамках, злучаюцца на канцах (міндалепадобна) або збліжаюцца (злучаюцца) у цэнтр. зоне. Адрозніваюць свабодную віргацыю і вымушаную (пры абцяканні перашкоды).

т. 4, с. 190

ВІРГІ́НІЯ,

Вірджынія (Virginia), штат на У ЗША. Уваходзіць у групу Паўднёва-Атлантычных штатаў. Пл. 109,6 тыс. км², нас. 6,49 млн. чал. (1993). Адм. ц.г. Рычманд, інш. значныя гарады і порты: Норфалк, Ньюпарт-Ньюс, Хэмптан, Віргінія-Біч. На ПнУ у межах штата прыгарадная зона сталіцы ЗША — г. Вашынгтон. Гар. нас. 69,4%. На Ў прыбярэжная забалочаная раўніна. У сушу глыбока ўразаецца Чэсапікскі заліў і эстуарыі рэк. На З невысокія горы Апалачы з хрыбтом Блу-Рыдж (каля 1743 м). У цэнтры — плато Підмант.

Клімат умераны, цёплы і вільготны. Т-ра зімой апускаецца да -9 °C, летам дасягае 38 °C. Гадавая сума ападкаў 800—1200 мм. На схілах гор хваёвыя і мяшаныя лясы. Віргінія — індустрыяльна-аграрны штат. Здабыча вугалю, свінцу, буд. матэрыялаў. Развіта хім. (вытв-сць хім. валокнаў, мінер. угнаенняў і інш.), тытунёвая, тэкст., харч., электронная, цэм., дрэваапр. прам-сць. Буйное ваен. і гандл. суднабудаванне (Норфалк, Ньюпарт-Ньюс, Портсмут). У сельскай гаспадарцы найб. развіта жывёлагадоўля (вытв-сць ялавічыны, малака). Птушкагадоўля. Вырошчваюць тытунь (гал. с.-г. культура), пшаніцу, сою, кукурузу, арахіс, раннюю бульбу, гародніну, яблыкі. Рыбалоўства. На ўзбярэжжы — лоўля вустрыц і крэветак. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны. Развіты турызм.

М.С.Вайтовіч.

т. 4, с. 190

ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́

(Virgin Islands),

Віргінскія брытанскія астравы, уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Уключае ч. Віргінскіх а-воў. Пл. 153 км². Нас. 16,6 тыс. чал. (1991). Адм. ц. і порт Род-Таўн (каля 2,5 тыс. ж.) на в-ве Тартола. Афіц. мова англійская. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Брыт. манарха прадстаўляе губернатар, у кампетэнцыі якога знаходзяцца абарона, унутр. бяспека, знешняя палітыка, дзярж. службы, сістэма правасуддзя. Ён жа ўзначальвае Заканадаўчы і Выканаўчы саветы.

Ва ўладанне ўваходзяць 40 астравоў, населены 16. Найбольшыя Тартола (54,4 км²), Анегада (38,8 км²), Вёрджын-Горда (21,4 км²). Астравы гарыстыя (г. Сейдж, 540 м), складзены з вапнякоў і крышт. парод. Клімат трапічны, гарачы і вільготны, з 2 засушлівымі сезонамі. Т-ра паветра 17—28 °C (зімой), 26—31 °C (летам). Ападкаў 1270 мм за год, з ліп. да ліст. ўраганы. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных лясоў. Жывуць пераважна негры і мулаты. Больш за 80% насельніцтва на в-ве Тартола. Сярод вернікаў пераважаюць англікане, метадысты, адвентысты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў (каля 50% нац. даходу). Штогод астравы наведваюць каля 200—250 тыс. турыстаў пераважна з ЗША. Прадпрыемствы лёгкай, харч. (выраб рому, перапрацоўка рыбы), буд. матэрыялаў (экспарт жвіру і пяску) прам-сці. Здабыча солі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, какосавыя арэхі, садавіну, агародніну. Пад ворывам каля 2 тыс. га, пад пашай каля 4 тыс. га. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Грашовая адзінка — долар ЗША.

У 1960 абвешчаны асобнай тэрыторыяй, у 1967 атрымалі абмежаванае самакіраванне.

Дзейнічаюць Партыя Віргінскіх а-воў (кіруючая) і Аб’яднаная партыя, 2 прафсаюзы — Асацыяцыя працоўных грамадзян і Асацыяцыя настаўнікаў.

т. 4, с. 191

ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́

(Virgin Islands),

уладанне ЗША у Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Пл. 355 км².

Нас. 104 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Шарлота-Амалія (12,3 тыс. ж., 1990) на в-ве Сент-Томас. Афіц. мова англійская. Дзейнічае Перагледжаны арганічны закон Віргінскіх астравоў, прыняты кангрэсам ЗША у 1954. Агульны нагляд за астравамі ажыццяўляе мін-ва ўнутр. спраў ЗША. Выканаўчая ўлада належыць губернатару (выбіраецца на 4 гады). Паводле рэкамендацый заканад. сходу ён прызначае кіраўнікоў 12 выканаўчых дэпартаментаў і 2 адм. памочнікаў, яны прадстаўляюць яго на а-вах Сент-Джон і Санта-Крус. Аднапалатны заканад. сход складаецца з 15 сенатараў, якія выбіраюцца на 2 гады. Законы, прынятыя ім, зацвярджаюцца губернатарам. З 1973 астравы маюць 1 дэпутата (без права голасу) у палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША.

Уладанне ўключае больш за 50 астравоў і рыфаў, найб. з іх Санта-Крус (218 км²), Сент-Томас (83 км²), Сент-Джон (52 км²). Астравы гарыстыя (г. Краўн, 474 м), складзены з вапнякоў і вулканічных крышт. парод. Т-ра паветра 21—29 °C (зімой), 24—31 °C (летам). Ападкаў 1200 мм за год, летам і восенню частыя ўраганы. Захаваліся ўчасткі трапічных лясоў, асабліва на в-ве Сент-Джон, 2/3 тэр. якога займае аднайменны нац. парк. Мясцовае насельніцтва — негры і мулаты (больш за 80%), жывуць таксама пуэртарыканцы, выхадцы з ЗША і інш. Найб. населены а-вы Санта-Крус (50,1 тыс. чал.) і Сент-Томас (48,2 тыс. чал.). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне замежных турыстаў. Штогод астравы наведвае каля 1,5 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. У прам-сці гал. ролю адыгрываюць прадпрыемствы на в-ве Санта-Крус: нафтаперапрацоўчы (адзін з найб. у свеце, магутнасць 36,4 млн. т за год) і алюмініевы з-ды. Выпрацоўка электраэнергіі каля 1 млрд. кВтгадз штогод. Ёсць прадпрыемствы па зборцы гадзіннікаў з імпартаваных дэталей, па вытв-сці шарсцяных, фармацэўтычных і духмяных вырабаў, рому. Вырошчваюць цукр. трыснёг, садавіну, агародніну, на в-ве Санта-Крус — сорга. Спецыфічная галіна — выраб алею з лаўровага лісця (в-аў Сент-Джон). Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні) і рыбалоўства (каля 1 тыс. т штогод). Транспарт аўтамаб. і марскі. 2 міжнар. аэрапорты. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Гісторыя. Адкрыты Х.Калумбам у 1493. Першыя паселішчы засн. ў 1625 на в-ве Санта-Крус англ. і франц. каланістамі. У розны час гэтым востравам валодалі англічане, французы, іспанцы і Мальтыйскі ордэн. У 1733 куплены Даніяй, афіцыйна абвешчаны яе калоніяй у 1754. У 1672 і 1683 датчане каланізавалі таксама а-вы Сент-Томас і Сент-Джон. У час дацкага панавання в-аў Сент-Томас ператвораны ў цэнтр гандлю, у т. л. рабамі, в-аў Сент-Джон заняты плантацыямі цукр. трыснягу, на якіх выкарыстоўвалася праца рабоў. За час існавання рабства (да сярэдзіны 19 ст.) на астравы завезена 28 тыс. неграў-рабоў. Данія валодала Віргінскімі астравамі да 1917 (за выключэннем перыяду напалеонаўскіх войнаў 1799—1815), потым прадала іх ЗША за 25 млн. долараў.

Дзейнічаюць аддзяленні Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША, а таксама Рух незалежных грамадзян, Прагрэс. рэсп. партыя і Аб’яднаная нар. партыя, якая выступае за незалежнасць Віргінскіх астравоў.

т. 4, с. 191

ВІРДЖЫНІЯ

(Virginia),

штат ЗША, гл. Віргінія.

т. 4, с. 191

ВІ́РДУНГ,

Фірдунг (Virdung) Себасцьян (вядомы таксама як Гроп; Grop; 19 ці 20.1.1465 — ?), нямецкі муз. тэарэтык, кампазітар, спявак. Вучыўся ў Гейдэльбергскім ун-це (відаць, з 1483). З 1506 спявак пры двары герцага Вюртэмбергскага, з 1507 кантар сабора ў Канстанцы. У 1511 (верагодна) служыў у Базелі. Аўтар аднаго з першых трактатаў на ням. мове «Музыка, вывучаная і сцісла выкладзеная Себасцьянам Фірдунгам...» (Базель, 1511; перакладзены на некалькі моў), у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра муз. інструменты, выкладзены прынцыпы натацыі і муз. выканальніцтва. Захаваліся «Гімн дзеве Марыі» на 4 галасы, чатыры 4-галосыя песні.

т. 4, с. 191

ВІ́РКАЎ,

вёска ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г.п. Клічаў, 113 км ад Магілёва, 6 км ад чыг. ст. Тачанка. 467 ж., 200 двароў (1996). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 191

ВІРО́ІДЫ,

вірусападобныя інфекц. агенты, якія ўяўляюць сабой нізкамалекулярную адналанцужковую кальцавую рыбануклеінавую кіслату і ў якіх адсутнічае антыгенная актыўнасць. У адрозненне ад вірусаў не маюць вірыённай стадыі, устойлівыя да процівірусных прэпаратаў, награвання, ультрафіялетавых прамянёў. Выклікаюць хваробы жывёл (скрэйпі авечак, энцэфалапатыі норак і інш.) і раслін (верацёнападобнасць клубняў бульбы, экзакорпіс цытрусавых, карлікавасць хрызантэм і хмелю, бледнаплоднасць агурка і інш.).

Сімптомы захворванняў, што выклікаюцца віроідамі, падобныя да вірусных хвароб: прыгнечанне росту, хлароз лісця, дэфармацыі. Пры экзакорцісе цытрусавых, напр., кара лускаватая, растрэскваецца і адломліваецца ад ствала. Сцёблы бульбы, пашкоджанай віроідамі, прыгнечаныя, выцягнутыя і прамастойныя, клубні верацёнападобныя з выяўленымі над паверхняй вочкамі і рэзкімі бровамі, ураджай клубняў зніжаецца на 20—70%.

Літ.:

Шелудько Ю.М., Рейфман В.Г. Вироиды — новый класс патогенов. М., 1978.

Ж.В.Блоцкая.

т. 4, с. 191

ВІРСАЛА́ДЗЕ Сімон Багратавіч

(н. 13.1.1909, Тбілісі),

тэатральны мастак. Нар. мастак Грузіі (1958) і СССР (1976). Акад. АМ СССР (1975). Вучыўся ў Тбіліскай (1926) і Ленінградскай (1928—31) АМ, Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це ў Маскве (1927—28). Гал. мастак Т-ра оперы і балета імя 3.Паліяшвілі ў Тбілісі (1932—36) і Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава (1940—41, 1945—62). Яго работы ў афармленні оперных і балетных спектакляў адметныя ўменнем ствараць абагульнены вобраз, які адпавядае эмацыянальнай палітры музыкі: оперы «Даісі» Паліяшвілі, «Сям’я Тараса» Дз.Кабалеўскага, балеты «Спартак» А.Хачатурана, «Ангара» А.Эшпая, «Раймонда» А.Глазунова і інш. Аўтар касцюмаў для фільмаў «Гамлет», «Кароль Лір». Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1977, Ленінская прэмія 1970.

т. 4, с. 191

ВІРСАЛА́ДЗЕ Элісо Канстанцінаўна

(н. 14.9.1942, Тбілісі),

грузінская піяністка. Нар. арт. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966, клас А.Вірсаладзе), З 1959 салістка Тбіліскай, з 1977 — Маскоўскай філармоній. З 1967 выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі. Глыбокі і тонкі інтэрпрэтатар твораў В.А.Моцарта. У рэпертуары таксама творы кампазітараў-рамантыкаў. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Р.Шумана (Цвікаў, ГДР, 1966), імя П.І.Чайкоўскага (1962, Масква), Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1966). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 4, с. 192