Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ПЕР Роберт Юр’евіч

(14.7.1859, Масква — 30.12.1954),

рускі гісторык. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе (1894—97), Маскоўскага ун-та (1897—1922, 1941—50), Латв. ун-та ў Рызе (1924—41), Маскоўскага ін-та філасофіі, л-ры і гісторыі (1941). З 1943 у Ін-це гісторыі АН СССР. Аўтар шматлікіх прац (у т. л. падручнікаў) па ўсеагульнай гісторыі ад антычнасці да пач. 20 ст., па метадалогіі гісторыі («Нарысы тэорыі гістарычнага пазнання», 1911, і інш.), па гісторыі хрысціянства («Узнікненне хрысціянскай літаратуры», 1946; «Рым і ранняе хрысціянства», 1954). У адзінай працы па рус. гісторыі «Іван Грозны» (1922) на сусв. фоне прааналізаваў падзеі ў Расіі 16 ст.

т. 4, с. 190

ВІПСА́НІЙ Агрыпа Марк, гл. Агрыпа Марк Віпсаній.

т. 4, с. 190

ВІР,

рака ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 81 км². Пачынаецца каля в. Савічы, цячэ праз азёры Плавун і Вяхава. У верхнім і сярэднім цячэнні часткова каналізаваная.

т. 4, с. 190

ВІР,

возера ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Сож, за 4 км на ПнУ ад г. Чачэрск. Пл. 0,2 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 200 м. Поймавае. Усходнія схілы катлавіны пад лесам, зах. пад хмызняком. Праз возера цячэ р. Курынка, якая злучае яго з воз. Вілія, на Пн упадаюць меліярац. каналы.

т. 4, с. 190

ВІР,

водаварот, кругавы лейкападобны рух вады ў паверхневым слоі на асобных участках вадаёмаў або рэк. Узнікае пры зліцці плыняў вады, пры абцяканні выступаў берага або пры рэзкім расшырэнні рэчышча. Можа быць пастаянным або часовым. Марскія віры ўтвараюцца ў месцах сутыкнення прыліўна-адліўных хваль з цячэннямі. Вір — небяспечнае месца; на тэр. Беларусі вада ў віры доўга не замярзае.

т. 4, с. 190

ВІ́РА,

вера, у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.

т. 4, с. 190

ВІРА́Ж

(франц. virage),

1) паварот.

2) Фігура пілатажу — поўны разварот лятальнага апарата ў гарыз. плоскасці.

3) Хім. раствор для надання пэўнага колеру чорна-белым фатаграфічным здымкам.

т. 4, с. 190

ВІРАЛЕ́

(франц. virelai ад virer кружыцца),

шасцірадковая страфа, інтанацыйна падзеленая на 2 трохрадкоўі. Першыя 2 радкі трохрадкоўя звязаны парнай рыфмай, 3-і кароткі радок рыфмуецца з 6-м, таксама ўкарочаным.

Узнікла ў старафранц. паэзіі. У бел. паэзіі дакладна вытрымана страфічная будова вірале ў вершы Я.Купалы «З летніх малюнкаў». Вірале называюць таксама 9-радковы верш з рыфмоўкай аБааБааБа.

т. 4, с. 190

ВІРА́САЎ Георгій Пятровіч

(н. 8.7.1940, в. Хлебнікава Маскоўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў БПІ (1962). З 1962 у Ін-це торфу АН Беларусі. Навук. даследаванні па распрацоўцы тэхналогіі і абсталявання для здабычы і перапрацоўкі торфу і сапрапеляў, вытв-сці комплексных грануляваных угнаенняў на гэтай аснове, аднаўленні заглееных вадаёмаў.

Тв.:

Торф на удобрение. Мн., 1983 (у сааўт.);

Комплексные гранулированные удобрения на основе торфа. Мн., 1988.

т. 4, с. 190

ВІ́РАЎЛЯ,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад г. Гарадок, 74 км ад Віцебска, 11 км ад чыг. ст. Бычыха. 362 ж., 148 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў і партызан.

т. 4, с. 190