Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІ́ДЖЫН (ад скажонага англ. business справа),

лексічна і граматычна спрошчаная мова, што ўзнікае з неабходнасці зносін паміж 2 народамі, калі адсутнічае інш. агульны сродак моўнай камунікацыі. Тэрмін з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст. для абазначэння гібрыднай мовы, што склалася і ўжывалася ў зносінах паміж кітайцамі і еўрапейцамі. П. узнікае ў выпадках, дзе назіраецца працяглае ўзаемадзеянне паміж прадстаўнікамі разнамоўных супольнасцей, і з’яўляецца адным з вынікаў моўных кантактаў. Выкарыстоўваецца ў сацыяльна абмежаваных сферах камунікацыі (гандаль, найманне рабочай сілы і інш.). Пашыраны пераважна ў Паўд.-Усх. Азіі, Акіяніі і Афрыцы. Мовы на аснове П., якія сталі роднымі для пэўнага калектыву іх носьбітаў, наз. крэольскімі.

Літ.:

Holm J. Pidgins and Creoles. Vol. 1—2. New Jork, 1988—89.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 349

ПІ́ДМАНТ (Piedmont),

перадгорнае плато, якое прымыкае да ўсх. краю Апалачаў, у ЗША. Выш. ад 40—80 м на У, да 200—400 м на З, шыр. ад 50 да 200 км. Складзена з крышт. і метамарфічных парод. Паверхня слабаўзгорыстая, на ПдУ стромка абрываецца да Прыатлантычнай нізіны. Астанцовыя ўзгоркі дасягаюць выш. 500—700 м. Рэкі, якія перасякаюць усх. край П., утвараюць серыю стром і вадаспадаў. Месцамі захаваліся мяшаныя лясы.

т. 12, с. 349

ПІДО́ПЛІЧКА (Аляксандр Паўлавіч) (10.9.1907, с. Казацкае Звянігародскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 1980),

бел. вучоны ў галіне батанікі і балотазнаўства. Д-р біял. н. (1963). Скончыў Кіеўскі ін-т прафес. адукацыі (1931). У 1945—78 у Ін-це торфу АН Беларусі (з 1947 заг. лабараторыі). Навук. працы па генезісе тарфяных і азёрных адкладаў.

Тв.:

Флора сфагновых (торфяных) мхов Белорусской ССР. Мн., 1948;

Торфяные месторождения Белоруссии: (Генезис, стратиграфия и районирование). Мн., 1961;

Озерные отложения Белорусской ССР: (Генезис, стратиграфия и некоторые качественные особенности). Мн., 1975.

т. 12, с. 349

ПІДУРУТАЛА́ГАЛА,

самая высокая вяршыня на в-ве Шры-Ланка (Цэйлон). Выш. 2524 м, над прылеглымі пласкагор’ямі ўзвышаецца на 500—700 м. Складзена з гранітаў і гнейсаў. Мае купалападобную форму. На схілах — гушчары экватарыяльнага драбналесся, каля падножжа чайныя плантацыі.

т. 12, с. 349