Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІЦУ́НДА-МЮСЕ́РСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Абхазіі, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Засн. ў 1966 на базе Піцундскага (з 1926) і Мюсерскага (1964) участкаў з мэтай захавання рэліктавых гаёў, дуброў, водна-балотных комплексаў. Пл. 3761 га. Рэльеф слабахвалісты раўнінны, горны, расчлянёны далінамі рэк. Гай рэліктавай эндэмічнай хвоі піцундскай (адзіны ў свеце) і самшыту. Дубровы. Шыракалістыя лясы з граба каўказскага, бука ўсходняга, каштана звычайнага (ядомага), лапіны, вольхі, сунічнага дрэва. У падлеску падуб, мушмула, барбарыс, кізіл, рададэндран пантыйскі, плюшчы і інш. У фауне звычайныя казуля, дзік, барсук, куніца, вавёрка, фазан і інш.

т. 12, с. 394

ПІЦЭ́НЫ, піцэнты (лац. piceni),

старажытнае італійскае племя, якое па мове адносілася да оска-умбраў. Жылі ва ўсх. частцы Італіі (вобл. Піцэн). Лічаць, што П. перасяліліся ў Італію ў пач. жал. веку. Змяшаўшыся са стараж. насельніцтвам Піцэна, стварылі своеасаблівую культуру Навілара (9—7 ст. да н.э.).

У 269—268 да н.э. заваяваны рымлянамі; нязначную частку П., якія жылі на Пд Кампаніі, рымляне адцяснілі ў Луканію да Пестума.

т. 12, с. 394

ПІЦЭ́ЦІ ((Pizzetti) Ільдэбранда) (20.9.1880, г. Парма, Італія — 13.2.1968),

італьянскі кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл. Італьян. акадэміі (з 1939). Скончыў Пармскую кансерваторыю (1901), з 1907 яе праф. З 1908 праф. фларэнційскага муз. ін-та, з 1917 яго дырэктар. З 1924 дырэктар Міланскай кансерваторыі, у 1936—58 праф. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, у 1948—51 яе прэзідэнт. Імкнуўся адрадзіць нац. асновы італьян. музыкі, выкарыстоўваў традыцыі нар. песні, грыгарыянскага харала, музыкі італьян. Адраджэння і барока. Сярод твораў: больш за 10 опер, у т.л. «Федра» (паст. 1915), «Чужаземец» (паст. 1930), «Каліёстра» (паст. 1953), «Забойства ў саборы» (паст. 1958), «Клітэмнестра» (паст. 1965); балетаў; 2 сімфоній (1914, 1940); канцэртаў для інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; хораў; музыкі для пастановак п’ес Г. Д’Анунцыо, Эсхіла, Сафокла, У.​Шэкспіра, К.​Гальдоні і інш. Аўтар кн. «Грэчаская музыка», «Сучасная музыка» (абедзве 1914), «Паганіні» (1940) і інш.

Літ.:

Богоявленский С. Итальянская музыка 1-й половины XX в.: Очерки. Л., 1986.

т. 12, с. 394

ПІЧ ((Pič) Ёзаф) (19.1.1847—19.12.1911),

чэшскі археолаг, этнограф, гісторык. З 1893 кіраваў археал. аддзелам Нар. музея ў Празе, праводзіў раскопкі у Сярэдняй Чэхіі. Шэраг прац прысвяціў гісторыі славян у т. л. гісторыі Расіі. Прапагандаваў ідэі адзінства слав. народаў. Гал. праца П. «Старажытнасці Чэхіі» (ч. 1—3, 1899—1909) — агляд археал. матэрыялаў Чэхіі ад часоў палеаліту да 13 ст.; лічыў, што славяне засялілі Чэхію ў бронзавым веку.

т. 12, с. 394

ПІЧЭ́ТА (Уладзімір Іванавіч) (21.10.1878, г. Палтава, Украіна —23.6.1947),

бел. гісторык-славіст. Акад. АН БССР (1928), АН СССР (1946, чл.-кар. 1939). Д-р н. (1918), засл. праф. Бел. рэспублікі (1926), засл. дз. нав. Узб. ССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1901). У 1910—11 прыват-дацэнт, у 1918—22 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў і старшыня праўлення Бел. навук.-культ. т-ва ў Маскве (1918—19), чытаў курс лекцый «Гісторыя беларускага народа» ў Бел. нар. ун-це ў Маскве. Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маск. камісію па арганізацыі БДУ, з ліп. 1921 першы рэктар БДУ. Адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і АН БССР, архіўнай справы ў БССР. Чл. ЦВК БССР у 1921—30. 13.9.1930 П. арыштаваны па т.зв. «акадэмічнай справе». У жн. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Вятка, у чэрв. 1934 месца ссылкі заменена на г. Варонеж, дзе ён працаваў прафесарам у пед. ін-це. У 1935 справа П. перагледжана, ён пераехаў у Маскву, выкладаў у ВНУ. З 1937 працаваў у Ін-це гісторыі АН СССР, дзе з 1939 узначальваў сектар славяназнаўства, адначасова быў заг. кафедры зах. і паўд. славян Маскоўскага ун-та. У 1941 разам з ін-там эвакуіраваны ў Ташкент. У 1946 разам з акад. Б.​Дз.​Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Ін-та славяназнаўства АН СССР. Даследаваў праблемы гісторыі Беларусі, ВКЛ і Расіі 16—20 ст., Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. Вял. значэнне надаваў прапагандзе і папулярызацыі бел. мовы і л-ры.

Тв.:

История крестьянских волнений в России. Мн., 1923;

Гісторыя Беларусі. Ч. 1. М.; Л., 1924;

Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. М., 1940;

Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;

Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;

Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мн., 1991.

Літ.:

Славяне в эпоху феодализма: 100-летию В.​И.​Пичеты. М., 1978;

Академик В.​И.​Пичета: Страницы жизни. Мн., 1981;

В.​И.​Пичета: Биобиблиогр. указ. Мн., 1978;

Брачев В.С. «Дело историков» 1929—31. СПб., 1997;

Иоффе Э.Г. Академик В.​И.​Пичета (1878—1947) // Новая и новейшая история. 1996. №5.

В.​І.​Вернігораў.

У.І.Пічэта.

т. 12, с. 394

ПІ́ШУЧАЯ МАШЫ́НКА, друкавальная машынка,

прылада для друкавання тэкставых, таблічных і лічбавых матэрыялаў паслядоўным нанясеннем на паперу адбіткаў літар, лічбаў і інш. знакаў.

Сканструявана К.​Шолсам (ЗША) у 1867. У Расіі арыгінальную мадэль П.м. прапанаваў М.​І.​Алісаў у 1870. Падзяляюцца на канцылярскія (стандартныя), спецыяльныя (для друкавання нот, рэльефных знакаў азбукі Брайля для сляпых, стэнаграфічныя і інш.). Бываюць з ручным і эл. прыводам. Друкаванне праводзіцца пры дапамозе клавіятуры з 42—46 клавішаў, якія маюць 2 друкарскія знакі (вялікая і малая літары) на кожным рычагу. Эл. П.м. выкарыстоўваюцца таксама для ўводу і вываду алфавітна-лічбавай інфармацыі ў ЭВМ (гл. Друкавальная прылада).

Пішучая машынка. Схема рычажнага друкавальнага механізма: 1 — клавішны рычаг; 2 — рычажная перадача; 3 — літарны рычаг; 4 — папераапорны валік; 5 — папера; 6 — фарбавальная стужка.

т. 12, с. 395

ПІШЧ (Іван Уладзіміравіч) (н. 21.10.1933, в. Пугачы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі сілікатаў. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1996). Скончыў БПІ (1957). З 1965 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па тэарэт. асновах сінтэзу і вытв-сці керамічных пігментаў і фарбаў для дэкарыравання вырабаў з фарфору і шкла. Прапанаваў новыя кампазіцыі керамічных пігментаў на аснове недэфіцытных прыродных сілікатаў.

Тв.:

Керамические пигменты. Мн., 1987 (разам з Г.​М.​Масленікавай).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 395

ПІШЧА́ЛАВА,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Пачаліца. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад горада і 4 км ад чыг. ст. Орша, 80 км ад Віцебска. 341 ж., 112 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік на месцы, дзе 14.7.1941 быў дадзены першы залп рэактыўных мінамётаў «Кацюша».

т. 12, с. 395

ПІШЧА́ЛЬ,

старажытнаруская назва ружжа і артыл. гарматы канца 14—17 ст.

Знаходзілася на ўзбраенні армій, апалчэнцаў, казакоў і інш. у Расіі, ВКЛ. Выкарыстоўвалася для абароны крэпасцей, пазней у палявым баі. Ручныя П. (ручніцы) былі аднаствольныя і мнагаствольныя (насілі за плячом на рамяні). П.-гарматы падзяляліся на крапасныя, аблогавыя (сценабітныя), палкавыя, палявыя; вырабляліся з жалеза, медзі (бронзы) і чыгуну. Снарады — каменная карцеч, кавалкі жалеза, ядры (маса да 30 кг). Калібр П. — 30—250 мм. Кнотавыя і крамянёвыя П. выкарыстоўваліся да 18 ст.

Пішчалі: 1 — аблогавая на дэкаратыўным лафеце (16 ст.); 2 — «завесная» (насілі за плячом на рэмені) з кнотавым замком (канец 16 ст.).

т. 12, с. 395

ПІШЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі,

сенастаўкі (Ochotonidae, або Lagomyidae),

сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗ Паўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.

Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.

т. 12, с. 395