ВІ́ПЕР Роберт Юр’евіч
(14.7.1859, Масква — 30.12.1954),
рускі гісторык. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе (1894—97), Маскоўскага ун-та (1897—1922, 1941—50), Латв. ун-та ў Рызе (1924—41), Маскоўскага ін-та філасофіі, л-ры і гісторыі (1941). З 1943 у Ін-це гісторыі АН СССР. Аўтар шматлікіх прац (у т. л. падручнікаў) па ўсеагульнай гісторыі ад антычнасці да пач. 20 ст., па метадалогіі гісторыі («Нарысы тэорыі гістарычнага пазнання», 1911, і інш.), па гісторыі хрысціянства («Узнікненне хрысціянскай літаратуры», 1946; «Рым і ранняе хрысціянства», 1954). У адзінай працы па рус. гісторыі «Іван Грозны» (1922) на сусв. фоне прааналізаваў падзеі ў Расіі 16 ст.
т. 4, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)