Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІЙ II [Pius; свецкае Пікаломіні (Piccolomini) Энеа Сільвіо; 18.10.1405, г. Піенца, Італія — 15.8.1464],

папа рымскі з 1458. Гуманіст, гісторык, паэт, дыпламат. У 1442 сакратар герм. караля Фрыдрыха III, які назваў П. каралём паэтаў. У 1446 прыняў сан святара, быў епіскапам Трыеста (1447), Сіены (1450). З 1456 кардынал. Змагаўся за ўзмацненне папскай улады, пашырыў тэр. Папскай вобласці. Заклікаў да крыжовага паходу супраць туркаў. Аўтар паэтычных твораў на лац. мове, навел у стылі Дж.​Бакачыо, кніг пра гісторыю г. Базель, Базельскага сабора 1431—49, гісторыю Чэхіі, аўтабіягр. «Каментарыяў» (выд. 1525).

т. 12, с. 351

ПІЙ IX [свецкае Мастаі-Ферэці (Mastai-Ferretti) Джавані Марыя; 13.5.1792, г. Сенігалія, Італія — 7.2.1878],

папа рымскі з 1846. У 1846—47 правёў ліберальныя рэформы ў Папскай вобл., абвясціў амністыю для больш чым 10 тыс. палітзняволеных. У пач. Рэвалюцыі 1848—49 сфарміраваў урад (сак. 1848) з удзелам памяркоўных лібералаў, згадзіўся на абвяшчэнне канстытуцыі, адпраўку войск на аўстра-італьянскую вайну 1848—49. Але ў крас. 1848 асудзіў нац. вайну супраць Аўстрыі, заклікаў да інтэрвенцыі супраць аб’яўленай у Рыме рэспублікі, пакінуў Рым. Вярнуўся ў 1850 пасля падзення рэспублікі, праводзіў рэакц. палітыку. Аўтар «Сілабуса» (пералік грамадска-паліт. і рэліг. рухаў, якія падрываюць аўтарытэт папства). Пры ім скліканы ўсяленскі (I Ватыканскі) сабор (1869—70; гл. Ватыканскія саборы). Пасля ліквідацыі папскай улады над Рымам (1870) адмовіўся прызнаць аб’яднаную італьян. дзяржаву. Кананізаваны Іаанам Паўлам II (2000).

т. 12, с. 352

ПІЙ VII [свецкае К’ярамонці (Chiaramonti) Грэгорыо Луіджы Барнаба; 14.8.1740, г. Чэзена, Італія — 20.8.1823],

папа рымскі з 1800. З 1796 епіскап Імалы, потым кардынал. Сцвярджаў, што дэмакр. прынцыпы не супярэчаць Евангеллю. У 1801 заключыў канкардат з напалеонаўскай Францыяй, у 1804 каранаваў Напалеона імператарскай каронай. З-за супраціўлення некат. патрабаванням Напалеона, у т. л. падтрымаць кантынентальную блакаду, у 1809 арыштаваны, да 1814 у франц. палоне. Адноўлены Венскім кангрэсам 1814—15 у правах свецкага гасудара Папскай вобл., П. VII ажыццяўляў палітыку асветнага абсалютызму; заключыў з шэрагам еўрап. краін канкардаты, выгадныя для каталіцкай царквы. У 1814 аднавіў ордэн езуітаў.

т. 12, с. 352